БЕЛАРУСКАЯ ЛІЦЭІСТКА Ў БАМБЭІ, ВАНКУВЭРЫ І МАНІЛЕ

Ганна Сурмач, Прага

Удзельнічае Дар’я Ліс (Маніла, Філіпіны)

Індыйскі Бамбэй, канадыйскі Ванкувэр, філіпінская Маніла – такія зваротныя адрасы стаяць на паштоўках, якія выпускніца Беларускага гуманітарнага ліцэю Дар’я Ліс цяпер дасылае ў Менск. Падарожны і адукацыйны досьвед менскай ліцэісткі – тэма сёньняшняй перадачы “Беларускае замежжа”.

Дар’я Ліс скончыла Ліцэй ў 1999 годзе і зь ягонай дапамогай накіравалася вучыцца ў адзін з каледжаў міжнароднай супольнасьці ў Індыі.

(Ліс: ) “Такіх каледжаў існуе дзесяць у розных краінах. Кожны год нехта едзе ў Італію, Нарвегію, ці, як я, у Індыю. Я правяла ў Індыі два гады, скончыла каледж. атрымала дыплём міжнароднага бакаляўра ІВ (International Baccalaureate). Але гэта перадунівэрсытэцкі ўзровень. З гэтым дыплёмам нашмат лягчэй патрапіць ва ўнівэрсытэты сьвету. Потым на паўгоду вярнулася ў Беларусь, а пасьля ізноў паехала ў Індыю проста павандраваць”.

(Сурмач: ) “Сп. Дар’я, выглядае, што гэтая краіна Вас моцна прывабіла?”

(Ліс: ) “Мне спадабалася. Я цікавілася гэтай краінай яшчэ да таго, як паехала ў Індыю. Уражвала літаральна ўсё – людзі, прырода, культура. Індыя – краіна кантрастаў. Там ёсьць і вельмі бедныя, і вельмі багатыя. Каледж знаходзіўся недалёка ад Бамбэю, але ў нас была магчымасьць выяжджаць у горад і вандраваць два разы на год, каледж даваў два тыдні, каб мы езьдзілі на вандроўкі паўз Індыю. Таму ў мяне атрымалася паглядзець амаль усю краіну”.

(Сурмач: ) “Якая моладзь вучылася з Вамі ў каледжы, ці былі там яшчэ студэнты зь Беларусі?”

(Ліс: ) “Вучылася моладзь з розных краінаў сьвету, з 80 ці 90 краінаў былі па аднаму-два чалавекі. Калі я прыехала першы год, я была адна з Беларусі, а на наступны год прыехала яшчэ адна дзяўчына. У Індыі яшчэ існуе гэная сыстэма кастаў і розных рэлігійных падзелаў. Моладзь, якая вучылася са мною, была з багатых сем’яў. Але былі і такія, хто ня меў бацькоў, і яны патрапілі ў каледж праз конкурс. Гэтыя два тыпы людзей былі зусім не падобныя між сабой. Выкладаньне ў нашым каледжы было на ангельскай мове. Тыя, хто багатыя, яны не застаюцца ў Індыі, а едуць у Амэрыку ці Ангельшчыну вучыцца далей”.

(Сурмач: ) “Што Вас асабліва ўразіла ў гэтай краіне, пра якую беларусы пераважна ведаюць з індыйскіх фільмаў?”

(Ліс: ) “Цягнікі ўразілі. Я старалася вандраваць другім клясам, разам з зусім простым людам. Цягнікі – як асобнае жыцьцё ў Індыі. На іх вандруюць мільёны людзей кожны дзень. Краіна такая вялікая, што ў цягніках даводзілася праводзіць 30-40 гадзін, сьпіш, ясі і ўсё астатняе робіш зь людзьмі, якія навокал цябе. Пад час вандроўкі знаёмішся з простымі людзьмі, яны табе распавядаюць пра сваё жыцьцё. Уразіла яшчэ тое, што ў краіне вельмі адрозьніваюцца поўнач ад поўдня, усход ад захаду – розныя людзі, розныя мовы, розная культура, гэта як шмат краінаў у адной краіне.

Мне падаецца, што людзі Індыі – шчасьлівыя людзі, асабліва ў параўнаньні зь беларусамі. У мяне там было такое адчуваньне таму, што Індыя – краіна песьняў і танцаў, сьвятаў. Там сьвяты і песьні кожны дзень, куды б не паехаў – у маленькіх вёсках, у гарадах паўсюль будзе сьвятло, будуць песьні, людзі будуць табе ўсьміхацца. Усе падаюцца шчасьлівымі, нават самыя бедныя.

