Апытаньне слухачоў Свабоды на мінулым тыдні мела вынікам пэўную разгубленасьць. “Хто, апрача Лукашэнкі, мае шанцы стаць наступным прэзыдэнтам Беларусі?” Упэўнена выглядалі толькі перакананыя апалягеты кіраўніка краіны. Ім для яго ня шкода і трох, і дзесяці тэрмінаў, нягледзячы ні на якія законы. Закон, як кажуць, што дышла. А вось астатнія не змаглі назваць нікога, хто рэальна мог бы прэтэндаваць на пасаду кіраўніка. Дакладней, калі й гучалі імёны, дык толькі як пажаданьне, а не як прыклад рэальных шанцаў. Зусім нікога не змаглі назваць два дзясяткі чалавек, якіх карэспандэнт апытваў на менскай вуліцы. У званках на Свабоду слухачы спрабавалі вытлумачыць такую адсутнасьць выбару:
(Голас: ) “На вашае пытаньне, хто акрамя Лукашэнкі, мае шанец стаць прэзыдэнтам Беларусі, магу даць такі, на вялікі жаль, адназначны адказ. Калі нічога ня здарыцца надзвычайнага, дык ніхто, акрамя сёньняшняга правіцеля, такога шанцу ня будзе мець. І не таму, што няма ў нас дастойных лідэраў, а таму што Лукашэнка і яго атачэньне, і вэртыкальшчыкі зробяць усё, пойдуць на любую фальсыфікацыю, каб зноў працягнуць сваю ўладарнасьць. Дзякуй, Генадзь Лагуновіч, Менск”.
(Голас: ) “Каб ацаніць шанцы тых ці іншых кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта, трэба, каб людзі чулі і бачылі іх па тэлебачаньню. Але ж вядома, што гэты дыктатарскі рэжым ня дасьць ім выступіць. Гэта відавочна”.
(Голас: ) “Адказ на вашае пытаньне даволі складаны, бо асабіста я ў сучаснай Беларусі прыстойнай кандыдатуры на пасаду прэзыдэнта яе пакуль ня бачу. Ёсьць, праўда, дзьве прывабныя асобы на гэтую пасаду, але ж яны за межамі Беларусі. Ваш Маісеенка Генадзь”.
(Голас: ) “Гаворыць Алесь Гагін са Смаргоні. Я лічу, што пры такой апазыцыі як у нас, быць Лукашэнку пажыцьцёвым манархам”.
(Дубавец: ) “Заўважце, што ва ўмовах канцэнтрацыі ўлады ў адных руках гаворка ідзе ўжо не пра прэзыдэнта, а пра правіцеля. І калі аднаго правіцеля выняць са створанай ім “пад сябе” сыстэмы, дык на ягонае месца можа ўстаць толькі такі самы. А каб ніхто ў гэтым не сумняваўся, Лукашэнка выжыў з краіны свайго найбольш харызматычнага суперніка, а тых, што засталіся, папросту прынізіў. Прафэсар Шушкевіч у ягонай вэрсіі можа скрасьці скрыню цьвікоў і “пасадзіць расейцаў на чамаданы”, міністры заслугоўваюць таго, каб зь імі гаварылі на “ты”, а дырэктараў буйных заводаў падвяргаюць брутальным арыштам. У дадатак нікога з іншадумцаў не пускаць на тэлевізію. У такіх абставінах калі б нават Лукашэнку зусім разьлюбіў народ, а міжнародныя назіральнікі канстатавалі сумленныя выбары, вынік гэтых выбараў усё адно быў бы адзін. Сама сыстэма дала б такі вынік. Каб жа зьмяніць гэтую сыстэму, у яе трэба ўвайсьці, а каб увайсьці, трэба быць, як мінімум, другім Лукашэнкам, пад якога яна створана. Вось такое замкнёнае кола.
