ЦІ КАТУЮЦЬ У БЕЛАРУСКІХ ТУРМАХ?

Галіна Абакунчык, Менск

(Стэфановіч: ) “Да нас нядаўна зьвярнуўся чалавек па факту сьмерці свайго бацькі ў адным зь менскіх пастарункаў. Чалавек быў п’яны, яго затрымалі міліцыянты і даставілі ў пастарунак аб 11-й гадзіне, а аб 14-й ён памёр. Канстатацыя — шматлікія чэрапна-мазгавыя траўмы, якія нібыта ён атрымаў пры падзеньні з вышыні свайго росту. І тут існуе шмат пытаньняў па выпадку гэтай сьмерці. Іншы чалавек, які, на жаль таксама памёр, зьвяртаўся са скаргамі на міліцыянтаў, якія зьбівалі яго, патрабуючы прызнаньня ў крымінальным злачынстве. Да, прыкладу, калі затрымліваюць чалавека бяз пэўнага месца жыхарства — што зь ім адбываецца ў пастарунку, ніхто ня ведае. І такіх выпадкаў шмат. І канечне ж, на жаль, адсачыць усіх выпадкаў катаваньняў мы ня можам, бо людзі проста баяцца зьвяртацца па абарону сваіх правоў”, — паведаміў Валянцін Стэфановіч.

Выканаўчы дырэктар праваабарончай арганізацыі Беларускі Хэльсынскі камітэт Алег Гулак, які праводзіў маніторыг на замову адпаведнай камісіі ААН, кажа, што міжнародная супольнасьць таксама справядліва прызнае, што ў Беларусі катаваньнем ёсьць нават самое знаходжаньне ў месцах зьняволеньня. Гаворыць Алег Гулак:

(Гулак: ) “Самае масавае катаваньне — гэта ўвогуле ўтрыманьне ў нашых турмах і ў сьледчых ізалятарах, яшчэ горш, чым у калёніях. Тут значная частка праблемы — эканоміка. А зь іншага боку, ня трэба гэтулькі садзіць. Другі кірунак, дзе адбываюцца катаваньні — дзеяньні міліцыі адносна дэманстрантаў, затрыманых, людзей, якія зьняволеныя паводле крымінальных злачынстваў. Можна сказаць, што існуе сыстэма, калі паказаньні здабываюць менавіта шляхам фізычнага, псыхалягічнага ціску ў той ступені, што гэта можна прызнаць за катаваньне. Праблема ў тым, што па-першае, праваахоўчая сыстэма й сыстэма адбываньня пакараньняў вельмі закрытыя, грамадзкага кантролю ніякага там няма. А па-другое, рэч у тым, што суды грунтуюць свае выракі на падставе прызнаньняў саміх зьвінавачаных. Таму існуе вялікі попыт на гэтыя прызнаньні, і часта іх папросту выбіваюць фізычна”.

Паводле юрыста праваабарончага цэнтру “Вясна” Ўладзімера Лабковіча, штогадовая справаздача Дзярждэпартамэнту ЗША, пра становішча з правамі чалавека ў Беларусі падае міжнароднай супольнасьці найбольш праўдзівую інфармацыю. Гаворыць Уладзімер Лабковіч:

(Лабковіч: ) “Справаздачу Дзярждэпартамэнту ЗША можна разглядаць як найбольш аб’ектыўную, якая грунтуецца на фактах. І Беларусь не адзіная краіна, адносна якой робяцца такія агляды. Таксама шматлікія іншыя міжнародныя праваабарончыя арганізацыі зьвярталі ўвагу на парушэньне правоў чалавека і факты катаваньня ў Беларусі. Сытуацыя ў Беларусі тым больш абуральная, што гэта адзіная эўрапейская краіна, дзе, да прыкладу, ёсьць сьмяротнае пакараньне. А ўлады, на думку праваабаронцаў, прынцыпова не жадаюць узяць на сябе тыя абавязкі, якія на сябе ўзялі”.