НОВАЕ БЕЛАРУСКАЕ АБ’ЯДНАНЬНЕ Ў СІБІРЫ

Ганна Сурмач, Прага

УДЗЕЛЬНІКІ: Любоў Адашкевіч, Пятро Берыльчанка, Марыя Вітрэнка, Аляксандр Купрыянец, Ігар Лебедзеў.

Томск і Томскую вобласьць беларусы асволі больш за 400 гадоў таму, з тых самых часоў, калі выхадцы зь Беларусі пачалі засяляцца ў Сібір.
Але чамусьці гуртавацца разам яны пачалі толькі некалькі гадоў таму. Цяпер у гэтай заходнесібірскай вобласьці Расеі дзейнічае Томская рэгіянальная грамадзкая арганізацыя беларускай культуры “Белыя Росы”.

Аб’яднаньне мае шырокі прастор для дзейнасьці. Сёньня
у Томскай вобласьці налічваецца больш 10 тыс. беларусаў. Сярод іх нашчадкі перасяленцаў канца 19 і пачатку 20 стагодзьдзяў, якія жывуць у шасьці раёнах вобласьці, дзе існуюць 13 гэтак званых “беларускіх вёсак”. У гэтых вёсках да нашага часу старэйшыя людзі размаўляюць па-беларуску.

(Адашкевіч: ) "Размаўляюць, калі гэта вёска, то яны на расейскай мове практычна не размаўляюць".

Гэта была Любоў Адашкевіч, ініцыятар стварэньня беларускай суполкі. Менавіта яна дала аб’яву ў сродкі масавай інфармацыі з заклікам “Зьбірайцеся, беларусы!”.

(Адашкевіч: ) "Я зацікавілася гэтым даўно, спачатку шукала тых, хто хацеў бы гэта зрабіць. У нас у вобласьці вельмі шмат нацыянальных культураў. Мы падумалі, а чым мы горшыя?”

Адашкевіч была абраная першай старшынёю суполкі. Аб’яднаньне пачало працаваць на базе Томскага Дому дзяцінства, дзе спадарыня Адашкевіч займае пасаду дырэктара. Яна настаўніца па прафэсіі, жыла і вучылася ў Беларусі. У 1979 годзе з маленькай дачкою прыехала ў Томск да сястры і засталася там назаўжды.

(Сурмач: ) “Сп. Любоў, колькі людзей уваходзяць у суполку, чым займаецеся?”

(Адашкевіч: ) "На сёньняшні дзень больш за 100 чалавек з Томска і з вобласьці. Мы тут стварылі свой калектыў беларускай песьні, зь ім мы выяжджаем у вёскі, ансамбль "Крылы". Зараз ствараем танцавальны калектыў. Зьбіраемся выпускаць сваю газэту на беларускай мове.

Што цікавае бывае – зборы ўсіх нацыянальных культураў Томскай вобласьці. Звычайна гэта бывае 1 траўня. Абавязкова мы ўдзельнічаем у гэтым сьвяце. У гэтым годзе было шэсьце паўз цэнтральныя вуліцы гораду. Мы таксама ішлі ўсе ў нацыянальных касьцюмах, зь песьнямі. Шмат дзяцей было з нашых беларускіх сямей."

Пераважная частка томскіх беларусаў паходзяць з Магілеўшчыны ды Гомельшчыны, гэта людзі з розных хваляў эміграцыі. Ёсьць нашчадкі шляхецкіх родаў з Беларусі.

(Адашкевіч: ) “У цэнтры польскай культуры ёсьць Ханевічы, яны сабралі багаты матэрыял, зрабілі сваё генеалягічнае дрэва, сваёй сям'і. Яны беларусы, але – зь імі і з намі, ня ведаюць куды прыстаць. А самі з Гомельшчыны, маладыя, усе кандыдаты навук".

(Сурмач: ) “Сп. Любоў, чым беларусы выдзяляюцца сярод іншых нацыянальнасьцяў у Томску?”

