Удзельнікі: карэспандэнт Свабоды ў Гарадзенскай вобласьці Сяргей Астраўцоў і сустаршыня грамадзкага аб’яднаньня “Прыватная ўласнасьць” Леанід Малахаў.
(Валер Карбалевіч: ) “Галадоўка 26 работнікаў “Радыё-таксі” ў Ваўкавыску, якая працягваецца больш за тыдзень — беcпрэцэдэнтная зьява для Беларусі. Па-першае, гэта самая масавая галадоўка за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Сваволя падатковых ды іншых кантрольных органаў — зьява вядомая і звычайная для краіны. Цяпер ў Ваўкавыску яна выклікала вось такую незвычайную форму супраціву.
Па-другое, яна вылучаецца незвычайнаю для новай Беларусі салідарнасьцю гаспадара і наёмных работнікаў. Вядома, што на дзяржаўных прадпрыемствах і ўстановах людзі зарабляюць значна менш, іх эканамічнае становішча горшае, асабліва ў правінцыі. Тым ня менш, там не пратэстуюць. А акцыю пратэсту ладзяць працаўнікі прыватнай фірмы.
Па-трэцяе, такі незвычайны формай пратэст адбываецца ў правінцыйным горадзе. А вядома, што ў правінцыі людзі поўнасьцю залежныя ад улады і арганізаваць іх на пратэст вельмі цяжка. Тым ня менш, галадоўка працягваецца, і да яе далучаюцца новыя людзі. Як бы вы пракамэнтавалі гэтую сытуацыю ў Ваўкавыску?”
(Сяргей Астраўцоў: ) “Сапраўды, на фоне грамадзкага жыцьця Беларусі апошняга часу гэтая акцыя ў Ваўкавыску вылучаецца. Чым можна патлумачыць такую працягласьць і ўпартасьць вялікай колькасьці людзей? На мой погляд, тут ёсьць два чыньнікі. Найперш, вылучаецца асоба Мікалая Аўтуховіча, гаспадара гэтай фірмы таксовак. Ён удзельнічаў у вайне ў Афганістане, цяпер актыўны ўдзельнік руху вэтэранаў гэтай вайны. Аўтуховіч узнагароджаны ордэнам, баявымі мэдалямі. Гэты чалавек мае характар і волю.
Другі чыньнік. Ваўкавыск — правінцыйны горад. І мы прывыклі да таго, што ў правінцыі ўсё нецікавае і занядбанае. Але, магчыма, гэта першы правінцыйны горад у Беларусі, дзе Аўтуховіч стварыў такую добрую фірму радыётаксі, у якой выкарыстоўваюцца мэрсэдэсы з пляфонамі. Такія ж машыны выкарыстоўваюцца для таксовак у Беластоку, Варшаеве альбо Бэрліне. Сам Аўтуховіч кажа, што мэрсэдэсы лічацца ў Эўропе самымі бясьпечнымі аўтамабілямі для таксовак. То бок, у гэтай справе правінцыйны Ваўкавыск выйшаў на эўрапейскі ўзровень.
Гэта салідная фірма, людзі там нармальна зарабляюць. А цяпер іх пазбавілі працы, на месяц спынілі ліцэнзію. А гарадзкія ўлады прапанавалі кіроўцам вярнуцца ў тыя дзяржаўныя арганізацыі, дзе яны працавалі раней: “Спэцаўтатранс”, іншыя. Там тры вакансіі трактарыстаў. Гэтыя людзі сышлі адтуль таму, што там было мала працы й нізкія заробкі. І гэтая сытуацыя вельмі сымбалічная. Людзям прапануюць перасесьці з сучаснай машыны на брудны трактар з усімі наступствамі: заробкам ды іншым. Якраз спалучэньне асобы Аўтуховіча і прапановы перасесьці з мэрсэдэсаў на трактары і выклікала такі пратэст”.
(Леанід Малахаў: ) “З боку прадпрымальнікаў галадоўка — форма негвалтоўнага супраціву, пра які так шмат пісаў Дж.Шарп. Гэта пазытыўны прыклад таго, як трэба адстойваць свае правы ў гэтай краіне. І тое, што наёмныя працаўнікі падтрымалі свайго шэфа, — гэта таксама добры прыклад. А з боку чыноўнікаў гэта прыклад нядобрасумленнай канкурэнцыі. Мусіць, гэта нейкі заказ. Трэба атрымаць інфармацыю, ці ёсьць там канкурэнты, якія працуюць у гэтай жа нішы бізнэсу, за якімі стаяць чыноўнікі. Магчыма, адтуль ногі растуць”.
