“МАЛАДЫ ФРОНТ” ЗАКЛІКАЕ АПАЗЫЦЫЮ ЎЗЯЦЬ УДЗЕЛ У АКЦЫІ СУПРАЦЬ РЭФЭРЭНДУМУ

Альгерд Невяроўскі, Менск

Вулічнае шэсьце, якое павінна пачацца 24 лістапада ў 17.30 з плошчы Якуба Коласа і скончыцца мітынгам на плошчы Парыскай камуны каля Опэрнага тэатру, прымеркавалі да гадавіны рэфэрэндуму 1996 году. Гаворыць лідэр Маладога фронту Павал Севярынец.

(Севярынец: ) “24 лістапада, 7 гадоў таму, быў праведзены рэфэрэндум, які фактычна паклаў пачатак дыктатуры ў Беларусі. У гэтую восень абсалютна відавочныя спробы ўлады падрыхтаваць наступны рэфэрэндум. Гэтым разам для працягу паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі, для так званага трэцяга тэрміну. І "зачыстку" грамадзкага сэктару, і расправу над незалежнай прэсай, і актывізацыю БРСМ мы расцэньваем як часткі падрыхтоўчай кампаніі да гэтага рэфэрэндуму.

Лукашэнка некалькі разоў прагаворваўся, што ён зьбіраецца ісьці на трэці тэрмін менавіта шляхам рэфэрэндуму. І нягледзячы на ўсе ягоныя заявы, што палітычных баталіяў бліжэйшым часам не прадбачыцца, мы лічым гэта чарговай дымавой заслонай. Ён паспрабуе правесьці гэты рэфэрэндум у наступным годзе. Акцыяй 24 лістапада мы наносім папераджальны ўдар, мы падымаем гэтую тэму, каб яна пастаянна гучала. Многія гатовыя не заўважаць гэтай пагрозы, проста рыхтавацца да выбараў. Менавіта таму мы зьбіраемся правесьці масавую акцыю супраць рэфэрэндуму”.

Арганізатары зьбіраюцца зьвярнуцца да ўсіх апазыцыйных сілаў з заклікам падтрымаць гэтую акцыю.