КАЛЯНДАР СВАБОДЫ

Ул. інф.

Сёньня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваюцца Кузьма і Дзям’ян, якіх нашыя продкі лічылі апекунамі кавалёў, шаўцоў, земляробства і вясельляў. А ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень барацьбы супраць дыябэту.

Гістарычныя даты.

14 лістапада 1812 году каля беларускай вёскі Студзёнка на беразе Бярэзіны пачаўся вялікі бой паміж напалеонаўскай арміяй і расейскім войскам. Бой цягнуўся 3 дні. Французы ўжо адступалі з Расеі й гэтая сеча канчаткова замацавала перамогу расейцаў. Французы й іхныя сюзьнікі згубілі падчас Бярэзінскае апэрацыі 70 тысячаў чалавек, што зрабіла немагчымым далейшыя баявыя дзеяньні Напалеона. А сам імпэратар, кінуўшы, як кажа паданьне, усе свае скарбы недзе ў бярэзінскіх балотах, уцёк проста ў Парыж. Нарабаванае імпэратарам золата ў тутэйшых мясьцінах дагэтуль не дае спакою скарбашукальнікам.

14 лістапада ў розныя гады прыйшлі на сьвет беларускі паэт Паўлюк Багрым, які застаўся ў гісторыі і літаратуры адным вершам, паэт Міхась Васілёк і літаратуразнаўца Міхась Ларчанка. Таксама сёньня спаўняецца 70 гадоў з дня нараджэньня Леаніда Пракопчыка, краязнаўца і пісьменьніка. Пракопчык вандраваў па Беларусі і запісваў народныя паданьні пра паходжаньне назваў вёсак, з чаго потым складаў займальныя кнігі.

Некалькі датаў з календара заўтрашняе суботы.

15 лістапада 1982 году ў Маскве адбываецца пахаваньне Леаніда Брэжнева. Канец савецкай стабільнасьці і хуткі канец эпохі застою. Калі труну Брэжнева апускалі ў магілу, яна абарвалася і з грукатам паляцела ўніз. Брэжнеў стаў дзясятым у шэрагу савецкіх кіраўнікоў, якіх пахавалі ля крамлёўскага муру. Да яго там зьявіліся магілы Сьвердлава, Фрунзэ, Дзяржынскага, Калініна, Жданава, Сталіна, Варашылава, Будзёнага і Суслава.

Сярод славутых людзей сьвету, што нарадзіліся 15 лістапада ў розныя гады, згадаем сёньня ангельскага астранома Ўільяма Гершэля, які адкрыў плянэту Ўран, нямецкага драматурга і паэта, Нобэлеўскага ляўрэата Герхарда Гаўптмана і польскага прэзыдэнта Аляксандра Квасьнеўскага, які прыйшоў на сьвет у 1954 годзе.