КАЛЯНДАР СВАБОДЫ

Ул. інф.

Сёньня ў сьвеце адзначаецца Міжнародны дзень сьляпых. Ён прымеркаваны да дня нараджэньня ў 1745 годзе ў Францыі пэдагога Валянціна Гаюі, які заснаваў некалькі школ і прадпрыемстваў для сьляпых.

13 лістапада 1862 году памёр Іван Грыгаровіч, чалавек, які ўсё жыцьцё прысьвяціў вывучэньню беларускай гісторыі. Прычым займаўся ён пераважна царкоўнай мінуўшчынай, бо і сам быў сьвятаром. Напісаў кнігу “Беларуская ерархія“, выдаў зборнік “Беларускі архіў старажытных грамат“. А жыў то ў Магілёве, то ў Гомелі, то ў Віцебску.

13 лістапада 1915 году ў Вільні адкрылася першая беларуская пачатковая школа. Заснавала яе Таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. Маршалкам Таварыства быў Вацлаў Іваноўскі, а ягонымі намесьнікамі – Антон Луцкевіч і Вацлаў Ластоўскі. Неўзабаве такіх школак будуць адкрытыя дзясяткі, а праз чатыры гады пачне працу славутая Віленская беларуская гімназія.

13 лістапада 60 гадоў таму ў акупаваным немцамі Менску быў забіты рэдактар «Беларускай газэты» Ўладзіслаў Казлоўскі. Акт бальшавіцкае помсты проста ў рэдакцыйным калідоры ажыцьцявіў нехта Іван Шнігер, – паведамляе дасьледнік Сяргей Чыгрын. Згадаем, што Казлоўскі, апроч журналісцкае працы, пісаў яшчэ й вершы пад псэўданімам Казлоўшчык.

13 лістапада 1836 году нарадзіўся Яраслаў Дамброўскі – адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863 году, які па дарозе на катаргу ў Сібір здолеў уцячы, апынуўся ў Парыжы, стаў генэралам Парыскай камуны, гэта значыць, кіраваў усімі войскамі Камуны, і загінуў у баі з вэрсальцамі. Жыцьцё Дамброўскага – гэта ўвасабленьне закліку “За нашу і вашу волю“.

Сярод іншых знакамітых асобаў, што прыйшлі на сьвет 13 лістапада ў розныя гады, згадаем сёньня ангельскага фізыка Джэймса Максвэла, які дасьледваў электрадынаміку, ангельскага пісьменьніка Робэрта Стывэнсана, які напісаў раман пра вядомы ўсім са школьных гадоў «Востраў скарбаў» і расейскага рэвалюцыянэра Міхаіла Петрашэўскага.

Між іншым, апошні паходзіў са старой беларускай шляхты і меў поўнае прозьвішча – Буташэвіч-Петрашэўскі. У літаратуры ён застаўся сваім аўтарствам «Кішанёвага слоўніка замежных словаў», а ў гісторыі – сваім гуртком петрашэўцаў – сходкамі інтэлігенцыі на кватэры Петрашэўскага, дзе з ухвалаю абмяркоўвалі ідэі ўтапічнага сацыялізму. За гэта Петрашэўскага прысудзілі да сьмерці, але пасьля адправілі на катаргу ў Сыбір, адкуль ён ужо не вярнуўся.