(Карбалевіч: ) “Вядома, што ў Беларусі адносіны насельніцтва да прапрымальнікаў даволі насьцярожаныя. На гэта ўплывае і спадчына савецкай ідэалёгіі, і зайдрасьць, і іншыя чыньнікі. У Ваўкавыску ж да прыватных таксоўцаў адносіліся з павагаю. І арышт 13 аўтамабіляў, а потым, увогуле, пазбаўленьне ліцэнзіі на працу кіраўніка фірмы Мікалая Аўтуховіча, ставяць мінакоў у нязручнае становішча. Якая рэакцыя насельніцтва Ваўкавыску на гэтую акцыю? Ці ёсьць нейкія праявы салідарнасьці зь людзьмі, якія аб’явілі галадоўку, іншых грамадзкіх арганізацыяў?”
(Астраўцоў: ) “Наколькі я арыентуюся, людзі ў Ваўкавыску іх падтрымліваюць. Таму што рэпутацыя ў фірмы была някепская. Тарыфы ў іхных таксоўках былі меншыя, чым у дзяржаўных: за кілямэтар 450 і 640 рублёў днём, 500 і 825 рублёў уначы. Яны падлічылі, што за паўгоду, дзякуючы меншым тарыфам, зэканомілі людзям 56 мільёнаў рублёў. Гарадзкі бюджэт атрымліваў падаткі. То бок, усім была карысьць.
Я размаўляў у таварыстве спажыўцоў, і там таксама аб фірме Аўтуховіча нармальна кажуць. Пра яго кажуць, што гэта сапраўдны прадпрымальнік, які пачынаў бізнэс з таго, што вазіў з Украіны соль. Потым зарабіў грошы, узьняўся, стварыў салідную фірму, даў працу 60 чалавекам.
Ёсьць там незалежная “Местная газета”, якая падрабязна асьвятляе гэты канфлікт, спачувае гэтым людзям. У газэты салідны наклад па правіцыйных маштабах: 7 300 асобнікаў. Калі казаць пра падтрымку грамадзкіх арганізацыяў, партыяў, то трэба прызнаць, што яе амаль няма. Ведае пра сытуацыю дэпутат Фралоў. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў ад Ваўкавыску Лукашэвіч прыходзіў да галадоўнікаў, цікавіўся, але ніякіх ацэнак не даваў.
Напэўна, галадоўнікі самі адчулі брак такой падтрымкі. Таму на сваім сходе вырашылі стварыць першасную арганізацыю прафсаюзу прадпрымальнікаў “Садружнасьць”. Каб зь ягонаю дапамогаю можна было вырашаць юрыдычныя і іншыя пытаньні”.
(Малахаў: ) “Рэакцыю грамадзтва трэба ацэньваць з улікам інфармацыйнай сытуацыі ў краіне. Улады штучна ствараюць вакуум інфармацыі. Напрыклад, я з калегамі атрымаў інфармацыю аб падзеях у Ваўкавыску толькі праз Інтэрнэт-сайты. І толькі пасьля, праз пэўны час, гэта знайшло адлюстраваньне ў прэсе. Закрыцьцё незалежных газэтаў таксама ўплывае на сытуацыю. Няма адзінай інфармацыйнай прасторы, якая бы аб’яднала людзей у іх бедах ці праблемах. Гэтым тлумачыцца слабая рэакцыя арганізацыяў, партыяў, шараговых грамадзянаў.
Я абмяркоўваў сытуацыю з калегамі са сваёй арганізацыі, з Валерам Леванеўскім з Горадні. Днямі павінна быць рэакцыя, акцыі прадпрымальніцкіх структураў у падтрымку галадоўнікаў у Ваўкавыску.
А арышт 13 аўтамабіляў — гэта, я лічу, злачынства ўладаў. Калі арыштоўваюць некаторых людзей з кіраўніцтва “Velсom”, то мабільнай сувязі не адключаюць”.
