АЛЯКСАНДАР БУХВОСТАЎ: “БАРАЦЬБА ПАВІННА ПЕРАЙСЬЦІ Ў ПАЛІТЫЧНУЮ СФЭРУ”

Ганна Соусь, Менск

Мая гутарка з Аляксандрам Бухвоставым адбываецца ў ягоным кабінэце ў будынку Дому прафсаюзаў. Учора ўвечары закончыліся 10 сутак адміністрацыйнага арышту, якім прафсаюзнага актывіста пакаралі за правядзеньне 30 кастрычніка несанкцыянаванага пікету ў абарону правоў прафсаюзаў на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Аляксандар Бухвостаў кажа, што збольшага быў падрыхтаваны да арышту і таму не чакаў, што ў яго будуць добрыя ўмовы ў прыёмніку-разьмеркавальніку.

(Бухвостаў: ) “Было пяць чалавек у камэры нумар 13. Камэра невялікая і халодная. Агульныя нары, усе разам ляжаць. Але ж турма ёсьць турма. У нашых турмах умовы далёкія ад эўрапейскіх стандартаў. У нас за кратамі ня толькі пазбаўляюць волі, але й ствараюць тысячы сацыяльных і бытавых праблемаў. У асноўным размаўлялі. Там хлопцы маладыя сядзелі, хаця і зь нейкім крымінальным мінулым, але цікавіліся палітыкай, выказвалі незадаволенасьць рэжымам. Газэты чытаў, вялікі дзякуй маім таварышам, што яны мне перадавалі прэсу”.

Дарэчы, час за кратамі пэўным чынам адбіўся нават на лексыцы прафсаюзнага лідэра. Гаворачы пра тое, што трэба рыхтавацца да выбараў і дабівацца адхіленьня Аляксандра Лукашэнкі ад улады, Аляксандар Бухвостаў адзначае наступнае:

(Бухвостаў: ) “Таму што, калі ён будзе, то прафсаюзам, як кажуць на жаргоне, век свабоды не відаць. Гэта адназначна”.

Аляксандар Бухвостаў гаворыць пра мэтанакіраваны ўціск уладамі незалежнага прафсаюзнага руху:

(Бухвостаў: ) “Запушчаная машына на ўціск, і яе спыніць вельмі складана. На пленуме савету прафсаюзу чалавек выступае ў маю падтрымку ў часе дыскусіі. Гэта заўважаюць, і чалавека ўжо хочуць звольніць. З гэтым вельмі складана змагацца простымі мэтадамі, як мы раней рабілі — зьвярнуцца, паскардзіцца… Гэтага ніхто не ўспрымае. Барацьба павінна перайсьці ў палітычную сфэру. Мы бачым, што прафсаюзы губляюць магчымасьць уплываць на сацыяльна-эканамічную палітыку. Прафсаюзы, якія ўваходзяць у фэдэрацыю, па вялікім рахунку ўхіляюцца ад барацьбы за паляпшэньне жыцьця працоўных”.

Што да непасрэдных перашкодаў дзейнасьці на пасадзе старшыні галіновага прафсаюзу, то Аляксандар Бухвостаў адзначае наступнае:

(Бухвостаў: ) “Кіраўніцтва Фэдэрацыі будзе толькі ладзіць інтрыгі супраць нас. Прыкладам, цяпер на зьезьдзе 23 сьнежня яны будуць уплываць на тое, каб мяне не абралі. Праз уплыў на першасныя арганізацыі, праз дырэктараў уплываць, каб большая частка кіраўнікоў прафсаюзных арганізацыяў выступіла за скліканьне пазачарговага зьезду. Гэта ўсё робіцца з адзінай мэтай, каб адхіліць мяне аб кіраўніцтва прафсаюзаў. Змагацца з тымі, хто займае выбарчыя прафсаюзныя пасады, можна, запалохваючы іх — што згубяць працу і пазбавяцца заробкаў. Гэта вельмі складана для людзей. І яны думаюць, што гэтак яшчэ можна жыць, яшчэ ж не расстрэльваюць, яшчэ не дайшло да Курапатаў”.

Як зазначыў для нашага радыё прафсаюзны лідэр Аляксандар Бухвостаў, для яго найвялікшай каштоўнасьцю ёсьць свабода, і ён заўсёды будзе адстойваць незалежнасьць і самастойнасьць прафсаюзнага руху.