ГРУЗІНСКАЯ АПАЗЫЦЫЯ ПРАТЭСТУЕ СУПРАЦЬ АФІЦЫЙНЫХ ВЫНІКАЎ ВЫБАРАЎ

Аляксей Знаткевіч, Прага

Пратэсты ў грузінскай сталіцы, Тбілісі, ідуць трэці дзень. У іх бяруць удзел некалькі тысячаў чалавек. Невялікія дэманстрацыі адбыліся ў іншых гарадох Грузіі. У сталіцу сьцягнулі вялікія сілы паліцыі і ўнутраныя войскі. Апазыцыя заклікае грузінскага прэзыдэнта Эдуарда Шэварднадзэ прызнаць паразу ягонай партыі на нядзельных парляманцкіх выбарах і сыйсьці ў адстаўку. Сам Шэварднадзэ заявіў ва ўчорашнім тэлевізійным звароце:

(Шэварднадзэ: ) “Я прызвычаіўся, што нехта заклікае да маёй адстаўкі, і ніхто мяне не запалохае. Усе павінныя ведаць, што гвалт супраць дзяржавы будзе пакараны паводле закону. Аднак я гэтага не хачу, таму мы мусім працаваць ўсе разам”.

Канчаткова вынікі грузінскіх парляманцкіх выбараў будуць вядомыя толькі ўвечары ў чацьвер. Але паводле папярэдніх вынікаў кааліцыя “За новую Грузію”, якая падтрымлівае прэзыдэнта Шэварнадзэ, атрымала прыкладна чвэрць галасоў. Гэта значна больш чым паказвалі апытаньні напярэдадні выбараў.

Амаль столькі ж галасоў атрымаў апазыцыйны рух Дэмакратычны фронт. Сяміадсоткавы бар’ер пераадолелі яшчэ тры апазыцыйныя сілы – партыя старшыні пярляманту Ніно Бурджанадзэ, Партыя працы і Партыя новых правоў. Магчыма пасьля канчатковага падліку да іх далучыцца Зьвяз дэмакратычнага адраджэньня, які пакуль балянсуе на мяжы сямі адсоткаў.

То бок выглядае, што разам апазыцыйныя партыі маюць перавагу над прыхільнікамі Шэврднадзэ. Але ў грузінскім парлямэнце толькі 150 дэпутатаў з 235 абіраюцца паводле партыйных сьпісаў. Астатніх абіраюць у аднамандатных акругах, дзе праўрадавыя кандыдаты маюць большыя шанцы.

Аднак асноўная праблема для апазыцыі ў яе разьяднанасьці. Дэмакратычны фронт і партыя Ніно Бурджанадзэ кажуць аб фальсыфікацыях і заклікаюць да пратэстаў. Лідэр Партыі новых правоў Давіт Гамкрэлідзэ заклікаў пачакаць канчатковых вынікаў выбараў і выказаў давер Цэнтральнай выбарчай камісіі. А лідэр Партыі працы Шалва Натэлашвілі сказаў, што ягоная партыя не далучыцца да пратэстаў і па шэрагу пытаньняў будзе супрацоўнічаць з урадам.