ПАЛІТЫЧНЫЯ ЎЦЕКАЧЫ ЗЬ БЕЛАРУСІ: ДАРОГА Ў РАЙ ЦІ БЛУКАНЬНЕ ПА ПАКУТАХ

Ганна Сурмач, Прага

УДЗЕЛЬНІКІ: Яўген Мурашка, Галіна Арцёменка, Міхась, Дзьмітры Майсеенка.

Палітычныя ўцекачы складаюць найбольш адметную частку сучаснай эміграцыі зь Беларусі. Менавіта яны часта становяцца аб'ектамі крытыкі, а часам і зайздрасьці з боку тых, хто застаецца на Радзіме. Ёсьць, магчыма, і тыя, хто сам зьбіраецца ўзяць зь іх прыклад.

Што чакае палітэмігранта ў замежжы? Пра гэта, напэўна, лепш могуць праспавесьці яны самі. Сёньня нашыя госьці – сябры Беларускага Народнага Фронту, якія апынуліся ў Нямеччыне.

У 1999 годзе, пад час вядомай кампаніі па выбарах прэзыдэнта Беларусі, на нашым радыё даволі часта згадвалася імя Яўгена Мурашкі з Гомелю. Яўген ўзначальваў абласную выбарчую камісію на альтэрнатыўных выбарах. Супраць яго распачалі судовы працэс, каб не апынуцца за кратамі спадар Мурашка з прыёмным сынам вырашыў уцячы з краіны і выехаў у Нямеччыну.

Палітычны прытулак яны атрымалі даволі хутка – праз 10 месяцаў. Пасьля вырашэньня гэтай галоўнай праблемы эмігранта можна было ладзіць новае жыцьцё. Але, на Радзіме засталася сям'я, і не малая – 6 чалавек. Паслухаем жонку сп. Яўгена Галіну Арцёменку:

(Арцёменка: ) “Калі Яўген зьехаў, у Беларусі мне вельмі цяжка давялося. Мяне шмат выклікалі на допыты, маё здароўе пагоршылася. Я не змагла выехаць да мужа, бо для маіх прыёмных дзяцей 4 месяцы афармлялі пашпарты. Калі атрымалі пашпарты, мы пачалі падаваць дакумэнты на выезд, але паўстала пытаньне, што на злучэньне сям'і патрэбны асаблівыя ўмовы. Муж павінен быў працаваць, павінен быў мець адпаведную кватэру, каб прыняць нас”.

Сям’я Яўгена Мурашкі не атрымала нямецкую візу. Не было надзеі на тое, што новы эмігрант хутка здолее забясьпечыць сябе на чужыне, каб прыняць на ўтрыманьне такую вялікую сям’ю.

Спадарства Мурашкаў акрамя двух старэйшых сыноў мае яшчэ двух адаптаваных дзяцей. Гэта сыны стрыечнай сястры сп. Галіны з Хойнікаў. Яна памерла ад раку ў 37 гадоў, а яе муж памёр праз два месяцы і дзеці засталіся адныя.

(Арцёменка: ) "Я так думаю, што ад Чарнобылю. У мяне ўся радня з 30-кілямэтровай зоны, і сёньня паловы іх няма ў жывых. У аднаго майго родзіча памерла трое маленькіх дзяцей, памёр мой дзядзька ад раку, сястра, цётка, потым маці памерла. Вельмі прасіла іхная маці, каб іх не пакінулі, а потым прасіла іх бабуля, мая цётка. І я выконваю іх волю”.

Не было добрага здароўя ў дзяцей і ўнукаў. Калі ажаніўся адзін са старэйшых сыноў і ў яго нарадзілася дзіця, высьветлілася, што хлопчык цяжка хворы на алергію. Нявестцы дактары паставілі дыягназ – анэмія зь лейкозным сындромам.

