Чатыром літоўскім дэпутатам ад сацыял-дэмакратычнай фракцыі Сойм не дазволіў паездку менавіта на той падставе, што падобны візіт можа выглядаць як праява афіцыйнага кантакту між Соймам Літвы і недэмакратычным парлямантам Беларусі, які афіцыйная Літва ня прызнае.
Аднак парлямантары ўсё ж паехалі у Беларусь, і скарысталіся дзяржаўнай машынай Сойму. Гэта дэпутаты, якія належаць да парляманцкай групы “Добрасуседзкіх дачыненьняў зь Беларусяй” – старшыня гэтай групы Бронюс Брадаўскас, ягоны намесьнік Вітаўтас Эйнорус і два сябры групы – Відас Баравікас ды Ўладзімер Арэхаў.
Афіцыйная Літва абураная тым, што ў выніку выглядае, як быццам парлямант падтрымлівае рэжым Лукашэнкі.
Старшыня Сойму Літвы Артурас Паўлаўскас заявіў, што парлямантары ня мелі права прадстаўляць афіцыйна парлямант Літвы – і сам старшыня, і Сойм, і Міністэрства замежных справаў Літвы афіцыйна адмежаваліся ад візыту і ад усяго, што гаварылі літоўскія госьці ў Беларусі.
Прэзыдэнт Літвы Раландас Паксас заявіў, што ўсё, што гаварылі літоўскія парлямантары у Беларусі, ня робіць ім гонару.