КІРАЎНІК МЗС БЕЛАРУСІ АБЯЦАЕ СУПРАЦОЎНІЧАЦЬ У СПРАВАХ ЗЬНІКЛЫХ

Юры Сьвірко, Менск

У першы дзень свайго знаходжаньня ў Менску кіпрскі парлямэнтар Хрыстас Пургурыдэс меў вячэру з жонкамі зьніклых. На ёй абмяркоўваліся дзеяньні ўлады, якая ўжо некалькі гадоў ня можа знайсьці былога міністра ўнутраных справаў Юр’я Захаранку, былога віцэ-прэм'ера і старшыню Цэнтарвыбаркаму Віктара Ганчара ды ягонага сябра – бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, а таксама тэлеапэратара беларускага бюро тэлекампаніі ОРТ Зьмітра Завадзкага.

У чацьвер спадар Пургурыдэс мяркуе сустрэцца зь міністрам унутраных справаў Уладзімерам Навумавым і нават з генэральным пракурорам Віктарам Шэйманам (нагадаю, што апошняга часам абвінавачваюць у датычнасьці да некаторых зьнікненьняў).

Хрыстас Пургурыдэс прыехаў паводле запрашэньня Нацыянальнага сходу, але ў прэсавай службе палаты прадстаўнікоў праграмы ягонага візыту пакуль няма. Цікава, што зь Менску якраз на гэтыя дні зьехалі як сьпікер палаты Вадзім Папоў, гэтак і віцэ-сьпікер Уладзімер Канаплёў, які паабяцаў у верасьні ў Страсбуры на сэсіі ПАРЭ нарэшце запрасіць у Менск прадстаўніка адмысловай камісіі, што займаецца справамі зьніклых.

Кіраўніка гэтай камісіі расейскага парлямэнтара Сяргея Кавалёва ў Беларусі бачыць не захацелі – яму адмовілі ў паездцы афіцыйным лістом. Спадар Пургурыдэс, якога запрасілі, у камісію Кавалёва не ўваходзіць, але ён зробіць справаздачу пра справы беларускіх зьніклых юрыдычнаму камітэту ПАРЭ. Ці будзе ягоная місія ў Менску пасьпяховай? Вось як адказаў на гэтае пытаньне сам Хрыстас Пургурыдэс:

(Пургурыдэс: ) “Яшчэ вельмі рана так казаць. Я толькі што сустрэўся з міністрам замежных справаў. Гэта, дарэчы, не ягоная сфэра адказнасьці – ён міністар замежных справаў. Магу сказаць, што ён быў настроены на супрацоўніцтва. Але, вядома, адказы, якія шукаю, мусяць быць дадзеныя іншымі дзяржаўнымі чыноўнікамі, а не міністрам замежных справаў. Калі мне ўдасца пабачыць заўтра й пасьлязаўтра людзей, якія неабходныя, каб не загнаць напісаньне маёй справаздачы ў пастку, дык я падрыхтую гэтую справаздачу даволі хутка – праз пару тыдняў. Але калі я ня здолею пабачыць людзей, якіх я лічу абсалютна неабходнымі, тады я магу адкласьці сваю справаздачу, каб ўсё ж такі паспрабаваць убачыць гэтых людзей.”

З размовы са спадаром Пургурыдэсам можна было зразумець, што ён мае на ўвазе генэральнага пракурора Віктара Шэймана ды іншых чыноўнікаў, якіх часам абвінавачваюць у палітычных забойствах апанэнтаў. Апрача гэтага, прадстаўнік ПАРЭ плянуе сустрэцца з асуджанымі за выкраданьне Зьмітра Завадзкага. Два зь іх – Валер Ігнгатовіч і Максім Малік – атрымалі прысуд да пажыцьцёвага зьняволеньня й не прызналі сваёй віны. Нагадаю, што суд прызнаў іх вінаватымі ў выкраданьні тэлеапэратара, але што сталася са спадаром Завадзкім далей, не высьвятляў. Хрыстас Пургурыдэс спадзяецца, што асуджаныя змогуць расказаць яму штосьці важнае наконт зьнікненьня Зьмітра Завадзкага.