ВЭТЭРАНЫ ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ МОГУЦЬ ЕЗЬДЗІЦЬ У ВІЦЕБСКІХ МАРШРУТКАХ БЯСПЛАТНА

Браніслава Станкевіч, Віцебск

У Віцебску зьявілася новая транспартная льгота дзеля вэтэранаў Вялікай айчыннай вайны — яны могуць бясплатна езьдзіць ня толькі ў дзяржаўным транспарце, але і ў прыватных маршрутных таксоўках. Праўда, не ва ўсіх, а толькі ў тых, дзе ёсьць больш за 20 месцаў. Гэта пераважна старыя аўтобусы, набытыя за мяжою ды перагнаныя ў Віцебск.

Як высьветлілася ў часе прыватных размоваў з уладальнікамі ды кіроўцамі маршрутак, яны пагадзіліся з дэпутатам гарсавету ды ўвялі гэтую льготу, спадзеючыся на спрыяньне гарадзкіх уладаў, калі трэба будзе працягваць тэрмін іхных ліцэнзіяў. Бо ўжо неаднаразова паўставала пытаньне пра тое, што пасажыраў у Віцебску перавозяць састарэлым, толькі што не аварыйным транспартам, і гарвыканкам нават мусіў увесьці пэўныя абмежаваньні, забараніўшы выкарыстоўваць самыя старыя маршруткі.

Вялікіх маршрутак у Віцебску 38. Вазіць вэтэранаў бясплатна згадзіліся ўладальнікі 31 машыны. Дарэчы, праезд у такой машыне і так быў адносна танны: 300–350 рублёў у параўнаньні з маленькай маршруткай, дзе з пасажыра бяруць усе 500 рублёў.

Для вэтэранаў, якіх у Віцебску амаль 4500 чалавек, бясплатны праезд у маршрутках шмат выгаднейшы за няхай сабе таксама бясплатны праезд у дзяржаўным транспарце: па- першае, такія таксоўкі маюць самыя працяглыя маршруты ды возяць пасажыраў туды, куды дзяржаўным аўтобусам можна даехаць толькі зь дзьвюма-трыма перасадкамі, а па-другое, яны ходзяць якраз там, дзе знаходзяцца самыя запатрабаваныя аб’екты: вакзал, гарадзкія рынкі, ускраінныя раёны і нават найбліжэйшыя да Віцебску вёскі — Тулава, Альгова, Мішкава.

Увядзеньне новай транспартнай ільготы дзеля вэтэранаў выклікала незадавальненьне з боку іншых “ільготнікаў”, і цяпер кіроўцы ды касіры мусяць адказваць на пытаньні незадаволеных пасажыраў, чаму вэтэраны вайны маюць права на бясплатны праезд, а, прыкладам, колішнія вязьні фашыстоўскіх лягераў або вэтэраны працы — не. Пакуль на ўваходзе вядуцца падобныя спрэчкі, кіроўцы маршрутак зьбіваюцца з часовага графіку й таксама не задаволеныя. Хто-ніхто зь іх мяркуе, што варта было б ня проста абвесьціць пра бясплатны праезд, а скарыстаць досьвед расейскіх калегаў: у Смаленску, прыкладам, у кожнай маршрутцы вызначана адно “льготнае” месца. Калі яно ўжо занятае, то таму, хто прэтэндуе на бясплатны праезд, даводзіцца або чакаць наступнай машыны, або плаціць грошы.