(Адашкевіч: )”А чым адрозьніваюцца? Як правіла ў нашай дыяспары ці ў нашай суполцы ў асноўным народ адукаваны, інтэлігентны – кандыдаты навук, журналісты, мастакі, настаўнікі”.

(Сурмач: ) “Пятро Бeрыльчанка – цяперашні старшыня суполкі, які пераняў гэтую пасаду ад спадарыні Адашкевіч, працуе журналістам.”

(Берыльчанка: ) "Так, я працую журналістам, свой часапіс маю пад назваю "Территория согласия", пра жыцьцё народаў Томскай вобласьці. Я выкладаю таксама журналістыку ў Школе маладога журналіста пры Томскім унівэрсытэце”.

Пятро нарадзіўся ў Томску, ягоныя бацькі прыехалі зь Беларусі на пачатку 1970-х гадоў, прыехалі туды вучыцца. Сам Пятро наадварот 6 гадоў вучыўся ў Беларусі.

Як старшыня Пятро заклапочаны тым, каб арганізаваць пры суполцы вывучэньне беларускай мовы. Ёсьць у суполцы і настаўніца, якая магла бы навучаць роднай мове. Гэта спадарыня Марыя Вітрэнка.

(Вітрэнка: ) "Магла бы. Яшчэ да гэтага не дайшлі, мы зьбіраемся”.

(Сурмач: ) “Сп. Марыя адпрацавала ў школе 39 гадоў. Нарадзілася яна ў Беларусі, у Нясвіжскім раёне. У Томск прыехала ў 1958 годзе.”

(Вітрэнка: ) "Так. Пабралася шлюбам. Скончыла пэдагагічную вучэльню і мяне накіравалі ў Ваўкавыскі раён на працу. Мой будучы муж служыў у войску у Ваўкавыску, яны прыходзілі да дзяўчат, і так мы пазнаёміліся зь ім. Ён ужо заканчваў службу, мы расьпісаліся”.

Сын і дачка спадарыні Марыі ня раз бывалі ў Беларусі, добра ведаюць крэўных сваёй маці і тыя мясьціны, адкуль яна паходзіць.

Кожны год езьдзіць да маці ў Беларусь яшчэ адзін цяперашні томіч Аляксандар Купрыянец. Ён нарадзіўся ў Талачыне Віцебскай вобласьці. У Сібір прыехаў у 1971 годзе яшчэ зусім маладым хлопцам пасьля заканчэньня школы. Потым скончыў Томскі інжынэрна-будаўнічы інстытут і зрабіў пасьпяховую кар’еру. Цяпер ён зьяўляецца намесьнікам старшыні дзяржаўнай думы Томскай вобласьці.

(Сурмач: ) “Спадар Аляксандар вы ўжо прызвычаіліся да суровага сібірскага клімату, але хіба вам не стае чагосьці, пра што памятаеце зь дзяцінства?”

(Купрыянец: ) “Я з 1971 году ні разу не бачыў, як сад цьвіце. Можаце сабе ўявіць, калі наступае вясна, як хочацца пабачыць, як цьвіце сад”.

(Сурмач: ) “Спадар Аляксандар, чаму ўсё ж засталіся у Сібіру, не вярнуліся на Бацькаўшчыну?”

(Купрыянец: ) “Застаўся з той прычыны, што тут скончыў інстытут, было сталае месца працы, зьявілася свая сям'я. Хаця была спроба пераехаць у Беларусь. І гэта было зроблена, але гэта быў яшчэ 1985 год і “па партыйнай лініі” мяне не адпусьцілі. І мне прышлося вярнуцца назад на працу. Ад'ехаць цяпер вельмі складана. Калі б сёньня “бацька” Лукашэнка даў магчымасьць беларусам жыць і працаваць у Беларусі, магчыма, вялікая колькасьць людзей вярнулася б да сябе на Радзіму”.

Мастак Ігар Лебедзеў прыехаў у Томск 31 год таму. Родам ён з Магілёва, скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут па спэцыяльнасьці мастак-кераміст. Аднойчы на выставе ў Менску ягоныя керамічныя працы пабачылі зацікаўленыя людзі з Томску. Там быў адчынены керамічны завод і не хапала спэцыялістаў. Яны і запрасілі спадара Лебедзева на працу ў Сібір.

