120 ГАДОЎ ЯЗЭПУ ЛЁСІКУ

Валянціна Аксак, Менск

Атрымліваецца, што двойчы рэабілітаваны (у 1958 і 1988 гадах) цяпер ізноў, як за часы сталінскіх рэпрэсіяў, ахвяраю якіх ён стаўся ў ліку тысяч іншых беларускіх адраджэнцаў, Язэп Лёсік ізноў апынуўся ў забыцьці.

Адзін з ініцыятараў абвяшчэньня Беларускае Народнае Рэспублікі, Язэп Лёсік стаўся ахвяраю самай першае хвалі бальшавіцкіх рэпрэсіяў. Але ў 1922-м яго выратавала заступніцтва наркама асьветы БССР Усевалада Ігнатоўскага. У 1930-м, пасьля арышту і высылкі, акадэміку Лёсіку хоць і забаранілі вяртацца ў Менск да любімае працы, але яшчэ ня зьнішчылі. Той жахлівы дзень настане 1 красавіка 1940 году ў саратаўскай турме.

Разам зь фізычным было і духоўнае вынішчэньне. Але жыве ў Менску чалавек, які памятае Язэпа Лёсіка, бываў у яго дома, адпачываў на ягоным лецішчы ў далёкія 1920-я разам зь ягонымі дзецьмі Юркам, Люцяй і Алесяй. Гэты чалавек — блізкі сваяк славутага беларускага нацыянальнага дзеяча Міхась Міцкевіч. Спадар Міхась — малодшы сын Якуба Коласа, а Язэп Лёсік быў родным дзядзькам паэта. Хаця памяць чатырохгадовага хлапчука захавала пра тыя сустрэчы няшмат:

(Міцкевіч: ) “Я ж памятаю яго, калі ён яшчэ тут быў. Бываў у іх дома. На дачы былі. Там дзеці яго былі…”

Пасьля сям’я Якуба Коласа прытуліла сына рэпрэсаванага Лёсіка. Прыгадвае Міхась Міцкевіч:

(Міцкевіч: ) “Юрка жыў у нас некаторы час. Калі бацьку арыштавалі… Ён вучыўся на электраманцёра. Пасьля ён зь вялікімі цяжкасьцямі скончыў інстытут, бо яго ж за бацьку ўвесь час ганялі. Ён ужо памёр. А да самае сьмерці быў галоўным энэргетыкам Наварасійску. Талковы наагул хлопец быў”.

На радзіме Лёсіка ў вёсцы Мікалаеўшчына ягоныя 120-я ўгодкі не адзначаюцца. Там пра выбітнага земляка няма ніякіх згадак: нават шыльды, ня тое што помніка, ня кажучы ўжо пра музэй. Родная хата, у якой мог быць такі музэй, згарэла ў вайну. Ніякіх адмысловых імпрэзаў у гонар выбітнага навукоўцы, аднаго зь першых беларускіх акадэмікаў ня ладзіцца і ў Нацыянальнай Акадэміі навук.

Вядомы літаратуразнаўца, член-карэспандэнт НАН Міхась Мушынскі сказаў нашаму радыё, што ягоныя калегі нядаўна ўдзельнічалі ў прэзэнтацыі “Слоўніка “Нашай нівы”, дзе і адзначалі ролю Лёсіка ў гісторыі мовазнаўства і літаратуры. Мажліва, у гонар гэтае даты будзе вечарына ў музэі Якуба Коласа.

Але найлепшым ганараваньнем было б выданьне творчае і навуковае спадчыны Лёсіка. Усе ягоныя творы пасьля другога арышту ў 1930 годзе не друкаваліся ажно да часоў гэтак званае галоснасьці. Першым сьцяну маўчаньня прабіў часопіс “Спадчына”, а ў 1994 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” быў выдадзены том выбранага Язэпа Лёсіка. З таго часу больш нічога не выдавалася.