Уся гэтая сям’я пасьля ад’езду гаспадара засталася бяз сродкаў для існаваньня і спадарыня Галіна вырашыла сама ратаваць блізкіх.

(Арцёменка: ) “Я зь дзяцьмі выехала ў Чэхію, фактычна, бяз грошай, без нічога, з чатырма дзецьмі. Я прайшла вялікія стрэсы, у мяне было вельмі цяжка са здароўем”.

Беларусы Прагі дапамаглі Галіне і ейным дзецям знайсьці часовы прытулак у Чэхіі. Сюды прыехаў і спадар Яўген зь Нямеччыны, які ў амаль што безнадзейнай сытуацыі здолеў забраць сям’ю да сябе.

Тут варта прыпыніць наш аповяд пра сям’ю Мурашкаў, каб зьвярнуць увагу на найбольш балючы момант на шляху эмігранта – гэта лёс ягонай сям’і. Як сьведчыць вопыт многіх удзельнікаў нашых папярэдніх перадачаў, заўсёды лепш, калі сям’я выяжджае разам. У іншым выпадку яе лёс можа аказацца вельмі драматычным. Далёка не ўсе сем’і змогуць пераадолець цяжкасьці, як гэта зрабіла спадарства Мурашкаў. Мне самой давялося быць сьведкай таго, як сужэнствы не вытрымлівалі выпрабаваньня эміграцыяй.

Вернемся ізноў да спадарства Мурашкаў. Зараз у іх больш-менш усё наладзілася.

(Мурашка: ) “Мы здымаем цяпер двухпавярховы дом, 120 кв.м., за яго нам плаціць дзяржава. Гэты дом пуставаў, мы яго адрамантавалі ўсёй сям'ёй. Гаспадар сказаў, што калі хочаце жывіце, пакуль будзеце плаціць.

Нам даюць на ежу, мэдычнае абслугоўваньне бясплатна, атрымоўваем грошы на дзяцей. Яны ў нас вучацца бясплатна ў школе.

Па мерках Нямеччыны мы знаходзімся на самым нізкім узроўні, мы за мяжою беднасьці. Не разгонішся, але тым ня менш няма праблемаў ні з вопраткай, ні з ежай.

Наконт працы вельмі цяжка. Я ўжо пажылы чалавек, мне 62 гады будзе, па мерках Нямеччыны я ўжо для працы не прыгодны, тут нават маладым працы не хапае”.

Старэйшыя сыны з сем’ямі жывуць асобна, працуюць. Спадар Яўген з сынамі патроху пачалі займацца і грамадзкай дзейнасьцю.

(Мурашка: ) “Праводзілі Чарнобыльскі пікет. Мы ў цэнтры гораду з плякатам, з нашым бел-чырвона-белым сьцягам стаялі і людзі падыходзілі і цікавіліся. Пра Чарнобыль там мала хто ведае. Ладзілі сустрэчы з нашымі сябрамі, тут нашыя зямлякі – народафронтаўцы ёсьць і мы ладзілі некалькі сустрэчаў. Так што сувязі падтрымліваем і пасьля, магчыма, арганізуем суполку. Калі нашым сябрам у Беларусі будзе вельмі кепска, мы гатовыя іх прыняць тут і дапамагчы, чым зможам. Наш прыклад можа некаму нешта падкажа”.

Спадарыня Галіна паведаміла, што найбольш яна цешыцца з таго, што ва ўсіх іх значна паправілася здароўе, а унучак цалкам выздаравеў. Дзеля гэтага, на яе думку, варта перажываць усе цяжкасьці.

(Арцёменка: ) “На чужыне жыць ня лёгка. Каб жыць на чужыне, тут трэба нарадзіцца. Яно быццам бы ўсё ёсьць, але ўсё адно чамусьці цяжка.

Нямеччына вельмі добрая краіна для немцаў.

