БАБРУЙСКІЯ ГАЛАДОЎШЧЫЦЫ МАЮЦЬ НАМЕР ПЕРАНЕСЬЦІ СВАЮ АКЦЫЮ ПРАТЭСТУ Ў МЕНСК

Марыя Усьціновіч, Менск

Любоў Санкевіч і Галіна Гусева абвесьцілі галадоўку 1 кастрычніка. Жанчыны галадуюць дома, бо Бабруйскі гарвыканкам ня даў ім афіцыйнага дазволу на акцыю пратэсту. Чыноўнікі адмовілі жанчынам з прычыны таго, што яны няправільна аформілі заяву.

(Санкевіч: ) “Спадары зь мясцовай улады на нашыя пратэсты ніякай увагі не зьвяртаюць. Толькі пачалі шукаць, як бы з намі расправіцца. Пачаўся шантаж і пагрозы ў наш бок і нашых родных”.

Гэтыя жанчыны трэці год запар змагаюцца за свае правы. Галіна Гусева патрабуе ад прадпрыемства “ФанДОК” жыльля, на будаўніцтва якога ў яе напрацягу некалькіх гадоў вылічвалі грошы з заробку. Любоў Санкевіч дамагаецца аднаўленьня на працы на Бабруйскім заводзе трактарных дэталяў і агрэгатаў, адкуль яе звольнілі пасьля таго, як яна абвінаваціла кіраўніцтва ў злоўжываньнях.

(Санкевіч: ) “Вось ужо трэці год хачу пацуць адказы на свае пытаньні, якія не атрымала ад судовай улады”.

Любоў Санкевіч сёньня адпачывае дома і зьберагае сілы. Яна гаворыць, што арганізм слабее, і што ёй цяжка будзе працаваць у наступныя тры дні. У лазьні, дзе Любоў працуе касірам, ёй адмаўляюцца прадаставіць адпачынак без грашовага ўтрыманьня. Пэнсіянэрка Галіна Гусева таксама працягвае галадаць, усе свае сілы яна цяпер аддае догляду за цяжарнай дачкой, якая трапіла ў шпіталь.

(Санкевіч: ) “Галіна Гусева адчуве сябе ўжо досыць дрэнна. У яе зроблена апэрацыя з прычыны анкалягічнага захворваньня. Я таксама адчуваю сябе вельмі дрэнна. Баліць галава, круціцца. Урачы і мясцовыя ўлады ніякай увагі на наш пратэст, ніякай рэакцыі”.

Любоў Санкевіч чакае дакумэнту ад міністэрства юстыцыі, куды яна зьвярнулася са скаргай напярэдадні. Аднак яна сумняецца, што атрымае адказы на свае пытаньні, бо міністэрства, як сьцвярджае жанчына, не запатрабавала яе справу з бабруйскага суду.

Калі галадоўка і звароты ў розныя інстанцыі не дадуць плёну, бабруйчанкі маюць намер працягнуць сваю акцыю пратэсту ў Менску і дамагацца сутсрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.