“Наша Ніва”, 1913 год. Лявон Гмырак піша:
“Усё ж такі мы саўсім асобны ад усіх і найбліжэйшых славянскіх народаў, народ беларускі, бо і мова ў нас ёсьць свая, іншая, як у іх і звычаі свае і ўсё такое. Усё сваё нам павінна быць дорага і блізка — нельга яго так чурацца — і недамо мы ўсяму свайму загінуць як гэта хочэцца нашым ворагам, а наадварот, не пакладаючы рук павінны мы працаваць для лепшай, сьвятлейшай долі нашай і для дабра сваёй роднай старонкі — бацькаўшчыны — Беларусі”.
“Віцебскі пралетары”, 1933 год:
“Вышэй клясавую пільнасьць! Разграміць кулацкі сабатаж, з усёй сілай ударыць па гніла-лібэральных адносінах да клясавага ворага! Падцягнем адстаючыя калгасы да ўзроўня перадавых, забясьпечым карэнны пералом у паступленьні збожжа ад аднаасобнікаў!… Выязная сэсія народнага суда Віцебскага раёна 30 верасьня разгледзела справу цьвёрдазаданьнікаў Варзова Кузьмы (в.Хамішчава Рудакоўскага сельсавету) і Пыльскай Аўгіньні (в.Лугавыя), якія ўпарта не выконвалі пастаўкі збожжа дзяржаве. Варзоў Кузьма прыгаворан да трох год пазбаўленьня волі, Пыльская Аўгіньня да году і шасьці месяцаў”.
“Женская газета”, 1993 год:
“25 верасьня ў Менску адбылася другая канфэрэнцыя Жаночага хрысьціянска-дэмакратычнага руху Беларусі. Былі падведзеныя вынікі працы арганізацыі за год існаваньня, прынятыя рашэньні аб далейшых чынах. Старшыня ЖХДРБ Л.Пеціна заявіла, што Жаночы хрысьціянска-дэмакратычны рух Беларусі — адкрытая арганізацыя. Яна створаная не з ініцыятывы зьверху, а самімі жанчынамі. Палітычнае крэда арганізацыі — хрысьціянская дэмакратыя. ЖХДРБ зьяўляецца калектыўным сябрам БНФ, таму што лічыць яго адзінай рэальнай дэмакратычнай сілай у Беларусі. Цяпер ЖХДРБ супольна з Інтэрнацыяналам хрысьціянскай дэмакратыі рыхтуецца правесьці канфэрэнцыю па эканамічна-палітычных пытаньнях і міжнародную канфэрэнцыю “Сям’я і грамадзтва”.