Зь пералічаных мутацыяў у грамадзтве самая цяжкая і шкодная – гэта заніжэньне прэстыжу асобы, яе чалавечых і прафэсійных якасьцяў. Тая самая дзяржаўная ідэалёгія трымаецца, паміж іншым, і на асобах, на аўтарытэтах, на людзях, якія прадстаўляюць краіну. Нават за савецкім часам годнасьць народнага пісьменьніка, прафэсара, міністра была важкаю. А сёньня сама дзяржаўная ерархія ў Беларусі зруйнаваная. Гэта дазволіла Лукашэнку на самыя высокія пасады разьмясьціць ня самых адпаведных, паважаных і разумных, затое паслухмяных людзей. Адзіным неаспрэчным слупом ерархіі стаў ён сам. Прынамсі з такога ракурсу глядзяць на ўсё гэта і народ, і апазыцыя. На такой візіі і трымаецца сыстэма. Нават калі б сам Лукашэнка меў нейкае іншае ўяўленьне пра сябе і свой рэжым.
Няма ніякай заганы ў тым, што ствараецца і ўкараняецца на ўсіх узроўнях дзяржаўная ідэалёгія. Яна сапраўды патрэбная маладой краіне і нацыі ў часы станаўленьня. Іншае пытаньне – якая гэта ідэалёгія. Яна ўбогая настолькі ж, наколькі ўбогі сёньня ў Беларусі ўзровень афіцыйнай гуманітарнай сфэры – навукі, культуры, сродкаў масавай інфармацыі, адкуль сышлі асобы, прафэсіяналы, аўтарытэты і дзе засталіся адно паслухмяныя людзі не на сваіх месцах. Яны папросту няздатныя зрабіць дзяржаўную ідэалёгію прывабнай. У выніку ўбогім атрымаецца вобраз краіны ў вачох мільёнаў яе жыхароў і ў астатнім сьвеце. А гэта значыць, што ўся ідэалягічная кампанія асуджаная на правал. Бо ідэалёгія, нават калі яна служыць алягічнаму ў прыродзе сваёй папулізму, сама як інструмэнт мусіць быць лягічнай і яснай. І вось тут акурат тое месца, зь якім, на маю думку, ня будзе спрачацца ані ўлада, ані апазыцыя. Скажам так: Беларусі патрэбная добрая ідэалёгія.
***
Сёньня ў нас нібы дзьве ідэалёгіі – афіцыйная і нацыянальная. Але лёгіка падказвае, што калі мы гаворым пра адну краіну, пра яе незалежнасьць і прывабны вобраз, дзяліць тут няма чаго. Найперш гэта тычыцца сьцьвярджальнае часткі. Разыходжаньні пачынаюцца ў нэгатыўных ацэнках – востра палітызаваных і непрымірымых. Скажам, адмаўленьне асобы Лукашэнкі часта настолькі моцнае, што затуляе сабою сьцьверджаньне Беларусі. Ня менш моцнае і адмаўленьне “нацыяналістычнай апазыцыі”, якое таксама здольнае перабіць сьцьвярджальнае дзеяньне. Рэзка адрозныя адносіны да Расеі захінаюць сабою аднолькавае стаўленьне да роднага краю. А перажываньне прэзыдэнцкага нацыянальнага нігілізму затуляе сабою жаданьне хоць нешта вакол сябе беларусізаваць. Адмаўленьне можа быць колькі заўгодна справядлівым, але яно ні да чаго не прыводзіць і нічога нам не дае, за ім не відаць пэрспэктывы. Сьцьверджаньне – гэта амаль заўсёды набытак. Істотна, што дзеля адмаўленьня можна нічога ўвогуле не рабіць, а сьцьверджаньне патрабуе працы.
