ПАРАЛЕЛІ ПАМІЖ ПРЭЗЫДЭНЦКІМІ ВЫБАРАМІ Ў БЕЛАРУСІ І АЗЭРБАЙДЖАНЕ

Юры Дракахруст, Прага

Вядома, што ў пасьлявыбарных сутычках у Азэрбайджане пралілася кроў, загінулі людзі, чаго не было ў Беларусі.

Адказам з боку Вашынгтону на вынікі апошніх прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі былі заявы высокіх асобаў пра тое, што Лукашэнка сфальсыфікаваў галасававаньне, “скраў выбары”. Адносна вынікаў азэрбайджанскіх выбараў прэсавы сакратар Дзярждэпартамэнту ЗША адзначыў парушэньні падчас перадвыбарчай кампаніі, аднак на вышэйшым узроўні не было выказана асуджэньня і тым больш сумневаў у легітымнасьці Ільхама Аліева.

Чым можна патлумачыць гэтую розьніцу? З такім пытаньнем мы зьвярнуліся да амэрыканскага палітоляга, супрацоўніка дасьледнага цэнтру Heritage Foudation Арыэля Коэна.

(Коэн: ) “Розьніца палягае ў тым, што ў Вашынгтоне сям’ю Аліевых ведаюць даўно і добра. Былі заявы аб падтрымцы дэмакратычных і празрыстых выбараў у прынцыпе, але гэтыя людзі – бацька і сын Аліевы – вядомыя ў Вашынгтоне як прыхільнікі заходняй арыентацыі Азэрбайджана, як людзі, здольныя забясьпечыць стабільнасьць.

Магчыма, такія ацэнкі былі не зусім правільныя. Я ня думаю, што нехта сядзеў і пісаў мэмарандумы, што калі выбары будуць непразрыстымі, то загінуць людзі. Я папярэджваў у сваіх публікацыях і меў размовы на дастаткова высокім узроўні ў адміністрацыі, што трэба заняць больш нэўтральную пазыцыю наконт выбараў у Азэрбайджане. Але адміністрацыя вырашыла тое, што яна вырашыла.

Ёсьць ключавая розьніца паміж Азэрбайджанам і Беларусяй. Гэта якасьць адносінаў Злучаных Штатаў зь лідарамі Азэрбайджану – бацькам і сынам (ледзь не сказаў – і Сьвятым духам) Аліевымі, і з Лукашэнкам. Лукашэнка ўспрымаецца ў Вашынгтоне як чужой, а Аліеў – як свой. Гэта як сусед, паводзіны якога непадобныя на вашыя, вы ня выдадзеце за яго сваю дачку, але ён – свой. Вы ведаеце, чаго ад яго можна чакаць і заўсёды можаце зь ім дамовіцца. А ёсьць сусед, які робіць скандалы, невядома, што ён выкіне. Александра Рыгоравіча ўспрымаюць у Вашынгтоне менавіта гэтак.”