(Лебедзеў: ) “Я прыехаў, паглядзеў, мне спадабаліся людзі, спадабаўся завод. Дырэктар завода намовіў мяне працаваць не галоўным мастаком, а галоўным інжынэрам, бо ў мяне былі добрыя веды тэхналёгіі і абсталяваньня. Я працаваў там некалькі гадоў, за год вывеў завод з апошняга на першае мейсца. Потым я ўжо працаваў ў Кемерава, у Мастацкім фондзе, быў старшынём Саюзу маладых мастакоў Кемераўскай вобласьці. А потым мяне ізноў паклікалі ў Томск, у іх не ішла праца ў мастацкім кірунку, ужо быў ў якасьці галоўнага мастака завода. А потым я стаў галоўным мастаком Аб'яднаньня мастацкіх промыслаў Томска і Томскай вобласьці".

(Сурмач: ) “Спадар Ігар, Вы нарадзіліся і атрымалі адукацыю ў Беларусі, ці прысутнічаюць беларускія традыцыі, матывы ў Вашай творчай працы на чужыне?”

(Лебедзеў: ) "Большасьць маіх работ нясе ў сабе беларускія вобразы. Тут зьявілася разьба па дрэву, якую я ведаў у Беларусі. Пад маім кіраўніцтвам пачала разьвівацца мастацкая апрацоўка берасты. Я хацеў тут разьвіць і мастацтва саломкі, езьдзіў у Жлобін і вучыў людзей. Людзей я навучыў, але так вышла, што не атрымалася”.

(Сурмач: ) “Але спадар Ігар ужо мае праблемы з роднай мовай і, як бачым, яму ўжо цяжка размаўляць чыста па-беларуску, так што навучаньне патрэбна ня толькі дзецям, але і дарослым сябрам суполкі.”

(Лебедзеў: ) “Гамонкі няма ў мяне беларускай, акцэнт захаваўся і па гэтым акцэнце мяне ўсе пазнаюць як беларуса."

(Сурмач: ) “А ці будзеце Вы, спадар Ігар, вучыць пры суполцы беларускіх дзетак майстэрству керамікі?”

(Лебедзеў: ) "З задавальненьнем вучыў бы дзетак беларускіх, у нас у плянах гэта ўсё ёсьць. Цікава гэтым дзеткам беларускім ня толькі мову вучыць, але і мастацтва Беларусі, прыкладное мастацтва. Хацеў бы даць ім ведаў патрошку ва ўсіх кірунках мастацтва – кераміка, дрэва, бераста, лаза, саломка, шкло. Гэта, калі нам дапамогуць у разьвіцьці нашага беларускага аб'яднаньня, найперш з памяшканьнямі, бо патрэбныя майстэрні”.

Мастак Ігар Лебедзеў на разьвітаньне выказаў словы, да якіх, здаецца, маглі б далучыцца ўсе ўдзельнікі нашай сёньняшняй перадачы.

(Лебедзеў: ) "У Беларусь усё адно цягне, цягне, цягне, ой цягне. Пажыў бы там, пабачыў людзей, нажывіўся б гэтымі сокамі роднай прыроды, роднай зямлі, роднага ветру. Як успомню, дык аж сьлёзы цякуць. Беларусы жывуць усюды ў Расеі, але забываць сваю гісторыю, свой народ ні ў якім разе нельга!”

Беларускае аб’яднаньне ў Томску мае свой сайт у інтэрнэце, дзе вы можаце больш пазнаёміцца з іхнай дзейнасьцю. На жаль, пакуль што ён мае толькі расейскамоўную вэрсію. Але там для патрэбаў сяброў суполкі ўжо зьмешчаны падручнік “Гавары са мной па-беларуску. Базавы курс клясычнае беларускае мовы” Сяржука Аляксандрава і Галіны Мыцік.