Іншы раз асьлепленыя Лукашэнкам патрыёты, здаецца, ужо яму, а не сваёй краіне гатовыя прысьвяціць сябе цалкам і да астачы. Заўважце, як гэта паралізуе сьведамасьць. Мы перастаем бачыць яму альтэрнатыву, перастаем верыць у шанцы альтэрнатыўных кандыдатаў, мы нібы паддаемся гіпнозу, што на небе можа быць толькі адно, хоць і злое, сонца. Трэба зрабіць намаганьне, каб замест гэтага сонца ўбачыць вобраз свае краіны, на якім тое сонца – ледзь прыкметная пляма, што загіпнатызавала нас – так доўга мы глядзелі ў адну кропку. Пароль паўстанцаў Каліноўскага: “Каго любіш? – Люблю Беларусь” ператварыўся ў іншы: “Каго ненавідзіш? – Ненавіджу Лукашэнку”.
Дыпусьцім, нацыянальная сымболіка або адносіны да Краёвай Абароны сёньня ў грамадзтве спрэчныя і на выпрацоўку кансэнсусу вакол іх спратрэбіцца нейкі час. Падкрэсьлю – у грамадзтве, а не ў адміністрацыі прэзыдэнта. І на тое, каб скарэктаваць погляд грамадзтва, патрэбныя сьцьвярджальныя высілкі.
Гаворка не пра калябарацыю, а пра пошукі грамадзкага кансэнсусу. Бо сёньня ідэалёгія дзяржавы знаходзіцца ў патавым стане, у тупіку. Дэмакраты і адраджэнцы жывуць паводле адных канстантаў, а іхныя дзеці і раўналеткі іхных дзяцей у школах усіх узроўняў спазнаюць канстанты зусім іншыя. І гэта пры тым, што прынцыповага антаганізму не існуе. Ёсьць антаганізм жывых людзей, але не таго матэрыялу, на якім можна і трэба выхоўваць любоў да свае краіны.
Пакуль адныя лепяць падабенства дзяржаўнае ідэалёгіі з колішніх савецкіх атрыбутаў, а другія берагуць нацыянальныя каштоўнасьці да лепшых часоў, гэтыя часы могуць і не настаць у агляднай пэрспэктыве. І тады далёкі нашчадак скажа, што менавіта гэты рэсурс – нацыянальны інтэлектуалізм – мог і мусіў запрацаваць на поўную катушку, а не чакаць пераменаў. Ён сам і быў тымі пераменамі.
Вазьміце, да прыкладу, 120-я ўгодкі Вацлава Ластоўскага. Неяк жа іх адзначыць і афіцыёз, але гэта ня будзе дзяржаўная праграма, бо афіцыёзу не стае інтэлектуальнага рэсурсу такую праграму стварыць. Але ад гэтага недахопу афіцыёз ня возьме ды ня зьменіцца, як і ня прыйдзе да непрымірымай апазыцыі па парады. Проста ў ягонай ідэалягічнай дзейнасьці будзе больш прафанацыі і абсурду, што таксама не наблізіць ягонага канца. І так будзе цягнуцца доўга, пакуль ня зьменяцца пакаленьні. Толькі гэтыя новыя пакаленьні будуць выхаваныя менавіта на ідэалягічным сурагаце і патрыятычнае пачуцьцё іхнае будзе сурагатнае, калі яно наогул будзе.
***
У «чыстым выглядзе» ў Беларусі існуюць два ідэалягічныя праекты, якія ня могуць быць ажыцьцёўленыя. Першы – гэта бээсэсэраўскі Лукашэнкі, другі – нацыяналістычны апазыцыі. Гэта толькі праекты і ў сілу розных прычынаў стаць дзяржаўнай ідэалёгіяй ня можа ніводзін зь іх. Бээсэсэраўскі – таму што няма БССР, а ёсьць зьмененая краіна ў зьмененым сьвеце. Нацыяналістычны – бо існуе жупел нацыяналізму з аднаго боку і непрымірымасьць нацыяналістаў з другога. У выніку рэальная дзяржаўная ідэалёгія, тая што ажыцьцяўляецца, мае эклектычны характар. І ўлада, і апазыцыя шануюць Купалу і Коласа, у краіне ёсьць ордэн Скарыны, які ўручаецца Філарэту, які бласлаўляе казачы зьезд… Ва ўсім гэтым не хапае добрага архітэктара, які збудаваў бы гарманічны храм любові да свае краіны.
