Адрозна ад мінулых гадоў адкрыцьцё чацьвертага нацыянальнага фэстывалю беларускіх фільмаў расьцягнулася больш як на дзьве гадзіны. Гэта непрыемна ўразіла многіх прысутных, якія прыйшлі ў залю берасьцейскага кінатэатру “Беларусь”, каб упершыню пабачыць беларускамоўную вэрсію фільму “Анастасія Слуцкая”.
Падчас цырымоніі адкрыцьця фэстывалю кінарэжысэр Руслан Зголіч здымаў сюжэт на відэакамэру, аднак у глядзельную залю яго не пусьцілі супрацоўнікі аховы кінатэатру. Паміж рэжысэрам і ахоўнікамі распачалася бойка, у выніку якой спадару Зголічу разьбілі камэру. Больш за ўсё зьдзівіла тое, што міліцыянты ніяк не адрэагавалі на інцыдэнт і фактычна выконвалі ўсе загады ахоўнікаў.
Руслан Зголіч мяркуе, што адна з прычынаў канфлікту палягае ў сытуацыі вакол ягонага фільму “Госьці”, які быў фактычна забаронены беларускімі ўладамі паводле палітычных матываў. Спадара Зголіча адхілілі ад працы над фільмам, звольнілі з кінастудыі і завялі на яго крымінальную справу. Кінарэжысэра абвінавачваюць у тым, што ён скраў фрагмэнты забароненай кінастужкі, таму інцыдэнт у Берасьці Руслан Зголіч лічыць невыпадковым.
(Зголіч: ) “Мяркую, што правакацыя, учыненая ў той дзень кіраўніцтвам фэстывалю, ёсьць працягам тых самых прычынаў, што прывялі да пачатку крымінальнай справы. Гэта візыт супрацоўніка Міністэрства культуры Расеі, які пабачыў, што фільм “Госьці” атрымліваецца. А фільм “Госьці” ёсьць таксама антываенным фільмам — супраць вайны ў Чачэніі, супраць палітыкі Крамлю ў рэгіёнах Расеі і ў адносінах да Беларусі”.
У Берасьці перапрацаваны варыянт фільму “Госьці” будзе дэманстравацца 14 кастрычніка пад назовам “Эскіз на маніторы”. Рэжысэрамі гэтай стужкі ў праграме фэстывалю акрамя Руслана Зголіча пазначаныя таксама Пётар Крывастаненка і Ізольд Кавэлашвілі. Аднак самому спадару Зголiчу адмовілі ў акрэдытацыі і пазбавілі магчымасьці прэзэнтаваць кінастужку на фэстывалі падчас сустрэчы з гледачамі.
Што да інцыдэнту, які здарыўся падчас адкрыцьця фэстывалю, дык Руслан Зголіч зьбіраецца падаваць адпаведную заяву ў пракуратуру.