Інтэрнэт больш даступны, чым у Беларусі, я б сказала. Інтэрнэт можна сустрэць на кожным кроку ў горадзе, аплата не вельмі вялікая, але, зразумела, ня ўсім даступна. Там хутка разьвіваецца гэта ўсё, людзі вучацца на кампутаршчыкаў, на тэхнікаў”.

(Сурмач: ) “Дар’я, ці ў Вас не было думкі застацца ў Індыі?”

(Ліс: ) “Я паступіла ва ўнівэрсытэт у Канадзе і трэба было ехаць. Гэта ўсё адбывалася праз каледж. Калі я была яшчэ ў каледжы, я пасылала свае дакумэнты ва ўнівэрсытэты. Я вырашыла паступаць у Канаду, таму адправіла дакумэнты ў некалькі ўнівэрсытэтаў у Канадзе. Я паступіла ва ўнівэрсытэт на востраве Ванкувэр. Факультэт антрапалёгіі”.

(Сурмач: ) “Чаму такі выбар, як даўно Вас зацікавіла антрапалёгія?”

(Ліс: ) “Я думаю, што гэта ўплыў Індыі – вывучаць людзей, менавіта, у Індыі я нагледзелася і ўразілася тым, якімі рознымі бываюць людзі. Хачу быць антраполягам і займацца навуковай дзейнасьцю”.

(Сурмач: ) “У Ванкувэры Даша правучылася ўсяго паўгоду, і ізноў вандроўны лёс паклікаў яе ў новую дарогу.”

(Ліс: ) “Далей мы пераехалі на Філіпіны. Гэта сталася таму, што я выйшла замуж за канадыйца, і ён атрымаў працу на Філіпінах. Мы пазнаёміліся ў Індыі, ён настаўнік міжнародных школаў, навучае дзяцей”.

(Сурмач: ) “Разам з маладым канадыйцам Тыматы Болтанам Дар’я падарожнічала ня толькі па Індыі, але і ў гарах Тыбэту. Калі дзяўчына прыехала вучыцца ў Канаду, яны ажаніліся. Цяпер ужо 4 месяцы яны жывуць ў Маніле, адным з найбуйнейшых гарадоў сьвету, насельніцтва якога з прыгарадамі складае каля 11 мільёнаў жыхароў.

Дар’і цяпер 21 год, трохі больш за месяц таму ў іх нарадзілася дачка, якой далі імя Аляксандра. Так што ў Маніле зьявілася яшчэ адна беларуска. A нядаўна паглядзець на ўнучку прыехала і бабуля Алена, маці Дар’і.

Дар’я, ці будзеце вучыць дачку гаварыць па-беларуску?”

(Ліс: ) “Зразумела, калыханкі сьпяваем.”

(Сурмач: ) “А як цяпер будзе з вучобай?”

(Ліс: ) “Я проста спыніла вучыцца, я магу туды вярнуцца і працягваць. Я зьбіраюся працягваць навучаньне тут, на Філіпінах”.

(Сурмач: ) “Філіпіны – дзяржава ў заходняй частцы Ціхага акіяну, насельніцтва Філіпінаў налічвае больш за 80 мільёнаў чалавек. Спадарыня Дар’я, як Вам падалася гэтая краіна, якія ўражаньні?”

(Ліс: ) “Падалося, што экзотыка. Экзотыка ў тым сэнсе, што тут больш за 7 тыс. астравоў, тут прыгожае мора, акіян. Уразіла тое, што я пасьля Індыі чакала, што тут будзе таксама нешта падобнае. Там, калі ідзеш па вуліцы, за табою бяжыць натоўп і хоча табе нешта прадаць”.

(Сурмач: ) “Што ўяўляе сабою філіпінскае грамадзтва, які ўзровень жыцьця?”

(Ліс: ) “Грамадзтва вельмі намешанае таму, што гэта такі бізнэс-цэнтар Азіі, нават не Азіі, але і сьвету. Тут вельмі шмат людзей з розных краінаў – амэрыканцаў, ангельцаў, кітайцаў, японцаў. Эўрапейцаў можа крыху менш, але хапае. Карэнныя філіпінцы, у іх мова свая (тагалог), культура свая. Стагодзьдзі на Філіпінах былі гішпанцы, і таму тут моцна адчуваецца прысутнасьць гішпанскай культуры. Потым былі амэрыканцы. Вось такая мешаніна філіпінскай культуры, гішпанскай і амэрыканскай.

