15 СУТАК АРЫШТУ ЗА ЎЛЁТКІ

Любоў Лунёва, Менск

Судзьдзі Алена Церашкова і Аляксандар Шылько пакаралі сябра Маладога Фронту Эдуарда Зелянкова, а таксама сябровак фан-клюбу “NRM” Вольгу Вераб’ёву і Алену Скрабунову буйнымі штрафамі — 330 тысяч рублёў кожнаму. Эдуард Зелянкоў студэнт і жыве за кошт бацькоў. Паводле яго, суд насамрэч пакараў бацькоў:

(Зелянкоў: ) “Для студэнта 330 тысяч гэта, канечне, вялікія грошы. Асабліва калі няма за што вучыцца, няма чаго есьці і ўвогуле няма за што жыць… Насамрэч, пакаралі маіх бацькоў, бо яны ж і будуць плаціць гэтыя грошы”.

Учора падчас канцэрту рок-гурту “NRM” міліцыянты затрымалі чатырох чалавек, якія распаўсюджвалі ўлёткі з заклікам далучыцца да моладзевай акцыі, якая мусіць адбыцца 24 лістапада. У аддзеле міліцыі Ленінскага раёну на затрыманых склалі адміністрацыйныя пратаколы за распаўсюд друкаванай прадукцыі без выходных зьвестак і забралі ўлёткі. Міліцыянты паабяцалі, што ўсіх адпусьцяць, а справы для разгляду накіруюць у выканкамы. Але праз тры гадзіны паступіў загад зьнішчыць пратаколы і скласьці новыя — паводле сумнавядомага 167 артыкулу (аб парушэньнях у правядзеньні масавых мерапрыемстваў). Міліцыянты абвінавацілі Артура Фінькевіча, Эдуарда Зелянкова, Алену Скрабунову і Вольгу Вераб’ёву ў закліку ўдзельнічаць у не дазволенай уладамі акцыі.

Ноч затрыманыя правялі ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна. Артур Фінькевіч правядзе там яшчэ два тыдні арышту. Ён лічыць, што ўлады наўмысна арыштавалі яго на 15 сутак, каб ня даць магчымасьці ўдзельнічаць у акцыі. Тым больш, што ягоны подпіс стаіць пад заявай у Менгарвыканкам. Вось што Артур Фінькевіч паведаміў Радыё Свабода ў судовай залі:

(Фінькевіч:) “Ну, што тут казаць? Я лічу, што гэты прысуд надта жорсткі з боку ўладаў, з боку міліцыянтаў. За ўлёткі даваць 15 сутак — гэта нахабства. Я лічу, што мне наўмысна далі 15 сутак арышту, каб я ня ўдзельнічаў у акцыі, бо я зьяўляюся адным з арганізатарам гэтай акцыі”.

Артур лічыць бессэнсоўным падаваць скаргу на пастанову суду ў пракуратуру. Цягам году ён двойчы адбываў арышт у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку за ўдзел у вулічных апазыцыйных акцыях. Ніводнага разу скаргі не задаволілі. Сябры Артура Фінькевіча ўжо падрыхтавалі яму цёплыя рэчы і харчовую перадачу.