ЦІ МОЖА БЕЛАРУСАЎ ЗАЦІКАВІЦЬ МАГЧЫМАСЬЦЬ СЛУЖБЫ Ў РАСЕЙСКІМ ВОЙСКУ?

Севярын Квяткоўскі, Менск

Пэўная частка маіх выпадковых суразмоўцаў, адказваючы на гэтае пытаньне, акцэнтавала ўвагу найперш на прагматычных аспэктах:

(Спадар: ) “Тыя людзі, якія пойдуць служыць, яны ня будуць беларусамі, толькі й усяго. А так... Яны прымаюць тыя законы, якія ім хочацца. спрабуюць набраць нейкім чынам набраць больш людзей, эмігрантаў, якія потым будуць працаваць на гэтую ж самую Расею. На нас гэта не паўзьдзейнічае. Я думаю, мала пагодзіцца людзей паехаць туды служыць, дзеля таго, каб атрымаць грамадзянства”.

(Спадар: ) “Гэта істотна для тых, хто ня ёсьць карэнным беларусам. Гэта аднаўленьне справядлівасьці, калі чалавек мае права вярнуцца на сваю гістарычную радзіму”.

(Спадар: ) “Мяркую, знойдуцца такія людзі, каго гэта можа зацікавіць. Гэта зручны спосаб перабрацца ў Расею, для тых, хто надта жадае. Можа, гэта больш высокі заробак, але больш выгодныя ўмовы службы. Хоць, я мяркую, што вялікай розьніцы няма. За рэдкім выключэньнем, магчымасьць зарабіць грошы ў Расеі ня надта большая, чым у нас”.

(Спадар: ) “Там служыць? Навошта? Каб патрапіць у якую-небудзь Чачэнію! Па-мойму, гэта нейкае трызьненьне”.

(Вайсковец: ) “Не Расея, Беларусь адназначна. Мне падаецца, што ў Беларусі лепш служыць, чым у Расеі. Тут спакайней”.

Апошнія словы належаць капітану вайскова-паветраных сілаў Беларусі. Але для вайскоўца важны й момант радзімы.

А вось яшчэ адзін рацыянальны адказ:

(Спадар: ) “Калі гэта будзе аплачвацца ў сэнсоўных межах, нічога кепскага ў гэтым няма. А калі яшчэ й будзе выбар чалавека дзе служыць, чаму б і не? Калі дабраахвотна, аніякіх праблемаў я ня бачу”.

І нарэшце, большасьць маіх суразмоўцаў казала найперш пра патрыятызм:

(Спадар: ) “Мяркую, гэта вельмі дрэнна, але заўсёды ёсьць пэўная колькасьць людзей, якая паддаецца ўплыву тэлевізіі і прапаганды. Але ж, мая думка, што большасьць беларусаў супраць гэтага будзе”.

(Спадар: ) “Я думаю, што гэта ня спосаб атрымаць грамадзянства для тых, хто хоча. Тым больш, мяркую, трэба жыць ва ўласнай краіне. На конт войска, гэта бессэнсоўны закон — кожны мусіць абараняць сваю радзіму”.

(Спадар: ) “Я прынцыпова супраць. У нас свая краіна, свае ідэалы, і ваяваць за чыісьці чужыя ідэалы... Нікому гэта не патрэбна”.

(Спадар: ) “Можа нейкім чынам паўплываць на аднаго ці іншага грамадзяніна. Кожны чалавек мусіць мець свабоду, каб вырашыць свае асабістыя пытаньні. Асабіста я беларус, я тут павінен жыць. Я бы не пакінуў ніколі сваёй радзімы”.