ДЗЯРЖАЎНАЙ ЖАЛОБЫ ПА ЗАГІНУЛЫХ У РАНДЗІЛАЎШЧЫНЕ НЯ БУДЗЕ?

Валер Каліноўскі, Менск

Натальля Пяткевіч, прэсавы сакратар Аляксандра Лукашэнкі, так распавяла пра рэакцыю апошняга на трагедыю ў Рандзілаўшчыне:

(Пяткевіч: ) “Пакуль даручана на працягу тыдня вывучыць сытуацыю, і па выніках вывучэньня можна чакаць нейкіх далейшых крокаў. Альбо не чакаць”.

Натальля Пяткевіч кажа, што спачуваньні прэзыдэнта сваякам не накіроўваліся, бо тыя адмовіліся ад гэтых людзей. На пытаньне, ці будзе абвешчаная афіцыйная жалоба з прычыны гэтай трагедыі, спадарыня Пяткевіч адказала пытаньнем:

(Пяткевіч: ) “А вось вы грамадзянін Рэспублікі Беларусь? Як бы вы ўспрынялі, калі б па 30 псыхічна ненармальных людзях у краіне абвесьцілі жалобу?.. Так, гэта трагедыя”.

У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, якому належыць пагарэлы інтэрнат, кажуць, што цяпер вывучаецца магчымасьць дапамогі сем’ям у пераадоленьні наступстваў трагедыі. Усе хворыя, якіх выратавалі, разьвезеныя па дамах-інтэрнатах Гарадзенскай вобласьці. Будынак інтэрнату, які згарэў, аднаўляцца ня будзе, але сама ўстанова будзе працягваць дзейнасьць.

(Казак: ) “А як грошы будуць, значыцца, пераселім у новыя сьцены. Людзей, якія мы цяпер пасялілі ў іншыя дамы-інтэрнаты, мы іх назад вернем”, — сказаў прадстаўнік Мінсацабароны Васіль Казак.

Паводле спадара Казака, хворыя жылі ў “дыхтоўным доме” 1910 году пабудовы і мелі ўсё неабходнае.

У інтэрнаце ў Рандзілаўшчыне жылі 136 чалавек, пераважна адзінокія і старыя, ад якіх адмовіліся і сваякі, і мэдыцына. Зь іх 30 загінулі, адзін згубіўся бязь вестак, але верагоднасьць таго, што ён выжыў, вельмі малая. Што да ахвяраў, то пакуль ідзе іх ідэнтыфікацыя.

(Казак: ) “Там забіраць няма чаго, там жа цалкам згарэлі людзі, засталіся адны абвугленыя трупы. Па зубах пазнаюць іх судмэдэкспэрты, разьбіраюцца канкрэтна з кожным чалавекам”, — сказаў спадар В.Казак.

Намесьнік старшыні Дзятлаўскага райвыканкаму Леанід Ермантовіч паведаміў, што створаны штаб дзеля пераадоленьня наступстваў трагедыі, у Дзятлаве дзейнічае тэлефонная “гарачая лінія” для сваякоў загінулых.

(Ермантовіч: ) “Вельмі страшны выпадак, вельмі вялікая бяда, усё, што ў нашых сілах, мы робім. Цяжка гаварыць пасьля ўсяго гэтага, паверце”, — зазначыў прадстаўнік Дзятлаўскага райвыканкаму.

Колішні кіраўнік беларускай дзяржавы Мечыслаў Грыб быў дэпутатам Вярхоўнага Савету ад Дзятлаўскай акругі:

(Грыб: ) “Я быў у тым інтэрнаце ў 1995 годзе, калі балятаваўся там кандыдатам у дэпутаты. І ўжо ў той час гэты інтэрнат выклікаў вялікія турботы. І ўжо ў той час былі амаль што пабудаваныя сьцены цагляныя новага корпусу. Але бачыце, прайшло восем гадоў, і не знайшлося грошай, каб закончыць гэтае вялікае будаўніцтва, гэты палац для псыхічна хворых. Улады ніякай увагі не надаюць тым псыхічна хворым людзям, якія там знаходзіліся”.

Мечыслаў Грыб лічыць дзіўным, што міністар надзвычайных сытуацыяў Валеры Астапаў адразу вылучыў прычыну пажару — падпал псыхічна хворым альбо неасьцярожнае абыходжаньне з агнём.

(Грыб: ) “Гэтак ня варта рабіць, ніколі адразу невядома, ад чаго ўзьнік пажар, павінна быць сьледзтва, павінны быць экспэртызы, а потым ужо нешта можна будзе сказаць. Што стаіць за гэтай пасьпешлівасьцю, я думаю, што і вам, і мне зразумела, — каб адхіліць падазрэньні ад вынікаў працы сваіх падначаленых”.

На думку Мечыслава Грыба, сытуацыя ў іншых беларускіх сацыяльных установах ня лепшая. Паводле спадара Грыба, Аляксандар Лукашэнка павінен быў накіраваць спачуваньне родным загінулых.

Кіраўніцтва Беларускага Народнага Фронту выказала свае спачуваньні сем’ям ахвяраў і заявіла, што ў краіне “мала робіцца, каб абараніць тых, хто сам сябе абараніць ня ў сілах, што беларускі дзяржаўны апарат павінен служыць людзям і бараніць іх ад рэальных пагрозаў, а не ад надуманых зьнешніх ворагаў, што вялікія грошы выкідаюцца на вайсковыя вучэньні, у той час як у сацыяльных установах няма належнага супрацьпажарнага абсталяваньня”, — гаворыцца ў заяве кіраўніцтва БНФ.