INTERNATIONAL HERALD TRIBUNE: КАПІТАЛІЗМ ДОБРА ЎПЛЫВАЕ НА ЗДАРОЎЕ

Алена Ціхановіч, Прага

Жыцьцё чэскага мужчыны падоўжылася на чатыры гады – цяпер гэта ў сярэднім 71 год, а чэскай жанчыны на тры – да 78. Такія сьведчаньні дзяржаўнай статыстыкі.

Як заўважае Ітка Рыхтарыкава, загадчыца катэдры дэмаграфіі Карлаўскага ўнівэрсытэту – гэтае падаўжэньне жыцьця найбольш значнае сярод краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы.

Што так спрыяе чэхам? Па-першае, адзначае спадарыня Рыхтарыкава, гэта лепшае мэдыцынскае абслугоўваньне. Пасьля 1989 году – часу падзеньня тут камунізму, людзям упершыню сталі даступныя многія лекі, асабліва для сардэчных хваробаў. Наагул, чэхі сталі выбіраць здаравейшы спосаб харчаваньня ды больш здаровы лад жыцьця.

Капіталізм зьмяніў стыль жыцьця людзей, бо яны атрымалі большы выбар у супэрмаркетах і рэстарацыях. Замест традыцыйных камбінацыяў чэскай кухні vepro-knedlo-zelo (гэта значыць тушанае мяса, кнедлік ды капуста), на стале цяпер больш кураціны, рыбы ды сьвежай гародніны.

Напрыклад, у параўнаньні з 1990 годам, спажываньне ялавічыны і сьвініны значна зьменшылася, а курынага мяса ўзрасло ўдвая. Кожны чэх за апошняе дзесяцігодзьдзе стаў есьці гародніны дзесьці на чвэрць больш. Спажываньне паўдзённых фруктаў павялічылася ўдвая – ад 15 да 27 кіляграмаў на асобу. Раней, скажам, бананы ці апэльсыны былі даступныя толькі абмежаваны час, цяпер – круглы год.

Карэспандэнт International Herald Tribune наведаў адзін з рэстаранаў у Пльзені, які называецца “Сланечнік” і пагутарыў зь яго гаспадарамі. Муж і жонка Зымеравы пачыналі з таго, што адчынілі рэстаран хуткага харчаваньня. Праз шэсьць месяцаў заўважылі, што людзям гамбургеры ня надта падабаюцца. На іхнай рэстарацыі зьявілася новая шыльда: “Рэстаран здаровай ежы”. У абед тут поўна студэнтаў ды служачых, якія ядуць цёртую моркву з сырам тофу ды п’юць экзатычныя напоі з траваў.

“У самым пачатку,” – распавядае Эва Зымерава, – “наведвальнікі задавалі шмат пытаньняў, асабліва мужчыны. Яны ня ведалі, напрыклад, розьніцу паміж аўсом ды ячменем, ня ведалі, як смакуе кукурузная каша.”

Хаця рэстараны здаровай ежы становяцца папулярнымі ў вялікіх гарадах, жыцьцё і традыцыі чэскай вёскі, між тым, застаюцца больш кансэрватыўнымі. Тут па ранейшаму ў пашане тлусьцейшыя сьвініна ды качка, густыя сьмятанныя соўсы ды шмат хлеба.

І яшчэ ў адным чэхі ўпарта трымаюцца сваіх традыцый – нягледзячы на тое, што ва ўсім сьвеце ўсё большую перавагу аддаюць віну, тут лідзіруе піва. Сярэдні чэх выпівае 156 літраў піва штогод і малаверагодна, што гэтая тэндэнцыя зьменіцца цягам бліжэйшых дзесяцігодзьдзяў, заключае аўтар International Herald Tribune.