ЖЫВАЯ МОВА: АБАВЯЗАЦЕЛЬСТВА ЦІ (З)АБАВЯЗАНЬНЕ?

Юрась Бушлякоў, Прага

Вытворчыя абавязацельствы, узаемныя абавязацельствы – у сучасным беларускім маўленьні нярэдка ўжываюць назоўнік абавязацельства. Пры тым, што яго фіксуюць савецкія й постсавецкія нарматыўныя слоўнікі, ён быў і застаецца аб’ектам крытыкі ў культурамоўных публікацыях. Крытыка тут – з прычыны калькаванасьці слова. Станіслаў Станкевіч, пішучы гадоў 40 назад пра русіцызмы ў нашай мове, трактаваў абавязацельства як слова “з расейскай структурай”. У расійскай мове, як вядома, мноства назоўнікаў на -тельство: вмешательство, обязательство, строительство й г. д. Для нашай жа мовы словы на -цельства не характэрныя: у адрозьненьне ад расійскай, беларуская не ўспадкавала з царкоўнаславянскай мовы такой словаўтваральнай схемы. Мы можам абысьціся без нетыповай мадэлі й тады, калі называем тое, што некага абавязвае. Іначай кажучы, можам скарыстоўваць на месцы слова абавязацельства другі назоўнік – з тым самым коранем, але традыцыйнай формы. Ідзем проста ад дзеяслова абавязаць. Як ад збудаваць маем збудаваньне, ад пасьведчыць пасьведчаньне, так і ад абавязацьабавязаньне. Поруч зь дзеясловам закончанага трываньня абавязаць у сучасным маўленьні ўжываецца таксама форма забавязаць – з прыстаўкаю з-. Ад гэтай прыстаўкавай формы маем у мове паралельна з абавязаньнем яшчэ й забавязаньне.

Вось жа, калі гаворым пра тое, да чаго нехта абавязаны, або калі маем на ўвазе нейчае добраахвотнае абяцаньне нешта дадаткова зрабіць, карыстаемся заканамерным беларускім словам (з)абавязаньне : фінансавае (з)абавязаньне, узаемныя (з)абавязаньні, перадсьвяточныя (з)абавязаньні.