Я пра сваю краіну проста плачу, я не магу бяз сьлёзаў думаць пра сваю краіну. Я параўноўваю нашых людзей і людзей тут. Беларусы зь дзяцінства ня так выхаваныя, як немцы.

Чаго ў нас не хапае? Не хапае, відаць, сьмеласьці, сьмеласьці – жыць лепш. У нас пастаянны страх, ён жыве ўнутры гэты страх – “вой, каб не было вайны, вой, добра, што ёсьць хлеб”. Столькі ўжо часу прайшло пасьля вайны, а нам пра ўсё гэта гаворыцца, як пра вялікае, вялікае дасягненьне. Так, я не адмаўляю, што калі няма вайны – гэта вялікае дасягненьне, калі ёсьць хлеб – гэта вялікае дасягненьне. Але, каб людзі былі моцнымі і больш сьмелымі патрэбна, каб ў іх былі і іншыя мэты”.

А зараз пагаворым зь беларусам, які не пажадаў назваць сваё прозьвішча і папрасіў называць яго проста Міхасём. Ён таксама жыве ў Баварыі, але цягам двух гадоў ня можа атрымаць прытулак у Нямеччыне. Ягоная сям’я пакуль засталася ў Беларусі.

(Міхась: ) "Адзін, гэта дрэнна, што адзін, да сямейных стаўленьне больш ляяльнае. Быў сябрам БНФ, удзельнічаў у мітынгах, ва ўсіх мерапрыемствах браў актыўны ўдзел. Некалькі разоў арыштоўваўся і ў клетцы мяне трымалі, і на вуліцы і ўдома арыштоўвалі.

Я прайшоў праз 12 судоў за 14 месяцаў, там мяне абараняла Арганізацыя Аб'яднаных Нацыяў, АБСЭ. Выехаў зь Беларусі з дапамогаю міжнародных праваабарончых арганізацыяў”.

Пры ўсім гэтым спадару Міхасю не ўдаецца даказаць, што ён сапраўдны палітычны ўцякач.

(Міхась: ) “Ведаю я вельмі шмат расейцаў, прыбалтаў, украінцаў прыяжджаюць і кажуць тут, што яны беларусы. Яны гэтым часмусьці вераць і бываюць выпадкі, што даюць прытулак тым людзям, якія найбольш хітрыя і выдумаюць больш закручаную гісторыю.

Часта сустракаюся зь землякамі зь Беларусі, размаўляю, такое ўражаньне склалася, што да нас – беларусаў стаўленьне немцаў самае напружанае, горшае, чым да жыхароў другіх краін. Тыя людзі, хто доўга тут жыве, кажуць, што, мабыць, у некаторых немцаў, зь якімі вы сустракаецеся, нехта ў Беларусі загінуў пад час вайны. Але, я працаваў у аднаго немца, у якога бацька ваяваў у Беларусі, застаўся жывы, быў у палоне, і там жанчыны прыносілі бульбу і кідалі ім праз калючы дрот. У яго былі вельмі добрыя адносіны былі да мяне. У ягонага суседа таксама бацька ваяваў у Беларусі, пад Віцебскам і застаўся таксама ў жывых. Гэты сусед таксама добра ставіўся да мяне”.

(Карэспандэнтка: ) “Спадар Міхась, зь якіх прычынаў Вам адмовілі ў прытулку?”

(Міхась: ) “Інспэктар, які разглядаў маю справу, сказаў што ён ня ведае, што ў Беларусі дрэнныя палітычныя абставіны. Гэта пісьмова я такі адказ атрымаў. Нямеччына некалькі дзён таму ноту пратэсту паслала беларускаму ўраду, а інспэктар так піша. Судзьдзя таксама на маю апэляцыю адмоўны адказ дала, у якасьці прычыны напісала, што з-за таго, што я туды легальна прыехаў, па візе і з пашпартам.