Ідэалёгія – гэта адзінае, што сёньня апазыцыя рэальна дзеліць з уладай.
Нядаўна ў адным райцэнтры давялося быць на сьвяткаваньні 120-х угодкаў паэта-ксяндза. Зладзілі сьвята мясцовыя актывісты пры ўдзеле раённых уладаў. Выступалі і першыя і другія. Кожны казаў пра гонар за свой край і за краіну і за тое, што тут нарадзіўся такі паэт. Ніхто ня быў няшчыры і ніхто ня стрымваў сябе ў словах. Аказалася, што першых і другіх нічога не падзяляе і іхная ідэалёгія што да паэта-ксяндза і дбаньня пра свой край, а там і ўсю Беларусь – тая самая. Каб узьнікла спрэчка, або канфлікт, дастаткова было замест слова любові прамовіць слова нянавісьці.
Спакваля ў Беларусі зьяўляецца нейкі трэці погляд на дзяржаўную ідэалёгію – мабыць найбольш блізкі не афіцыёзу ці апазыцыі, а большасьці народу. На адным з форумаў мне сустрэлая канцэпцыя Вадзіма Карцава – эканаміста і стала аўтара “Нашай Нівы”. “Лукашэнка” – піша ён – “запрасіў грамадзкасьць да ўдзелу ў распрацоўцы канцэпцыі дзяржаўнае ідэалёгіі. Кожны мае права пакласьці свой камень у падмурак незалежнае Беларусі. Чым ня поле, каб выйсьці й змагчы русафілаў, якія туды ўжо, пэўна, кінуліся? І яшчэ. Кадраў, каб забясьпечыць ідэалягічную працу, войстра не хапае. Чаму б палітыкам, лідэрам трэцяга сэктару, нацыянальна перакананым настаўнікам, службоўцам і г.д. не ўключыцца ў гэты працэс? На ўзроўні дзяржавы будуць абазначаныя толькі глябальныя моманты ідэалёгіі, якія камусьці могуць не спадабацца: падыходы да дзяржаўнае ўласнасьці і прыватызацыі, пытаньньні міжнароднае палітыкі, адносіны да асобы кіраўніка дзяржавы... Але ж усё астатняе, што значна важней для фармаваньня сьветапогляду і настрояў электарату цалкам ды асобаў у прыватнасьці, будзе кампэтэцыяй канкрэтнага ідэоляга. Прычым уплыў гэты будзе матэрыяльна, арганізацыйна й мэтадычна забясьпечаны коштам дзяржавы. Унікальная сытацыя. Унікальныя шанцы”. Так піша Вадзім Карцаў. У ягоных словах мне чуецца дбаньне пра заўтра сваіх дзяцей, якія хоць за Лукашэнкам, хоць за іншым ня мусяць быць асьлепленыя злым сонцам.
Я запрасіў спадара Карцава да размовы ў сёньняшняй перадачы.”
(Дубавец: ) “Магчыма, інтэлігенцыя асьцерагаецца ўдзелу у тварэньні дзяржаўнай ідэалёгіі, бо ўспрымае тое, што прапануецца, як рэанімацыю ідэалёгіі савецкай?”
(Карцаў: ) “Дзякуй Богу, шмат што ад тае пары зьмянілася. Ідэі камунізму, а менавіта яны былі стрыжнем савецкае ідэалёгіі, прайгралі ідэям вольнага сьвету. З тае прычыны, што камунізму канец, размаўляць пра яго і сэнсу няма. Таму хачу адразу спыніць спробы параўноўваць камуністычную прапаганду ды кантрольна-карныя органы, якія яе абслугоўвалі, зь беларускімі рэаліямі восені 2003 году. Параўноўваць няма чаго.