(Карбалевіч: ) “Вось спадар Малахаў закрануў пытаньне аб пазыцыі ўладаў. Як можна ацаніць рэакцыю ўладаў на гэтую акцю пратэста ў Ваўкавыску? З аднаго боку, падаецца, што для мясцовай вэртыкалі сытуацыя даволі непрыемная. Старшыня райвыканкаму Міхаіл Савельеў зьвяртаўся да галадаючых кіроўцаў з просьбай перапыніць галадоўку, прапаноўваў уладкаваць на працу. У выходныя прыехаў у Ваўкавыск з гэтай нагоды нават старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Саўчанка, абяцаў вярнуць арыштаваныя аўтамабілі. “Советская Белоруссия” надрукавала даволі нэўтральную заметку аб гэтай падзеі.
Зь іншага боку, падатковыя органы не зьбіраюцца саступаць. А Міністэрства транспарту якраз падчас галадоўкі нават пазбавіла кіраўніка фірмы Аўтуховіча ліцэнзіі на права пасажырскіх перавозак. Дык ці ёсьць нейкая адзіная пазыцыя ўладных структураў у дачыненьні да гэтых падзеяў у Ваўкавыску?”
(Астраўцоў: ) “Што тычыцца дзеяньняў уладаў, то тут вядзе рэй Міністэрства падаткаў і збораў. Яно ў такім азарце, з імпэтам арыштавала гэтыя машыны, ня думаючы, што на іх працуюць людзі, ім патрэбныя заробкі, у іх ёсьць сем’і. Адзіным вынікам галадоўкі стала тое, што разблякавалі рахунак фірмы, і людзям выплацілі заробкі за верасень.
Зразумела, уладам гэтая сытуацыя непрыемная. Прыяжджаў старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Саўчанка. Ён паабяцаў вярнуць машыны, але іх не вярнулі. І людзі кажуць: “Як жа так, каму тады можна давяраць? Калі нават Саўчанка ня можа нічога зрабіць, то хто? І навошта тады было абяцаць?”
Аўтуховіч — такі чалавек, які з уладамі не канфліктаваў. Да яго шмат хто зьвяртаўся з просьбай аб дапамозе. І ён не адмаўляў. У мясцовай газэце надрукаваны сьпіс установаў і арганізацыяў, якія зьвярталіся па дапамогу да Аўтуховіча. Гэта райвыканкам (двойчы), раённы ваенны камісарыят, дзіцячы дом, царква, Беларускі саюз дапамогі інвалідам вайны і іншыя. І Аўтуховіч дапамагаў ім. Здаецца, ён павінен быў усіх задавальняць, не выклікаць дрэнных пачуцьцяў. Тым ня менш, на яго вось так напалі.
Для мясцовых уладаў найлепш было б, каб усё адбывалася як мага цішэй. Каб не было вялікага розгаласу. Каб сытуацыя ня выйшла за межы офісу. Іх не чапаюць, міліцыя не пагражае. Уладам не падабаецца, што пра гэтую сытуацыю пачалі паведамляць СМІ, у прыватнасьці, Радыё Свабода. Выканкам упікае Аўтуховіча тым, што ён ператварае сваю акцыю ў палітычную. І доказам таго лічаць паведамленьні Радыё Свабода”.
(Малахаў: ) “Зьявіўся новы від дзяржаўнага бізнэсу — продаж канфіскату. Колькасць крамаў, якія гандлююць канфіскаванымі таварамі, вельмі вялікая. Ня дзіўна будзе, калі гэтыя арыштаваныя аўтамабілі ўсплывуць дзесьці ў нейкіх чыноўнікаў. Відавочна, што кіраўнікам вэртыкалі недаспадобы, што розгалас аб акцыі ў Ваўкавыску выходзіць за межы гораду, яна становіца больш публічнай. А з боку галадоўнікаў публічнасьць — гэта тая зброя, якая дапаможа ім выстаяць у гэтай барацьбе”.
(Карбалевіч: ) “Відавочна, што галадоўка ў Ваўкавыску — акт адчаю, магчыма, адзіная ў сёньняшніх умовах зразумелая людзям форма пратэсту супраць сваволі ўладаў. Зь іншага боку, публічныя пратэсты з вылучэньнем сацыяльна-эканамічных патрабаваньняў — гэта элемэнт сацыяльнага крызысу. Час пакажа, ці гэта адзінкавая зьява, ці гэта сымптом нейкіх глыбокіх сацыяльных працэсаў у грамадзтве”.