У МЕНСКУ ЛІЧАЦЬ ВЫРАШАНАЙ ПРАБЛЕМУ ЎКРАІНСКАГА ДОЎГУ 1992 ГОДУ

Валер Каліноўскі, Менск

“Украіна нарэшце прызнала свой доўг”, — не хаваюць задавальненьня ў беларускім урадзе. У Кіеве гэтага пакуль не пацьвярджаюць, спасылаючыся на канфідэнцыйнасьць праведзеных перамоваў.

Доўг, які сфармаваўся ў эканамічным хаосе пасьля распаду СССР, беларускі бок спачатку ацэньваў на 220 мільёнаў даляраў, пазьней — каля 130 мільёнаў. Пасьля шматлікіх кансультацыяў, перамоваў і нават дэмаршаў зь Менску, украінcкі бок пагаджаўся прызнаваць толькі 50 мільёнаў даляраў, але не як дзяржаўны доўг, а як запазычанасьць асобных суб’ектаў гаспадараньня Ўкраіны.

Гэтаму паспрыяла жорсткая пазыцыя Менску, які адмовіўся ратыфікаваць дамову аб мяжы з Украінай, падпісаную ў 1997 годзе, пакуль ня будзе выплачаны гэты доўг. Летась украінскі ўрад папярэдне пагадзіўся на кампэнсацыю Беларусі гэтага доўгу праз даволі складаныя мэханізмы таварных разьлікаў, разьлікаў нерухомасьцю, павелічэньне ўзаемнага таваразвароту.

У мінулую суботу кіраўнікі ўрадаў Віктар Януковіч і Сяргей Сідорскі канкрэтызавалі ранейшыя дамоўленасьці й прынялі новае рашэньне, занесенае ў выніковы пратакол. Удзельнік гэтых перамоваў міністар фінансаў Беларусі Мікалай Корбут паведаміў, што сапраўды быў дасягнуты прагрэс у справе ўрэгуляваньня гэтай застарэлай праблемы:

(Корбут: ) “Я займаюся гэтай праблемай усе гады маёй працы міністрам, і цяпер я бачу істотныя зрухі ў вырашэньні гэтай праблемы”.

Мікалай Корбут сказаў, што падчас перамоваў былі вызначаныя і канкрэтныя шляхі, якія будуць прапрацоўвацца адпаведнымі ведамствамі да 15 сьнежня, у тым ліку будуць рэвізаваныя раней падпісаныя пагадненьні, акты зьверкі па разьліках:

(Корбут: ) “І да 1 снежня, калі ўсё нармальна атрымаецца, выйдзем на канкрэтнае вырашэньне гэтай праблемы”.

Паводле спадара Корбута, сума доўга таксама “ў прынцыпе” вызначаная — “прынятая прапанова беларускага боку”, абумоўленыя і мэханізмы кампэнсацыі, па якіх далі канкрэтныя даручэньні міністэрствам і ведамствам.

Неафіцыйна ва ўрадзе кажуць пра суму 134 мільёны даляраў, аднак ва ўкраінскім урадзе пра нейкія канкрэтныя сумы і мэханізмы казаць адмаўляюцца. Гаворыць памочнік міністра фінансаў Украіны Віталь Лук’яненка:

(Лук’яненка: ) “Пытаньне пра доўг было адным з тых, што абмяркоўваліся, і тыя пазыцыі, якія бакі зафіксавалі, да чаго дайшлі, наконт іх яны дамовіліся пра канфідэнцыйнасьць. І ўкраінскі бок цьвёрда прытрымліваецца абавязацельстваў пра канфідэнцыйнасьць. Па-другое, Украіна заўсёды вельмі адказна ставілася да зьнешніх даўгоў, і тое, што зафіксаванае, што аформленае як дзяржаўны доўг Украіны, яно прызнаецца, выплачваецца і будзе выплачвацца”.

Аднак пацьвердзіць, што Ўкраіна сапраўды прызнала дзяржаўным доўгам канкрэтна гэтыя сумы запазычанасьцяў 1992 году, спадар Лук’яненка ня змог. Таму нягледзячы на тое, што ў беларускім урадзе ўпэўненыя, што вырашэньне праблемы магчымае да канца году, нельга выключаць і верагоднасьці нэгатыўнага выніку, як было ўжо неаднаразова.