Ідэалёгія сёньня, ці то яна беларуская, ці то швэдзкая, ці паўднёва-афрыканская – гэта набор, сукупнасьць пытаньняў і адказаў на гэтыя пытаньні. Для Беларусі няма ніякіх выключэньняў: нашая дзяржаўная ідэалёгія не абміне ні эканомікі, ні маралі, ні веры, ні праўды. І ўсё гэта на беларускай фактуры, ўсё гэта для ўнутранага спажываньня грамадзянамі Беларусі.
Што перашкаджае вам, ці мне, ці прафэсару Кацману прыняць удзел у гэтым працэсе? Вось, уявіце: у газэце апублікаваная шахматная задача, а нехта з чытачоў, хто ведае слушнае рашэньне, пачынае наракаць то на пошту (маўляў, ліст ня дойдзе), то на рэдакцыю (маўляў, ня прымуць да ўвагі яны той ліст), то на кагосьці, хто дашле адказ раней... Ці ж ня глупства?
Калі маеш адказ – заяві пра тое! Ніхто не аспрэчыць слушны адказ.
Нашую сьвядомую грамаду можна параўнаць сёньня з тым шахматыстам-аматарам: слушны адказ ведаю, але нікому не скажу!”
(Дубавец: ) “А вы лічыце, што "ліст дойдзе" і "рэдакцыя прыме яго да ўвагі"?”
(Карцаў: ) “Выйдзіце на плошчу й скажэце людзям: "Вакол нас мусіць быць чысьціня!" Ці нехта выкажацца супраць? Скажэце: "Беларусы хочуць і могуць жыць заможна!" Ці зьявяцца апанэнты? – "Беларусь – найпрыгажэйшая ў сьвеце краіна!" Не чакайце ад мінакоў спрэчак.
Вартыя думкі – яны як скарб: іх немагчыма адкінуць у сьмецьце. Кіньце свайму ворагу апэльсын: ці ж ён яго ня зловіць? Усьміхнецеся шчыра яму ў твар: ці ж ён не ўсьміхнецца ў адказ? Але ж нашыя дэмсілы перакідваюцца з уладаю не апэльсынамі, а лайном, ды яшчэ чакаюць плёну. Між тым, з боку ўладаў, як мне падаецца, рука партнэрства была працягнутая не аднойчы.”
(Дубавец: ) “А нацыяналізм? Стаўленьне да самога гэтага тэрміну ў беларускім грамадзтве вельмі адрознае...”
(Карцаў: ) “Думаю, слова "нацыяналізм" не павінна прысутнічаць у нашых ідэалягічных фармулёўках. За ім цягнецца прычэп адмоўнасьці. Тым больш, калі пад нацыяналізмам разумець непрыняцьце іншых нацыяў ці прыніжэньне іншых нацыяў”.
(Дубавец: ) “Інакш кажучы, ня трэба дражніць гусей. Беларускі нацыяналізм – гэта ня што іншае як беларуская гісторыя і беларуская мова. Думка, між іншым, паўтораная зусім нядаўна Зянонам Пазьняком. Якое месца мове адводзіцца ў вашай вэрсіі?”
(Карцаў: ) “Беларуская мова сёньня, як і ўсю сваю гісторыю, дарэчы, знаходзіцца ў цяжкім стане. Ня без стараньняў саміх беларусаў яна апынулася ў заняпадзе. Становішча такое, што раптоўна, зьнянацку перавярнуцца дагары нагамі ўсё ня можа. Мы ня можам махнуць чароўнай палачкай і атрымаць беларускую мову ўва ўсіх сфэрах. Наперадзе, калі мы хочам плёну – шмат працы. За нулявы кілямэтар, за кропку адліку трэба прыняць сёньняшнюю моўную сытуацыю. А ключом да вырашэньня праблемы зьяўляецца мова ў сем'ях.
