“Паштовая скрынка 111”. 12 кастрычніка
Ужо колькі гадоў Беларусь балянсуе на мяжы страты незалежнасьці. Прэзыдэнт суседняй дзяржавы бязь ценю зьбянтэжанасьці прапануе беларускаму кіраўніцтву ўвайсьці ў склад сваёй імпэрыі на правах правінцыі. Беларускія ўлады абмяркоўваюць, як даражэй прадаць сваю згоду адмовіцца ад нацыянальнай валюты на карысьць валюты суседняй дзяржавы. Наогул без абмеркаваньня і бяз гандлю адбываецца татальнае выцясьненьне і вынішчэньне нацыянальнай мовы. Чаму беларусы моўчкі назіраюць за ўсім гэтым? Чаму дазваляюць, каб вырашэньне лёсавызначальных для будучыні нацыі пытаньняў адбывалася без удзелу народу? Гэта — адна з тэмаў нашай пошты апошняга тыдня. Слухайце заўтра праграму “Паштовая скрынка 111”. Лісты слухачоў Свабоды чытае і камэнтуе вядучы праграмы Валянцін Жданко.
“Вольная студыя”. 12 кастрычніка
Па вяртаньні з эміграцыі вядомы музыка Мсьціслаў Растраповіч заявіў, што яго калектыў будзе граць расейскую музыку, каб паказаць, які вялікі расейскі народ. І сапраўды, у музыцы, як, відаць, ні ў якіх іншых жанрах мастацтва, напоўніцу выяўляецца душа народу. А што павінны слухаць мэляманы сьвету, каб убачыць веліч беларускай душы — Агінскага, Манюшку, Яна Тарасэвіча? Але гэтых слынных кампазытараў даўно прысвоілі нашы суседзі. Беларуская музыка ў сьвеце — адна з тэмаў аўтарскай перадачы Міхася Скоблы “Вольная студыя: новыя словы пра звыклыя рэчы”. Яе ўдзельнік — музыка, фагатыст, саліст ансамблю “Клясык-Авангард” Аляксей Фралоў, які спаміж удзеламі ў эўрапейскіх конкурсах кіруе сьпеўным гуртом “Сябры БНР і Адраджэньня”.
“Праскі Акцэнт”. 12 кастрычніка
На гэтым тыдні Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў апазыцыю і Захад у распальваньні міжнацыянальнай варожасьці ў Беларусі. Амбасадар Расеі Аляксандар Блахін рэзка скрытыкаваў беларускія дзяржаўныя мэдыі, якія на ягоную думку прадузята ставяцца да Расеі.
Тэме міжэтнічных адносінаў ды становішчу расейцаў у Беларусі быў прысьвечаны артыкул палітоляга Андрэя Суздальцава “Руская вуліца”, апублікаваны на вэбстаронцы “Наше мнение”. Гэтая публікацыя набыла пэўны розгалас як у дзяржаўных, гэтак і ў незалежных мэдыях.
Як мяняецца становішча расейцаў у Беларусі? Якую ролю адыгрывае гэтая меншыня ў палітыцы беларускай улады? Якія палітычныя і грамадзкія арганізацыі ў Беларусі можна лічыць прарасейскімі?
Гэтыя тэмы абмяркоўваюць у “Праскім акцэнце” рэдактар часопісу “Arche” Валерка Булгакаў, кіраўнік дасьледнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка і палітоляг Андрэй Суздальцаў. Перадачу вядзе Юры Дракахруст.