100 МІЛЬЁНАЎ АСОБНІКАЎ "КНІГІ РЭКОРДАЎ ГІНЭСА"

Віталь Цыганкоў, Прага

Гісторыя кнігі пачалася ў 1951 годзе, калі Г’ю Бівэр (Hugh Beaver), выканаўчы дырэктар знакамітага ірляндзкага бровару Гінэс, уцягнуўся ў спрэчку, якая птушка найхутчэйшая ў Эўропе.

Падчас дыскусіі ён зразумеў, што выданьне, якое будзе даваць адказы на гэткія пытаньні, павінна быць папулярным, – гэтак была народжаная ідэі “Кнігі рэкордаў Гінэса”.

Ужо паўстагодьдзя яна працягвае заставацца папулярным зборнікам розных рэкордаў, сьмешных і забаўных дасягненьняў, сярод якіх, напрыклад, курыца, што найболей пражыла без галавы, альбо найдаўжэйшая жаночая барада.

“Кніга рэкордаў Гінэса” лічыцца самай прадавальнай у сьвеце аўтарскай кнігай. Большыя наклад мае толькі Біблія і Каран, калі, аднак, не лічыць “Малую чырвоную Кнігу” Мао Дзэдуна, якая, як сьцьвярджаецца, была раздадзеная кітайцам камуністычнымі ўладамі колькасьцю амаль мільярд асобнікаў.

Большы наклад – агулам каля 200 мільёнаў асобнікаў – таксама мае сэрыя твораў пра Гары Потэра. Аднак гэта пяць розных кнігаў, і наклад кожнай зь іх паасобна не перавышае стамільённы наклад “Кнігі рэкордаў Гінэса”.

Рэдактарка кнігі рэкордаў Гінэса Клей Фоўкард гэтак тлумачыць посьпех свайго выданьня:

(Фоўкард: ) “Мы прадстаўляем магчымасьць для кожнага быць лепшым у чым-небудзь. Вы не павінны быць поп-зоркай альбо кінагероем альбо вядомым спартоўцам. Калі вы маеце фантазію і рашучасьць, вы можаце стаць лепшым у сьвеце у чым-небудзь.”

11 лістапада ў Лёндане прайшло сьвяткаваньне выхаду 100-мільённага асобніка, на якім прысутнічалі многія героі кнігі, аўтары самых незвычайных рэкордаў. Сярод іх, напрыклад, чалавек з самай гучнай адрыжкай, жанчына з самай вялікай колькасьцю пірсінгу на целе (больш тысячы кольцаў), а таксама самы хуткі ў сьвеце чысьцільшчык вокнаў.

Наагул, штогод у рэдакцыю кнігі прыходзіць каля 60 тысячаў заявак на рэгістрацыю рэкордаў. Рэдакцыя адзначае, што найбольш пэрспэктыўнымі рынкамі, дзе кнігу з кожным годам купляюць усё больш, зьяўляюцца Ўсходняя Эўропа і Кітай.

У Беларусі таксама ёсьць аматары ставіць незвычайныя рэкорды. Напрыклад, у 1997 годзе менскі бровар “Крыніца” спансаваў рэкорд магілеўца Аляксандра Бендыкава, які за два месяцы працы ўсклаў 410 тысячаў накрывачак ад піўных бутэлек, стварыўшы самую вялікую ў сьвеце піраміду зь піўных накрывачак. Гэтая пабудова, дарэчы, дасюль знаходзіцца ў музэі бровара “Крыніцы”.