МЯСЦОВЫЯ ЖЫХАРЫ Ў ШОКУ

Сяргей Астраўцоў, Горадня

(Кабета: ) “Спалохаліся! Плакалі...”— прызналася адна пажылая жыхарка дыспансэра, у якім у нядзелю здарыўся пажар. Усе хворыя сёньня на тэрыторыі прыбіралі лістоту, да іх доступу не было.

У дыспансэр у Рандзілаўшчыне пачалі прыяжджаць сваякі тых, хто тамака жыве, са Слоніма, зь Ліды ды іншых гарадоў. Нікога не пускалі, але бралі перадачы. У 40-гадовага мужчыны ў дыспансэры—сястра.

(Спадар: ) “Сястра мая родная, Ліля яе зваць. Яна ляжыць тут, яна жывая-здаровая. Яна з маленства інвалід. Ну, я паглядзеў па тэлевізары, я ведаю, што яна справа ляжыць, а ня зьлева, ня ў тым корпусе”.

Ля касьцёлу былі вяскоўцы, яны расказалі пра тое, што на месца пажару прыехалі пажарнікі, міліцыя, начальства і нікога блізка не падпускалі.

(Спадар: ) “Ранкам людзі ўбачылі полымя: гарыць. З чатырох гадзінаў і да шасьці-сямі, аж пакуль не патушылі”.

(Другі спадар: ) “Трупы пазносілі ў адное месца, а потым машыны папрыходзілі і трупы пазабіралі. Аднаго яшчэ не знайшлі чалавека”.

Загарэўся драўляны будынак, у якім знаходзіліся тыя, хто ня мог хадзіць, а таксама—у ізалятары—тыя, з кім мэдпэрсанал меў праблемы. Сёстры адразу пачалі ратаваць хворых. Тэлефона ў будынку не было, да яго трэба было бегчы мэтраў 150.

Пажарных выклікалі толькі праз паўгадзіны, яны прыехалі з суседняй Казлоўшчыны за шэсьць хвілінаў.

Касьцёл знаходзіцца непадалёк ад дыспансэра, у яго хадзілі і хворыя. Раніцай у нядзелю адбылося набажэнства па ахвярах.

(Спадар: ) “Так, на дзевяць гадзінаў у нас набажэнства. Са Слоніма прыяжджае ксёндз. У нашай парафіі няма свайго ксяндза”.

(Другі спадар: ) “Пра нябожчыкаў гаварыў, што гэта няшчасны выпадак, памаліўся за іх”.

Дыспансэр знаходзіцца ў былым маёнтку пана Гарбоўскага, які атруціўся, калі ў 1939-м прыйшлі саветы. Людзі гавораць, што нібыта загарэлася пад страхой, пра падпальшчыкаў сярод саміх хворых, пра якіх гаворыцца ў афіцыйнай вэрсіі, яны нічога ня чулі.

(Спадар: ) “Гэта ж яшчэ былы панскі дом. Стары, аварыйны быў. Дзіва што загарэўся, быў увесь трухлявы”.

У касьцёле адна з парафіянак прызналася:

(Спадарыня: ) “Я вывела каня ў тры гадзіны ночы папасьвіць, прыйшла дадому і лягла. Ня глянула ў той бок, а нам усё відаць. Адчуваю, што не магу заснуць: мабыць мышы перашкаджаюць. Вазьму-ка іх троху пастрашу. Глянула ў вакно: пажар, трашчаў шыфэр, гарэла. Але такая была ціша: ні машынаў, нічога. Каб мне дадумацца—пазваніла б у пажарную, ёсьць жа тэлефон. Але, думаю, там тэлефон, там вартаўнікі—можа яны бачаць і чуюць?—гэтак мне падалося. І вось я сама сябе катую: што я першая ня выклікала пажарных. Можа ўратаваўся б Коля, ці хоць хто-небудзь. А так ім будзе—братняя магіла, за іх ксёндз маліўся”.

Кабета гаворыць, што ўратаваўся мужчына, які сам не хадзіў, а мог рухацца толькі на калясцы, і якога наведваў заўсёды ксёндз.

У сельсавеце мне сказалі, што мясцовыя людзі ў шоку ад здарэньня. Дзе пахаваюць ахвяры—невядома, але ў Казлоўшчыне на праваслаўных могілках існуе пляц для нябожчыкаў з дыспансэра. Яшчэ ў сельсавеце сказалі, што з райцэнтру папярэдзілі: магчыма, што прыедзе сам Аляксандар Лукашэнка. Аднак нідзе на дарогах пастоў дарожнай міліцыі не было.