БЕЛАРУСКІ ГІТ-ПАРАД НА НОВЫМ САЙЦЕ “ТУЗІН ГІТОЎ”; САЙТ БЕЛАРУСКІХ ЖАНОЧЫХ АРГАНІЗАЦЫЯЎ

Віталь Цыганкоў, Менск

(Цыганкоў: ) “У Беларусі ствараецца жаночая віртуальная прастора. Праграма "Садзейнічаньне доступу і адукацыі ў інтэрнэце" і Грамадзкае аб'яднаньне "Супрацоўніцтва дзелавых і творчых жанчынаў" абвесьціла пра пачатак доўгатэрміновага праекту "Узмацненьне інфармацыйнай прасторы жаночай супольнасьці ў Беларусі". Канчатковая мэта акцыі — стварэньне вэбсайту сеткі беларускіх жаночых няўрадавых арганізацый. Як да гэтай ідэі ставяцца самі прадстаўніцы жаночых аб'яднаньняў, высьвятляў наш карэспандэнт Ігар Карней.”

(Карней: ) “Удзельнікам праекту можа быць прадстаўніца (ці прадстаўнік) любой жаночай няўрадавай арганізацыі Беларусі, мэта якой — стварэньне сайту сваёй арганізацыі. Адсюль жа вынікаюць і задачы праекту наагул: на базе віртуальнага каардынацыйнага інфармацыйнага рэсурсу забясьпечыць абмен навінамі ў інтэрнэце паміж регіянальнымі жаночымі арганізацыямі.

Такім чынам, у выніку на ўсіх сайтах беларускіх жаночых няўрадавых арганізацый, якія ўжо існуюць і яшчэ будуць створаныя ў часе рэалізацыі праекту, можна будзе даведацца пра ўсе навіны жаночых арганізацый краіны. Ужо на першым этапе, які распачаўся ў гэтыя дні, будзе выпрацаваная канцэпцыя вэбсайтаў з магчымасьцю он-ляйнавых кансультацыяў, а таксама стварэньне віртуальнага архіву жаночай гісторыі Беларусі.

Трэба сказаць, што спроба жаночай кансалідацыі ў інтэрнэт-прасторы праходзіць на тле жорсткага перасьледу няўрадавых арганізацый, уключна і з жаночымі. Таму каардынатар праекту, дырэктар аб'яднаньня "Супрацоўніцтва дзелавых і творчых жанчынаў" Натальля Хазяева лічыць, што шмат для якіх арганізацый віртуальнае існаваньне — ледзьве не адзіны шанец працягнуць актыўнае жыцьцё.”

(Хазяева:) "Хто вытрымлівае гэты складаны этап, бяруць удзел актыўна. Сам праект мяркуецца завершыць да сярэдзіны наступнага году. А зараз распачынаецца навучаньне людзей, якія будуць ствараць сайты. Таму гэта вельмі важныя мерапрыемствы для жанчын, у часе якіх яны могуць сумеснымі намаганьнямі выпрацаваць канцэпцыю вось такога, пакуль нязвыклага супрацоўніцтва. Дарэчы, каб стартаваць у праекце, не абавязкова быць прафэсійным праграмістам ці кампутаршчыкам. Мы пачынаем з асноваў камутара, потым — асновы інтэрнэту, вэб-дызайн для пачаткоўцаў і тых, хто працягвае — такім чынам, усё паводле ўзрастаньня. І гэта неабавязкова павінны быць лідэры арганізацый; збольшага тыя людзі, якія будуць акумуляваць інфармацыю пра гэтыя рухі".

(Карней: ) “У часе першага ж афіцыйнага збору ўсе кампутары ў памяшканьні сталічнай навукова-тэхнічнай бібліятэкі былі занятыя — цікаўнасьць да праекту нават перавысіла чаканьні арганізатараў. Надалей за раскладам трэнінгаў можна сачыць на сайце "Сонечны сьвет надзеі" грамадзкага аб'яднаньня "Супрацоўніцтва дзелавых і творчых жанчынаў" (sunlight.iatp.by).

Разам з тым, ня ўсе прадстаўніцы няўрадавых арганізацый пакуль што зь вялікім энтузіязмам адгукнуліся на заклік віртуальнага супрацоўніцтва. Кіраўніца зачыненай нядаўна ўладамі арганізацыі "Жаночы адказ" Сьвятлана Каралёва лічыць, што нават пры вялікімі жаданьні цяжка аб'яднаць адной ідэяй празь інтэрнэт вялікую колькасьць людзей: перашкаджае гэтаму, найперш, слабая тэхнічная база.

(Каралёва: ) "Менавіта для мяне гэта падаецца этапам нейкага далейшага ўстойлівага разьвіцьця. Але паглядзіце на гэта зь іншага боку. У каго ёсьць дома кампутар? У адзінак. У кагосьці няма офісу, каб пакарыстацца за кошт фірмы інтэрнэтам. Цяжкасьці на ўзроўні тэхнічнага забесьпячэньня будуць яшчэ доўга. Кампутар каштуе дорага: зь сямейнага бюджэту неабходна выдаткаваць 1000 даляраў, каб набыць, усталяваць, абслугоўваць кампутар; плаціць за сувязь ці аплочваць інтэрнэт-карты. Хто ня сёньняшні дзень рэальна сабе можа гэта дазволіць?