Цяпер ніхто ня можа, ні адвакат, ні сьвятар, які мне дапамагае, ня могуць зразумець, а як трэба было прыехаць. Сьвятар назваў гэта ўсё абсурдам. Вядома ж мой абаронца ізноў падаў апэляцыю ў вышэйшую інстанцыю. Потым можна падаць яшчэ ў Эўрапейскі суд, так што гэта можа цягнуцца бясконца”.

Доўга цягнецца разгляд заявы аб палітычным прытулку сям’і Зьміцера і Тацьцяны Майсеенкаў. Яны ўжо каля 5 гадоў жывуць у Нямеччыне, таксама ў Баварыі.

(Майсеенка: ) "У Беларусі мы жылі ў Сьветлагорску, я там нарадзіўся. Мы з жонкаю ўдзельнічалі ў апазыцыйным руху, былі чальцамі БНФ і зараз зьяўляемся. Калі была выбарчая кампанія прэзыдэнта ў 1999 годзе, за удзел у гэтай кампаніі нас пачалі перасьледаваць. Мы падаліся ў Нямеччыну. Я адразу, як прыехаў, папрасіў палітычны прытулак, празь месяц прыехала жонка з сынам і яна таксама папрасіла прытулак. Усе дакумэнты, усё паклалі – паперы з пракуратуры, як нас выклікалі, як дапытвалі”.

Сп. Майсеенка лічыць, што ім таксама не давяраюць, лічаць, што яны толькі выдаюць сябе за палітычных уцекачоў.

(Майсеенка: ) “Справа ў тым, што беларуская праблема была забруджаная і цяпер таксама. Мы былі знаёмыя з такімі. Прыяжджаюць, да іх першае пытаньне, ці размаўляюць па-беларуску. А яны кажуць, навошта гэта? Прыяжджаюць людзі зусім з іншых краінаў СНГ, выдаюць сябе за беларусаў. Таму мой першы абаронца нічога ня мог зрабіць, ён думаў, што гэта чарговыя "казачнікі" прыехалі.

Мы падалі заяву, чакалі прыкладна 2 гады да суду, па прапанове міжнароднай амністыі ўзялі адваката, але, ён нічога ня змог зрабіць. На нашы заявы аб прытулку Бундэсамт адмовіў. Яны пісалі, што перасьледу няма. Што існуюць палітычныя партыі. Да нас сур'ёзнага падыходу не было.

Наступны этап – мы абскардзілі гэтую пастанову.

Мы чакалі 2 гады, пакуль суд знойдзе час на нашую праблему, але, суд адмовіў нам таксама. Мы падключалі Міжнародную амністыю, яны тэлефанавалі туды, але абаронца быў такі, што заплюшчваў вочы і не жадаў далей размаўляць, неўважліва паставіўся да нашай праблемы.

Цудам мы пазнаёміліся зь Язэпам Паўловічам, ён сказаў, што ведае аднаго абаронцу, паспрабуйце зь ім зьвязацца. Зьвязаліся зь ім, і ён пагадзіўся дапамагчы. Потым і вышэйшы суд нам адмовіў. Але, наш абаронца так узяўся за нас і сказаў, што будзе далей нам дапамагаць. Ён нас выслухаў, забраў усе нашыя дакумэнты і напісаў вялізную апэляцыю ў Бундэстаг. Гэта было прыблізна ў мінулую восень, зараз ізноў наступіла восень, але адказу няма, яшчэ разглядаецца. Мы спадзяемся. Спачатку мы думалі, што нас замежнікаў тут ня любяць, але мы бачым, што ўсё ж такі і на працы паважаюць, і абаронца так добра нас абараняе".

Гэта быў Зьміцер Майсеенка – уцякач зь Беларусі, які падзяліўся сваім досьведам атрыманьня палітычнага прытулку ў Нямеччыне.

У нашых наступных перадачах мы пазнаёмім вас з палітычнымі эмігрантамі з іншых краінаў і досьведам іхнага жыцьця.