Але грошай усё адно не хапала, паколькі зь дзяржаўнага бюджэту замест 14 мільярдаў рублёў далі толькі палову. Таму давялося браць банкаўскія крэдыты.
Яшчэ адна цікавая акалічнасьць: спачатку сьвята гораду прызначылі на 4 кастрычніка, а тут раптам у гэты дзень было вырашана праводзіць агульнадзяржаўныя “Дажынкі”. Але ў Смаргоні былі задаволеныя, што атрымалі на дабраўпарадкаваньне лішні тыдзень.
Сталічны скульптар, ураджэнец Смаргоншчыны, Уладзімер Церабун зрабіў памятны знак, прысьвечаны паўтысячнай гадавіне, з выявай герба зь мядзьведзем. Дарэчы, нават начальства, гаворачы пра гісторыю, узгадвала, што горад стаўся вядомым некалі, дзякуючы гэтак званай “смаргонскай акадэміі”, – своеасаблівай школе, дзе гадавалі і дрэсіравалі мядзьведзяў, якая існавала ў Радзівілаў. Жывых мядзьведзяў на сьвяткаваньні 500-годзьдзя гораду не было.
Упершыню смаргонцы ўбачылі гарадзкі сьцяг, які мае белы, чырвоны, сіні і чорны колеры. Яго несьлі васьмёра мужчынаў у шляхецкіх строях. Да нагоды прагучаў гімн Смаргоні на верш Мяр’яна Дуксы. Другі зямляк—Уладзімір Някляеў не прыехаў, але даслаў віншаваньне. Гучаў палянэз Агінскага, напісаны ў Залесьсі. Салдаты зь мясцовага памежнага атраду паказвалі сваіх сабак. Дарэчы, помнік савецкаму салдату да сьвята здымалі з пастамэнту, каб пакрыць медзьдзю. А Леніна толькі пафарбавалі. Праўда, адбылося незвычайнае: разбурылі трыбуну, на якой раней любіла ў савецкія сьвяты стаяць начальства. Гавораць, была такая грунтоўная—як на маўзалеі, ніяк не маглі адбойнымі малаткамі разьбіць. Замест трыбуны зрабілі кветнік.
А як адбывалася сьвяткаваньне 500-х угодкаў смаргонскай каталіцкай парафіі? На сьвяткаваньне з Горадні прыяжджаў біскуп Антон Дзям’янка, адбылося ўрачыстае набажэнства. Самому смаргонскаму касьцёлу 450 гадоў, ён месьціцца ў былым кальвінскім зборы, які ёсьць помнікам эпохі рэнэсансу. У прыбудове да касьцёлу адбыўся канцэрт духоўнай музыкі, выступілі хор “Голас душы” з Чырвонага касьцёлу зь Менску, гарадзенская капэла і мясцовыя харысты.