Ангельскую мову абавязкова ўсе вывучаюць у школе, усе размаўляюць па-ангельску. У самой Маніле ўзровень жыцьця нармальны ў параўнаньні з Канадаю. Турыстычны бізнэс у асноўным спрыяе дабрабыту”.

(Сурмач: ) “Як вы там уладкаваліся?”

(Ліс: ) “У нас кватэра ў цэнтры гораду, дзе вельмі высокія будынкі, мы ў такім жывем. Прыходзіць жанчына-пакаёўка, якая прыбірае. Тут такія памеры кватэры, што проста я сама не справілася б, вялікая кватэра, на 20 паверсе, адно шкло. Для таго, каб дзіця тут вырасьціць, ёсьць усе ўмовы”.

(Сурмач: ) “Маніла – вялізарны горад. Якім транспартам карыстаюцца жыхары, ці ёсьць нейкія асаблівасьці?”

(Ліс: ) “Тут вельмі таннае таксі, ёсьць мэтро і ёсьць спэцыяльны транспарт – маленькія аўтобусікі, якія ёсьць толькі ў Маніле, толькі на Філіпінах, такой цікавай формы, нешта накшталт маршрутнага таксі, імі карыстаецца, напэўна, 90 адсоткаў насельніцтва”.

(Сурмач: ) “Вы ўсім там задаволены, ці маеце нейкія праблемы?”

(Ліс: ) “Адзінае, калі мы сюды ехалі, мы баяліся, што тут палітычная сытуацыя ня вельмі стабільная. Яна тут заўсёды не стабільная. Ёсьць адна праблема – на самым паўднёвым востраве жыве пераважна мусульманскае насельніцтва, і там здараюцца тэрарыстычныя акты. Кажуць, што там вельмі небясьпечна. Калі візу даюць, то нават пытаюць, ці паедзеце туды. І забіваюць, і выкрадаюць людзей.

Мы сюды прыехалі, а на другі дзень тут адбыўся путч. Верталёты ляталі, было страшна. Потым нам сказалі: добра, што вы на гэты пасьпелі, бо наступны будзе праз год”.

(Сурмач: ) “Вы сказалі пра мусульманскі рэгіён Філіпінаў, а якія канфэсіі ўвогуле там ёсьць?”

(Ліс: ) “Пераважае каталіцтва, вельмі рэлігійныя людзі, хрысьціянства тут вельмі моцную ролю адыгрывае”.

(Сурмач: ) “Чым адметныя філіпінскія жанчыны?”

(Ліс: ) “Да мяне мама сюды прыехала, дык яна кажа, што як у Савецкім Саюзе. Апранутыя ў шэрыя, рудыя колеры, блюзкі, спадніцы – вельмі пурытанскі стыль, тут вялікі каталіцкі уплыў”.

(Сурмач: ) “Дар’я, ці на Радзіму Вы не забыліся ў гэтай экзатычнай краіне, ці ня цягне дахаты?”

(Ліс: ) “Зразумела, але цяпер там столькі праблемаў, столькі ўсяго нэгатыўнага, страшна робіцца”.

(Сурмач: ) “Ці Ваш муж Тыматы быў у Беларусі?”

(Ліс: ) “Ён прыяжджаў да мяне ў Беларусь, калі я пасьля Індыі была дома, у 2001 годзе. Ягонае уражаньне да таго, як ён прыехаў у Беларусь, было такое, што гэта паліцэйская дзяржава, і што там усіх б’юць дубінкамі. Калі ён прыехаў, у першы ж вечар нас у Менску на вуліцы затрымала міліцыя. Вельмі было непрыемна. Уначы трэба было зь імі высьвятляць адносіны. Невядома чаму, проста ішлі па вуліцы, да нас падыйшлі, папрасілі дакумэнты. Дакумэнты забралі і пачалі нас абвінавачваць, што мы ходзім па Менску ў нецьвярозым стане, нешта там гаварылі, што гэта абражае годнасьць беларуса. Але, мы былі абсалютна цьвярозыя”.

(Сурмач: ) “А калі даведаліся, што ваш сябра замежнік, можа міліцыянты зьмянілі сваё стаўленьне да лепшага?”

(Ліс: ) “Наадварот, больш і больш нахабнымі рабіліся. Ён стараўся сябе культурна паводзіць, хацеў зь імі паразмаўляць, знайсьці зь імі агульную мову, але гэтага не атрымалася. Так што ягоныя ўражаньні пра Беларусь засталіся такімі, як былі раней”.

(Сурмач: ) “Цяпер, пэўна, ён ужо не захоча ехаць у Беларусь?

(Ліс: ) “Не, мы зьбіраемся ўлетку ізноў ехаць у Беларусь”.