Адпаведнага пісьмовага распараджэньня адміністрацыі навучальных установаў ня маюць і па сёньня. А недзяржаўныя структуры са школьных памяшканьняў яны выганяюць паводле вуснага распараджэньня кіраўніка гарвыканкаму.
Алесь К., які не пажадаў цалкам назваць сваё прозьвішча, — выкладчык усходніх адзінаборстваў. Сярод моладзі гэта папулярны від спорту, а таму за тры гады працы ягонага спартовага клюбу фізычную загартоўку тут прайшлі каля чатырох дзясяткаў школьнікаў. Сёлета Алесь паспрабаваў скласьці дамову арэнды ў адной зь менскіх школаў і вось што з гэтага атрымалася.
(Алесь: ) “Вырашылі мы ўзяць у арэнду школьную залю. Усё было дамоўлена з дырэктарам, і калі справа дайшла да райана, то там нам адмовілі на падставе нейкага рашэньня, якое, маўляў, выйшла й хутка дойдзе да іх школаў”.
У гарадзкой управе адукацыі адмаўляюцца назваць ня толькі прычыну забароны арэнды на дзейнасьць гурткоў, але нават існаваньне самога гэтага факту. Чыноўнікі таксама заяўляюць, што афіцыйнага распараджэньня сталічнага гораданачальніка Міхаіла Паўлава аб забароне школьнай арэнды ўвогуле не існуе, хоць у ягоную падтрымку публічна выказаўся міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў. Гаворыць кіраўніца аддзелу ўправы адукацыі Менгарыканкаму Тацяна Харужая:
(Харужая: ) “Рыхтавалася такое рашэньне, але яго старшыня не падпісаў, і гворка там вялася пра тое, што ў школах не павінна быць не наогул арандатараў, а такіх, якія там непатрэбныя. Нельга, каб там былі нейкія камэрцыйныя гандлёвыя кропкі. Школа павінна быць для вучобы”.
У рэестры прававых дакумэнтаў Менгарвыканкаму распараджэньня аб забароне школьнай арэнды сапраўды не існуе. Аднак яна пасьпяхова дзейнічае на практыцы: так, у рамках новай кампаніі скасаваная дзейнасьць зусім не камэрцыйнай габрэйскай нядзельнай школы. Дырэктар школы №222, што ў мікрараёне Лошыца, Ігар Бабкоў кажа, што сёлета вымушаны быў адмовіць у арэндзе кампаніі “SOL”, якая займалася выкладаньнем ангельскай мовы. Гаворыць Ігар Бабкоў:
(Бабкоў: ) “Фірма “SOL” арандавала ў нас адно памяшканьне, але было вуснае распараджэньне мэра ўсё гэта прыбраць. Дамова зь імі не падаўжаецца, і таму мы ўсё гэта згортваем. Нам прапанаваная магчымасьць арганізоўваць свае гурткі, набіраць у штат іх кіраўнікоў, якія будуць фінансавацца коштам бацькоў. Цяпер, канечне, цяжкавата, бо многія такія спэцыялісты — тыя ж адзінаборствы, бальныя танцы — яны проста ня пойдуць у школы. Яны прапаноўваюць больш якасныя паслугі адукацыйнага характару і, адпаведна, хочуць атрымліваць іншыя грошы”.
Паводле дырэктааа, цяпер многія дзеці страцяць магчымасьць удасканальваць ангельскую мову. Бо Лошыца — так званы новы спальны мікрараён на ўскрайку Менску. І далёка ня ўсе бацькі адважацца выпраўляць сваіх малых на дадатковыя заняткі ў цэнтар гораду. Акрамя таго, страчаная магчымасьць дадатковага заробку, якога ад школаў патрабуе Міністэрства адукацыі. Менавіта жаданьнем перахапіць у камэрцыйных структураў даход ад платных заняткаў можна вытлумачыць гэтыя новаўводзіны сталічных уладаў, — кажа намесьнік кіраўніка Таварыства беларускай мовы Сяржук Кручкоў:
(Кручкоў: ) “Калі бы пры школах былі такія структуры створаныя — няхай сабе яны былі бы дзяржаўныямі, але давалі дадатковую адукацыю, веды, то гэта было б і добра. Але гэтага, на жаль, няма, і дзяржаўныя структуры гэтую нішы не запоўняць. Калі яны будуць рабіць гэта на платнай аснове, то зробяць горш, чым прыватныя людзі й арганізацыі, бо ва ўсім сьвеце так: усё што робіцца прыватна — якаснае і ўзроўневае. Атрымліваецца так, што дзяцей ізноў пазбавяць дадатковых ведаў і магчымасьці хадзіць кудысьці”.
