Спачатку – пра каляндар учорашняе нядзелі.
26 кастрычніка ў Беларусі афіцыйна адзначаўся Дзень аўтамабіліста, а ў сьвеце – Дзень нараджэньня футбола. Цікава, што годам нараджэньня гэтай гульні называецца 1863 год, гэта значыць, год пачатку паўстаньня Кастуся Каліноўскага ў Беларусі. Менавіта 26 кастрычніка 140 гадоў назад прадстаўнікі футбольных клюбаў сабраліся ў Лёндане, каб выпрацаваць адзіныя правілы гульні і заснаваць першую ў сьвеце Нацыянальную футбольную асацыяцыю.
26 кастрычніка 1810 году нарадзіўся беларускі скульптар і змагар за незалежнасьць Генрых Дмахоўскі. Пасьля сканчэньня Віленскага ўнівэрсытэту ён вучыўся ў Францыі, адкуль адправіўся ў ЗША. Там Дмахоўскі стварыў скульптурныя партрэты Тадэвуша Касьцюшкі і амэрыканскага прэзыдэнта Томаса Джэфэрсана. Гэтыя бюсты і сёньня ўпрыгожваюць памяшканьне Кангрэсу ЗША. Вярнуўшыся на радзіму акурат у часе паўстаньня Каліноўскага, Дмахоўскі стаў паўстанцкім камісарам Дзісенскага павету. Вясною 1863 году ён загінуў у баі каля вёскі Парэчча пад Барысавам.
26 кастрычніка 1959 году нарадзіўся адзін з найбольш таленавітых і шанаваных сучасных беларускіх паэтаў Анатоль Сыс.
А яшчэ 26 красавіка ў розныя гады прыйшлі на сьвет прэзыдэнт Францыі Франсуа Мітэран, які кіраваў сваёй краінай два тэрміны па 7 гадоў, і амэрыканская кангрэсмэнка Гілары Клінтан, якая нібыта мае намер балятавацца на пасаду прэзыдэнта ЗША.
Цяпер пра каляндарныя падзеі дня сёньняшняга.
27 кастрычніка Дзень незалежнасьці адзначаецца ў Туркмэністане. Цікава, што калі ў нас галоўнае дзяржаўнае сьвята прызначанае на дзень вызваленьня Менску ад фашыстаў, дык у іх – на дзень абвяшчэньня Туркмэнскай ССР. Дарэчы, дыпляматычныя дачыненьні Туркмэністану зь Беларусяй былі ўсталяваныя толькі ў 1993 годзе.
27 кастрычніка 1430 году памёр вялікі князь Вітаўт, сярэднявечны кіраўнік нашага краю. Вітаўт кіраваў Вялікім Княствам Літоўскім амаль сорак гадоў і за гэты час ягоная дзяржава стала самай вялікай у Эўропе – ад Балтыкі да Чорнага мора. Вялікі князь меўся стаць каралём і ў ягоную рэзыдэнцыю ўжо былі зьехаліся госьці з усяго сьвету. Але ў дзень каранацыі 80-гадовы Вітаўт памёр.
27 кастрычніка 1989 году на вайсковай базе пад Станькавам на Койданаўшчыне, згодна з савецка-амэрыканскай дамовай пра ліквідацыю ракетаў сярэдняй і меншай дальнасьці, зьнішчаная была апошняя ракета СС-23. З гэтага моманту Беларусь стала бязьядзернай тэрыторыяй.