ЗЬ МЯЖЫ ЧЭРГІ ПЕРАМЯСЬЦІЛІСЯ ДА ПОЛЬСКАГА КОНСУЛЬСТВА Ў БЕРАСЬЦІ

Алег Супрунюк, Берасьце

На памежным пераходзе “Варшаўскi мост” каля Берасьця чарга на выезд у Польшчу сёньня не перавышала 30 аўтамабіляў. Галоўным чынам мяжу перасякаюць машыны, кіроўцы і пасажыры якіх рухаюцца ў Заходнюю Эўропу. Для гэтай групы грамадзянаў, што маюць гэтак званую шэнгенсккую візу, польская віза не патрэбная.

Што да жыхароў памежных з Польшчай рэгіёнаў Беларусі, якія да 1 кастрычніка складалі асноўную частку наведнікаў суседняй краіны, дык іх у чарзе цяпер вельмі мала. Людзі, якіх назвалі “сьпіртавозамі”, засьцерагаюцца цяпер ехаць у Польшчу, нават маючы шматразовую візу. Свае паводзіны яны тлумачаць тым, што ў выпадку, калі польскія мытнікі знойдуць лішкі незадэкляраванага алькаголю альбо цыгарэтаў, віза будзе ануляваная. Аднак на памежным пераходзе знаходзяцца і тыя, для каго вандроўкі ў Польшчу ёсьць адзіным спосабам зарабіць.

(Спадарыня: ) “Мы не ад добрага жыцьця так езьдзім. На працу пасьля 40 гадоў нас ніхто ня бярэ. Я, напрыклад, маю 18 гадоў бесперапыннага стажу. І што я маю? Нічога. Вось я цяпер ежджу ў Польшчу, каб зарабіць кавалак хлеба ці няшчасны кіляграм сасісак, каб пракарміць сваіх дзяцей”.

На памежным пераходзе, што месьціцца на чыгунцы, таксама адзначаюць малую колькасьць пасажыраў, што выяжджаюць у Польшчу. Электрычкі на Тэрэспаль і транзытныя цягнікі, што рухаюцца празь Беларусь на Захад, запоўненыя пасажырамі толькі напалову.

Разам з тым каля Генэральнага консульства Польшчы ў Берасьці па ранейшаму зьбіраюцца чэргі грамадзянаў, якія жадаюць атрымаць візу. Супрацоўнікі консульства адзначаюць, што ад 1 верасьня, калі былі ўведзеныя польскія візы новага ўзору, іх атрымалі больш за 5 тысячаў чалавек. Зьнікненьне чэргаў прагназуюць напачатку лістапада, калі польскае консульства ў Берасьці пачне працаваць у новым будынку.

Пакуль жа ў консульстве вырашылі пайсьці насустрач турыстычным фірмам, якія выпраўляюць сваіх кліентаў у Польшчу. Для арганізаваных турыстаў будзе выдзелены асобны час, калі яны змогуць аформіць дакумэнты для атрыманьня польскай візы. Аднак у консульстве падкрэсьлілі, што гэтае рашэньне часовае і будзе дзейнічаць цягам бліжэйшых трох тыдняў.