Супрацоўнікі ўправы ў справах непаўналетніх Міністэрства ўнутраных справаў падтрымліваюць думку, што ў платных гуртках і сэкцыях навучаецца будучая элітная моладзь. І гэта меншая частка ад агульнай колькасьці дзяцей, якія ёсьць правапарушальнікамі. І тым ня менш, вынікам вызваленьня ад пазаклясных заняткаў вялікай колькасьці падлеткаў, заўсёды ёсьць усплёск злачыннасьці, — кажа інспэктар Валеры Мялешка:
(Мялешка: ) “Калі мы не дапаможам ім арганізавацца — дзяржаўныя, грамадзкія арганізацыі — яны заўсёды сабе занятак знойдуць. Яны ўтраіх зьбіраюцца ў пад’езьдзе пад гітарку, пад цыгарку, пад піўко — зьяўляюцца розныя думкі. Ім неабходна нешта прапанаваць, а каб прапанаваць трэба, каб у кожнай школе, ПТВ ці каледжы вывучаліся кампутары, тэхніка, а не гурткі макрамэ ды іншае. Тут вялікі зьвяз сацыяльных праблемаў”.
Менскі гарвыканкам — піянэр у справе змаганьня з арандатарамі. Як паведамілі ў Міністэрстве адукацыі, нічога падобнага ў іншых рэгіёнах краіны пакуль няма. Тым ня менш, закрыцьцё нядзельнай школы лідэры некаторых габрэйскіх суполак называюць чарговым фактам дзяржаўнага антысэмітызму ў Беларусі, а таксама спробай уладаў прымусіць недзяржаўныя структуры набыць у дзяржавы стратную камунальную ўласнасьць. Гаворыць старшыня габрэйскага рэлігійнага аб’яднаньня Якаў Басін:
(Басін: ) “Улады, як заўсёды — зрабілі, а пасьля падумалі. Яны ж 30 кастрычніка павінныя былі праводзіць аўкцыён нерухомасьці і хацелі прымусіць, пэўна, проста набываць гэтую нерухомасьць. І нават, каб у нас былі грошы, то сутарэньняў, цокальных паверхаў і ўсемагчымых складзкіх памяшканьняў мы проста не маглі бы набыць. Ніякая санстанцыя школы гэтай проста не дазволіла б там утрымліваць”.
Захады сталічнай адміністрацыі ў справе забароны арэнды недзяржаўным структурам кіраўнік Партыі БНФ Вінцук Вячорка называе жаданьнем перашкодзіць доступу ў школы асобных людзей і грамадзкіх арганізацыяў, якія не зьяўляюцца праваднікамі дзяржаўнай ідэялёгіі. Гаворыць Вінцук Вячорка:
(Вячорка: ) “Перадусім пад гэтым ёсьць палітычная матывацыя, але ж мы добра ведаем, што кожнае палітычнае рашэньне гэтай улады абавязкова мае сваіх лабістаў. Прыкладам, калі фармуецца нейкі нэакамсамол пад імем БРСМ, дык мы разумеем, што яго стварэньне і дзяржаўнае фінансаваньне лабіюе процьма маладых і ня надта маладых спрытнюгаў, якія будуць потым на гэтым грэць рукі. Відавочна, што школа становіцца аб’ектам спэкуляцыяў цяперашняй улады. Тое, што ў нас, з аднаго боку, прымаецца да выкананьня дзяржаўная ідэалёгія ў выглядзе дзікунскай мешаніны камуністычнай настальгіі й панславянскай агрэсіі, а зь іншага боку, у школы адбіраюць усе яе функцыі, пакідаючы адзіную — прамыўку мазгоў, гэта абсалютна заканамерная дэградацыя цяперашняй улады”.
Тым часам чыноўнікі ад адукацыі кажуць, што яшчэ спадзяюцца пераканаць старшыню Менгарвыканкаму Міхаіла Паўлава адмяніць вуснае рашэньне, паводле якога выкінуты на вуліцу сотні дзіцячых гурткоў ды сэкцыяў.