ЗАМЕЖНЫХ СТУДЭНТАЎ ТЭРАРЫЗУЮЦЬ МЕНСКІЯ СКІНГЕДЫ

Любоў Лунёва, Менск

Некалькі дзясяткаў студэнтаў арабскага паходжаньня з пачатку навучальнага году ўжо сталі ахвярамі нападаў скінгэдаў. Ніводзін зварот у міліцыю ня меў дагэтуль крымінальных наступстваў. Махдзі Шадат вучыцца на трэцім курсе факультэту стаматалёгіі. Ён баіцца выходзіць на вуліцу з надыходам прыцемкаў.

(Шадат: ) “Я асабіста позна не выходжу з інтэрнату. Калі ёсьць такая неабходнасьць, дык выклікаю таксоўку. Не хачу ніякіх праблемаў. Я тут жыву і штодня чую пра тое, што зьбілі якога-небудзь чалавека. Таму заўсёды намагаюся, каб са мной гэтага не здарылася.”

На факультэце замежных студэнтаў Мэдунівэрсытэту вучыцца 368 чалавек з 30 краінаў сьвету. Большасьць студэнтаў з краінаў Блізкага Ўсходу: Лібану, Ярданіі, Сырыі, Ірану, Іраку, але ёсьць і няшмат студэнтаў зь Літвы, Эстоніі, Польшчы, Македоніі і адна студэнтка расейскага паходжаньня зь Нямеччыны.

Некаторыя замежнікі ўжо скончылі ўнівэрсытэт і працягваюць вучыцца ў асьпірантуры. Яны параўноўваюць тыя часы, калі яны толькі паступілі на вучобу і сёлетні навучальны год. Хасан Тэрык вучыцца ў ардынатуры.

(Тэрык: ) “Аднойчы на нас напалі ў цэнтры гораду скінгеды. Нас было трое. Майму сябру зламалі руку. Ён са сьпіцамі хадзіў два месяцы. Я ня ведаю, ці магчыма вырашыць гэтую праблему ў сталіцы Беларусі. Але, магчыма, навядуць парадак каля інтэрнату. Шчыра кажучы, вельмі хочацца схадзіць у тэатар альбо пагуляць па горадзе. Але я вельмі баюся. Нават хадзіць па вуліцах са сваёй дзяўчынай. Мая дзяўчына – беларуска. Аднойчы каля стадыёну “Дынама” да яе падбеглі нейкія хлопцы, сталі яе абражаць – яны лаяліся і абражалі яе за тое, што яна сустракаецца з “чорным”. Я адчуваю сябе тут замежнікам, чужым чалавекам, якога не жадаюць тут бачыць. Даволі часта пытаюцца: “Што вы тут робіце? Навошта вы тут?” Раней гэта было вельмі рэдка, а цяпер штодня. Тое, што нас абражаюць, нікога не турбуе. Міліцыя на гэта не рэагуе.

Я хачу заўважыць, што беларускі народ вельмі добры. У нас шмат знаёмых, яны вельмі гасьцінныя людзі. Але гэтыя хуліганы сапсуюць усё добрае ўражаньне пра свой народ. Іх становіцца болей і болей. А 8-ай ці а 9-ай вечара выходзіць з інтэрнату, каб схадзіць у краму, альбо ў McDonald’s гэта ўсё роўна, што займацца экстрымальным спортам. У мяне пульс становіцца 130 ўдараў. А каб правесьці сваю дзяўчыну, мне трэба паклікаць пяць сваіх сяброў.”

Дэкан факультэту Аляксей Валатоўскі паведаміў Радыё Свабода, што кіраўніцтва ўнівэрсытэту зьвярнулася да супрацоўнікаў міліцыі, каб спыніць зьбіццё замежнікаў ля інтэрнату.

(Валатоўскі: ) “У верасьні сёлета адміністрацыя ўнівэрсытэту зьвярталася ў адміністрацыю Маскоўскага раёну і РУУС з просьбай дапамагчы вырашыць праблему з замежнымі студэнтамі. Улічваючы тую акалічнасьць, што напады сталі адбывацца ўсё часьцей, мы пісьмова зьвярнуліся ў праваахоныя органы. Нам адказалі, што наладзяць патруляваньне на тэрыторыі, прылеглай да інтэрнату і ўнівэрсытэту. Але, на жаль, пакуль адбываюцца напады на замежных грамадзянаў”.

На 6 лістапада прызначанае адмысловае паседжаньне з удзелам рэктарскага корпусу, студэнтаў-замежнікаў і супрацоўнікаў міліцыі, на якім яны будуць дамаўляцца пра ўзаемадзеяньне. Усе спадзяюцца, што супольнымі намаганьнямі здолеюць спыніць злачынныя праявы ксэнафобіі.