Паводле Габрыэлы Кётшаў, апошнія дзеяньні афіцыйнага Менску супраць маладых сацыял-дэмакратаў Яна Буша і Штэфана Кэмэрлінга цалкам незразумелыя ня толькі для сябраў па партыі, але і для ўсяе Нямеччыны. Той афіцыйны адказ, які Бэрлін атрымаў ад беларускага кіраўніцтва не задавольняе нямецкі бок.
(Кётшаў: ) "Я была ў міністра і перадала яму наш афіцыйны пісьмовы пратэст. Мы патрабуем ад беларускіх уладаў дакладнага адказу на пытаньне, што мае Менск супраць кіруючай партыі нашай краіны, супраць немцаў наагул. Мы патрабуем афіцыйных гарантыяў, што падобныя дзеяньні не паўтарацца ізноў."
Паводле спадарыні Кётшаў, мэта яе цяперашняга візыту ў Менск аднак не абмяжоўваецца ўручэньнем ноты беларускаму МЗС. Разам з дэлегацыяй нямецкіх бізнэсоўцаў, віцэ-прэзыдэнтка зямельнага Ляндтагу бярэ ўдзел у шэрагу двухбаковых эканамічных дыскусій, якія праводзяцца ў беларускай сталіцы ў рамках “Нямецкага тыдня”.
Паводле назіральнікаў, гэтая імпрэза ёсьць чарговым знакам той увагі, якую Нямеччына па ранейшаму надае Беларусі. Габрыэла Кётшаў не выключае, што ў часе гэтай імпрэзы афіцыйны Менск зможа дакладна акрэсьліць сваю пазыцю ў пытаньнях: ці гатовая Беларусь да эканамічнага супрацоўніцтва з новай Эўропай, ці мае намер краіна скарыстаць свае шанцы ў справе стварэньня новых вытворчасьцяў і працоўных месцаў.
Усё гэта, паводле Кётшаў, залежыць ад шэрагу фактараў. Галоўным чынам ад таго, наколькі афіцыйны Менск гатовы зьмяніць свае палітычныя і прававыя рамкавыя ўмовы, палепшыць агульны клімат для заходніх інвестараў.
(Кётшаў: ) "У гэтым сэнсе нейкага прагрэсу мне не ўдалося ўбачыць. Тыя нямецкія бізнэсоўцы, якія прыйшлі на беларускі рынак, паводзяць сабе вельмі стрымана. Яны кажуць: мы пакуль ня хочам разгортваць тут нейкую вылікую вытворчасьць. Гэта вельмі рызыкоўна. Прававых гарантыяў няма, законы дзейнічаюць кароткі час і іх заўсёды падмяняюць указы прэзыдэнта".
Тым ня менш, вядомаму нямецкаму палітыку падаліся канструктыўнымі тыя меркаваньні намесніка міністра замежных справаў Беларусі Аляксандра Міхневіча, якія прагучалі ўчора ў часе міжгаліновай сустрэчы дзелавых колаў Нямеччына-Беларусь. Размова ішла пра той істотны ўрон, які пашырэньне ЭЗ можа нанесьці гандлёва-эканамічным інтарэсам Беларусі.
(Кётшаў: ) "Гэтая прамова не была ідэялёгічнай. Спадар Міхневіч сказаў, што хоча разам з намі абмеркаваць найбольш надзённыя праблемы і выказаў нам ня самыя прыемныя рэчы. Ён запрасіў нас да адкрытага дыялёгу і прапанаваў нам расплюшчыць вочы на тое, што можа адбыцца ў зьвязку з новымі межамі ЭЗ як на прыкладзе Беларусі, так і суседніх зь ёй краінаў. Спадар Міхневіч, аднак, зазначыў, што досьвед ЭЗ вельмі важны для Беларусі. Што да межаў, якія падзяляюць Эўропу і Беларусь, то яны будуць перадоленыя пасьля таго, як стануць аднолькавымі рамкавыя ўмовы.".