Хочаце беларускамоўнага вэртыкальшчыка? У вас ёсьць тры шляхі да гэтае мэты. Першы – шанцунак: яго змарнавалі 10 год таму. Другі – прыход да ўлады нашага чалавека й татальная беларусізацыя: нерэальна. Трэці – нарадзіць ды выгадаваць у беларушчыне трох сыноў, адукаваць іх, і дабраславіць на самастойнае жыцьцё. Глядзіш, хоць адзін зь іх ды стане тым самым беларускамоўным вэртыкальшчыкам. Паспрабаваць дачапіць да дзяржаўнае ідэалёгіі нацыянальнае пытаньне можна, але гэта ня вырашыць праблемы. Вырашэньне, паўтараю, у нашых сем'ях”.
(Дубавец: ) “Гэткі пункт гледжаньня мае Вадзім Карцаў – эканаміст і сталы аўтар “Нашай Нівы”. На маю думку, самае істотнае тут – прага стваральнага дзеяньня. Апазыцыя ня мусіць быць рэакцыйнай – толькі рэакцыяй на захады ўладаў. Гэтак яна з часам папросту распусьціцца ў паветры. А каб выжыць і памацнець, яна мусіла б рабіць апераджальнае дзеяньне. Няхай не зразумее яе Лукашэнка, галоўнае, каб зразумелі і падтрымалі людзі.
***
Абсалютызацыя ўлады і тая зусім не дэмакратычная сыстэма, што існуе ў Беларусі, стваралася і дзейнічае зусім не бяз згоды людзей, інакш даўно можна было б чакаць якіх грамадзкіх закалотаў. Прэзыдэнт і ягонае атачэньне – тыя, хто нясе адказнасьць за гэты аўтарытарны рэжым, у тым ліку і за зьнікненьне палітычных апанэнтаў – гэта нават не адзін адсотак дзяржаўнага апарату і нават ня тысячны адсотак усёй сыстэмы. І тут ёсьць два варыянты. Або атаясамліваць усю дзяржаву і ўвесь электарат з Лукашэнкам і чакаць, калі разам зь ім зьменяцца і яны. Або працаваць з тымі 99% дзяржаўнага апарату, знаходзіць зь ім пункты судакрананьня, дыфузіраваць зь ім урэшце, узаемапранікаць дзеля інтарэсаў уласнага народу і краіны. Сярод вэртыкальшчыкаў, дарэчы, вельмі цяжка знайсьці чалавека, які скажа вам, што ня любіць сваё ці што ён “перарос Беларусь”.
У мяне няма сумневу, што паэт Алесь Аркуш належыць да дэмакратычных і патрыятычных сілаў. А тое, што ён – аўтар афіцыйнага гімну старажытнага Полацку – хіба ня сьведчыць пра партнэрства з уладамі на самым знакавым ідэалягічных узроўні?
У Беларусі няма ніякіх перадумоваў для зьмены рэжыму. Таму, напэўна, і пытаньне пра шанцы альтэрнатыўнага кандыдата выглядае гульнёю ў разьліку на тое, што канчатковае слова будзе сказанае недзе звонку – на Захадзе ці ў Расеі. Але, па вялікім рахунку, і гэта ня вырашыць праблемы. А калі праблема невырашальная, застаецца зьмяніць ракурс, пункт гледжаньня. Кансалідацыя грамадзтва можа адбыцца толькі вакол сьцьвярджальнага, пазытыўнага дзеяньня. І найбольш блізкая глеба для гэтага – дзяржаўная ідэалёгія, якая мусіць будавацца не на нянавісьці або прафанацыі, а на любові і дасьведчанасьці найбольш паважаных у Беларусі людзей.