Альбо мы аўтаматына адсякаем малазабясьпечаных, практычна ўсіх рэгіянальных жыхароў, альбо гаворым пра кляс, які займаецца бізнэсам (альбо жонак бізнэсоўцаў, альбо хатніх гаспадыняў). Якая тут цэлеаая аўдыторыя?"

(Карней: ) “Нягледзячы на розныя погляды на неабходнасьць жаночай кансалідацыі ў інтэрнэт-прасторы, ад 18 кастрычніка праграма рэальна запрацавала. І арганізатары праекту перакананыя, што стварэньне вэбсайту "Беларуская жаночая інфармацыйная сетка" — гэта справа не такой ужо і аддаленай перспэктывы”.

***

(Цыганкоў: ) “На гэтым тыдні да немалога ўжо сьпісу музычных беларускіх сайтаў далучыўся яшчэ адзін – “тузін гітоў” па адрасе music.fromby.net . Варта сказаць, што новая старонка адразу заняла даволі высокія месца ў беларускіх рэйтынгаў сярод рэсурсаў падобная тэматыкі. Якую нішу плянуе займаць “Тузін гітоў” на фоне зьяўленьне апошнім часам шэрагу беларускіх старонак музычнай тэматыкі? Пра гэта мы гутарым з адным з аўтараў новага сайту, які вядомы ў сеціве пад псэўданімам “Мэханічны вецер”.

(“Мэханічны вецер”: ) “Натуральна, зьяўленьне ў сеціве новых беларускіх музычных праектаў – гэта сьведчаньне пэўнай цікавасьці, адраджэньня сучаснай беларускай музыкі. Наш праект зроблены адметна, бо ў ім ёсьць гіт-парад – гэта інтэрактыўная форма, у якой людзі самі могуць выбраць песьні, якія ім “па душы”. Але мы ня будзем абмяжоўвацца выключна стварэньнем і падтрымкай гіт-параду. У нас запускаецца і раздзел навінаў, мы парадкуем разьдзел фотакронікі, ёсьць і іншыя пляны.”

(Цыганкоў: ) “У сеціве ўжо існуе адзін беларускі гіт-парад – праект “Наша музыка”, і там прадстаўленыя як беларускамоўныя, гэтак і расейскамоўныя выканаўцы. У вас толькі беларускамоўныя кампазыцыі (акрамя аднаго ангельскамоўнага выключэньня). У дачыненьні да “нашай музыкі” вы выступаеце як канкурэнты ці жадаеце зь імі супрацоўнічаць?”

(“Мэханічны вецер”: ) “Мы хочам супрацоўнічаць, бо канкурэнтамі мы ім, таксама як, напэўна, і яны нам, сабе не адчуваем. Сайт “Наша музыка” выпускае ў асноўным малавядомых, новых выканаўцаў. Мы ж імкнемся паставіць у наш “Тузін” толькі найлепшых, гітовых. Тое, што сапраўды можа называцца гітовым матэрыялам. Акрамя таго, мы думаем вытрымліваць дастаткова жорстка фармат беларускамоўнай музыкі.”

(Цыганкоў: ) “Заўсёды, калі ў інтэрнэце ствараюцца праекты, для якіх важна такая рэч як галасаваньне, узьнікае пытаньне – ці можна гарантаваць ад таго, што прыхільнікі нейкага выканаўцы могуць штучна падвышаць ягоную папулярнасьць?”

(“Мэханічны вецер”: ) “Гарантаваць, што гіт-парад будзе цалкам зачынены ад рознага кшталту махінацыяў, немагчыма. Ёсьць, напрыклад, “умельцы”, якія, напрыклад, нават крадуць празь інтэрнэт грошы ў банках. Але вядома ж, мы імкнуліся зрабіць праграму, якая абмяжоўвае магчымасьці падобных махінацыяў з галасаваньням. Акрамя таго, ажыцьцяўляецца рэгулярны візуальны кантроль за хадой галасаваньня. У тым выпадку, калі раптам да нейкага гурта дадалася сто галасоў, можна адсачыць, ці было ў гэты час сто наведвальнікаў на сайце, параўнаць гэтыя дадзеныя і нейкім чынам іх падправіць. Мы б хацелі, каб сайта быў абсалютна народным і максымальна справядлівым.”

(Цыганкоў: ) “Ці задаволеныя вы ўзроўням наведвальнасьці сайту ў першыя дні пасьля ягонага стварэньня. Ці адпавядае ён вашым прагнозам?”

(“Мэханічны вецер”: ) “Статыстыкай наведваньняў у першыя некалькі дзён мы задаволеныя. Гэта тое, на што мы спадзяваліся і разьлічвалі. Праекты, якія толькі стартуюць, заўсёды прыцягваюць больш увагі, чым тыя, якія даўно ўжо ў сеціве. Трэба дадаць, што мы атрымалі неблагую падтрымку з боку некаторых беларускіх навіновых інфармацыйных рэсурсаў.

Было нават даволі вялікай праблемай выбраць першыя 12 выканаўцаў для першага туру. Густ – справа тонкая, а беларускага музычнага матэрыялу на сёняшні дзень сапраўды шмат. Спадзяюся, у наступных турах будуць зьяўляцца песьні, здольныя канкураваць з самымі папулярнымі на сёньня кампазыцыямі і гуртамі”.