У СПРЭЧЦЫ З АЛЯКСАНДРАМ ЛУКАШЭНКАМ РАЦЫЮ МЕЎ АНАТОЛЬ ЧУБАЙС

Валер Каліноўскі, Менск

Аляксандар Лукашэнка падчас перадачы “Свабода слова” на тэлеканале НТВ ў спрэчцы з Анатолем Чубайсам, кажучы пра большую прывабнасьць Беларусі ў параўнаньні з Расеяй, заявіў, што “кожны год у Беларусь прыяжджае 32 тысячы чалавек, а ад’яжджае толькі каля 1500-1700”. Прычым паводле Лукашэнкі гэтыя 32 тысячы – пераважна грамадзяне Расеі альбо расейцы з краінаў Цэтральнай Азіі.

Анатоль Чубайс яму запярэчыў, што беларускі пазытыўны балянс у міграцыі паступова зьмяншаецца, і цяпер ён ужо складае не 30 тысячаў, а толькі 6. “Станоўчы балянс міграцыі памяншаецца менавіта таму, што ўзровень жыцьця ў Расеі расьце хутчэй, чым у Беларусі”,– заявіў спадар Чубайс.

Хто ж мае рацыю ў гэтай спрэчцы? Вось што паведамілі супрацоўнікі аддзелу дэмаграфіі Міністэрства статыстыкі і аналізу Рэспублікі Беларусь.

– У 2002 годзе ў Беларусь прыбыло 18 939 чалавек, а выбыла 13 378.

Такім чынам, як і казаў Анатоль Чубайс, летась розніца паміж тымі хто прыехаў і тымі, хто пакінуў Беларусь, так званы міграцыйны балянс, сапраўды складаў крыху больш чым 6 тысячаў.

Сёлета назіраецца прыблізна такая ж сытуацыя: паводле афіцыйнай статыстыкі за студзень–верасень 2003 году ў Беларусь прыбыло 13 369 чалавек, а выехала 9 773 чалавекі. І пры захаваньні такіх жа тэмпаў міграцыйны балянс Беларусі зноў паменшыцца і складзе ўжо меней за 5 тысячаў чалавек.

Паводле Мінстату Беларусі, сёлета з Расеі ў Беларусь прыбылі амаль 7 тысячаў чалавек, а зь Беларусі ў Расею паехалі крыху больш чым 5 тысячаў. Прычым, калі імігруюць у Беларусь пераважна з краінаў СНД, то эмігруюць ня толькі ў так званае бліжняе замежжа, але і ў краіны Захаду, ЗША, Ізраіль.
Колькасьць патэнцыйных эмігрантаў зь Беларусі магла б быць на парадак вышэйшай, упэўнены былы міністр працы Аляксандр Сасноў:

(Сасноў: ) “Справа ў тым, што эміграваць на самой справе вельмі цяжка, таму што існуюць пэўныя патрабаваньні тых дзяржаваў, у якія людзі мараць пераехаць. А гэтыя патрабаваньні дастаткова складаныя, і таму ня ўсе могуць выехаць, хто і хацеў бы. Але зараз больш за 60% моладзі марыць кудысьці зьехаць зь Беларусі. А сярод усяго насельніцтва – каля 40% марыць аб гэтым жа – зьехаць на сталае мейсцва жыхарства.”

Выказваньні Лукашэнкі аб 32 тысячах чалавек, якія нібыта штогод прыбываюць у Беларусь на сталае месца жыхарства, ён ацаніў як прапаганду, якая ня мае нічога супольнага з рэальнасьцю. З 1994 года агульная колькасьць насельніцтва Беларусі штораз памяншаецца, летась яна паменела яшчэ на 50 зь нечым тысячаў.

Міграцыя ўжо ня здольная кампэнсаваць гэтыя страты.