ЦІ МОЖА БУТЫЛЯВАНАЯ ВАДА БЫЦЬ ПРЫЧЫНАЙ ЗАХВОРВАНЬНЯ НА МЭНІНГІТ?

Ігар Карней, Менск

Ад сёлетняй вясны лік хворых на мэнінгіт у Беларусі перакрочыў за 2 тысячы. Абсалютная бальшыня хворых — дзеці. Мэдыкі цягам усяго гэтага часу спрабуюць высьветліць, што насамрэч сталася прычынай эпідэміі. Сярод апошніх дапушчэньняў — ужываньне пітной бутыляванай вады беларускай вытворчасьці. Нават называлі адно з самых буйных у краіне прадпрыемстваў у вытворчасьці мінэральнай і пітной вады — “Дарыда”. Заснавальнік прадпрыемства Ўладзімер Дзялендзік так адрэагаваў на падобныя абвінавачаньні:

(Дзялендзік: ) “Можа, іншую ваду і трэба ўжываць больш акуратна. Бо калі вы паглядзіце на іншыя прадпрыемствы, то самі пераканаецеся: не заўсёды піць іншае бясьпечна, нават прадукцыю прадпрыемстваў, падобных на нашае. Я быў на некаторых заводах і бачыў, як сьвярдзёлкам закручваюць коркі. Няма лініі выдуву і вытворчасьці бутэлек, і посуд у мяху валяецца на тэрыторыі, а потым яго кідаюць без паласканьня на лінію разам з брудам і пылам. Такіх у рэспубліцы прадпрыемстваў дзясяткі. Называць іх ня буду. Скажу толькі, што расейскі “Святой источник” піць ня раіў бы — ведаю і гэтую кантору, і адкуль яны ваду бяруць. А ў нас ніхто рукамі за корку не бярэцца, ніхто ўручную не закручвае, бутэлька апаласкваецца. Словам, прыемна піць”.

Тым ня меней, некалькі месяцаў у Ждановічах пад Менскам, дзе месьцяцца вытворчыя магутнасьці “Дарыды”, амаль бесьперапынна працуюць санітарна-эпідэміялягічныя службы: шукаюць вірусы, якія тэарэтычна могуць прывесьці да мэнінгіту. Гаворыць лекар аддзяленьня гігіены харчаваньня Рэспубліканскага цэнтру гігіены Андрэй Пратасаў:

(Пратасаў: ) “Інстытут мікрабіялёгіі нам пратаколаў так і ня даў: быццам яны штосьці знайшлі, а што — незразумела, афіцыйна зьвестак наконт заражэньня пітной і мінэральнай вады не паступала. Мы выехалі, праверылі, бо ёсьць факт актывізацыі мэнінгіту, зьвязаны з энтэравіруснай інфэкцыяй, і праверыць паводле эпідэміялягічных паказьнікаў неабходна. А тое, што была спроба высеяць нейкія вірусы, то пакуль навукова не даказана, што яны зьяўляюцца ўзбуджальнікамі гэтай інфэкцыі. Таму ёсьць у вадзе ўзбуджальнікі мэнінгіту ці не, нельга меркаваць з тых дасьледаваньняў, якія праводзіліся”.

А вось у лябараторыі дасьледаваньняў якасьці пітных водаў на вірусалягічныя паказчыкі кажуць, што хутка такія аналізы ня робяцца. Вось што распавяла кіраўніца лябараторыі НДІ мікрабіялёгіі і эпідэміялёгіі Тамара Аўрусева:

(Аўрусева: ) “Пробы вады трапляюць да нас у зашыфраваным выглядзе, і ў любым выпадку так хутка гэтыя дасьледаваньні не заканчваюцца. Гэта працоўная працэдура, яна ажыцьцяўляецца штогоду, і ня толькі датычна “Дарыды”. Упэўнена сьцьвярджаць магу тое, што гэтая вада павінна яшчэ больш дасканала дасьледавацца на ўсе паказчыкі (уключна вірусы, гельмінты, бактэрыі), чым з-пад крану, бо ваду ў бутэльках ад пачатку ўсе ўспрымаюцть як бясьпечную. Аднак дзеля гэтага вада павінна прайсьці такую апрацоўку, каб быць эпідэмічна бясьпечнай. Дасягаецца гэта кіпячэньнем ці нейкімі іншымі мэтадамі — справа вытворцы. Спосабы апрацоўкі, якія гарантуюць эпідэмічную бясьпеку, ёсьць. Але канкурэнтная барацьба ў гэтай сфэры вядзецца ня самым лепшым чынам. Гэта ўвогуле чорны піяр — нагаворваць на іншых. Але гэта іхная справа”.

Заснавальнік “Дарыды”, а цяпер дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Дзялендзік у зьвязку з мэтадамі канкурэнтнай барацьбы выказваецца так:

(Дзялендзік: ) “Два гады таму ўжо быў накат. Я тады падумаў: дакладна прэзыдэнт даў загад зачыніць “Дарыду”. Займаўся гэтым Савет бясьпекі, вэтэрынары нават прыехалі; якіх толькі праверак тут не было! Праверылі ўсё. Быццам пытаньні былі вычарпаныя, праблемы зьнятыя. І вось зноў заявіліся санэпідэмстанцыі, ажно чатыры: раённая, абласная, гарадзкая і рэспубліканская. Дык вазьміце адна прыедзьце і хоць месяц правярайце! Але навошта ж так? Вазьміце раз аналізы — мы вам усе трубаправоды параскручваем, калі патрэбна”.

Такім чынам, адназначнага адказу на пытаньне — ці можна лічыць бутыляваную пітную ваду цалкам бясьпечнай, няма. Як кажуць у такіх выпадках, у кожнага свая праўда. Адна калі гэтая праўда тычыцца здароўя, хацелася б мець крыху больш дакладнасьці.