ЧАРГОВЫ ЗЬЕЗД ТБМ ПРОЙДЗЕ Ў КАНСЬПІРАЦЫЙНЫХ УМОВАХ

Валянціна Аксак, Менск

Пасьля таго, як улады пазбавілі навучэнцаў Беларускага гуманітарнага ліцэю знойдзеных для заняткаў памяшканьняў, кансьпірацыйная перасьцярога тэбээмаўцаў не выглядае залішняй. Гаворыць старшыня ТБМ Алег Трусаў:

(Трусаў: ) “Так, прыйдзе пажарнік і знойдзе міну… Таму навошна нам гэта…”

Першапачаткова меркавалася правесьці зьезд ТБМ у Доме літаратара, аднак ад гэтае ідэі давялося адмовіцца пасьля таго, як адміністрацыя прэзыдэнта, якой належыць цяпер гэты будынак, запрасіла арэндную плату за дзень працы зьезду 2 тысячы эўра. Знойдзенае больш таннае памяшканьне — невялікае, таму колькасьць запрошаных гасьцей абмежаваная. Не запрошаныя і прадстаўнікі ўлады. Алег Трусаў тлумачыць гэта тым, што зьезд будзе вырашаць унутраныя справы таварыства. Хоць гаворка на ім будзе і пра агульнанацыянальную моўную сытуацыю, дынаміку якое з часу апошняга зьезду ТБМ спадар Трусаў ацэньвае наступным чынам:

(Трусаў: ) “З вонкавых прыкметаў — паменшала. І значна. А з унутраных — павялічылася. І значна”.

Пра вонкавае пагаршэньне сьведчыць значнае зьмяншэньне беларускамоўнага школьніцтва. У траўні па-беларуску вучыліся толькі 26,3% школьнікаў. Зьвесткі новага навучальнага году будуць вядомыя толькі ў лістападзе, але, скасаваўшы Беларускі нацыянальны ліцэй, улада пераступіла мяжу самапавагі. А мова, згодна са стандартамі ЮНЭСКО, апынулася за мяжою выжываньня.

(Трусаў: ) “Мы бар’ер ЮНЭСКО ўжо перасягнулі, бо калі менш за 30% школьнікаў вучыцца на роднай мове, то гэта небясьпечна для існаваньня мовы”.

На зьезьдзе чакаецца прыняцьцё заявы ТБМ у сувязі з татальным выкараненьнем беларускае мовы з тэлебачаньня, беларускае чыгункі ды іншых сфэраў жыцьця краіны. Аднак спадар Трусаў лічыць, што гэта толькі вонкавыя нэгатыўныя працэсы. Унутраныя ж ад часу мінулага зьезду сьведчаць, паводле Алега Трусава, пра павелічэньне беларушчыны ў Беларусі.

(Трусаў: ) “За гэтыя два гады ў людзей павага да беларушчыны вырасла значна. Пра гэта сьведчаць і тыя нашыя перамогі, якіх мы дамагліся, дзякуючы збору подпісаў грамадзянаў. Моладзь вельмі актыўна да беларушчыны хіліцца — і гэта нядзіўна, таму што сёлета быў самы вялікі выпуск беларускіх клясаў і школаў. Улада пачала гаварыць пра беларушчыну. Па-расейску. Таксама гэтага раней не было.

Ну, і мяне прыемна радуе беларускае радыё. Калі я сёньня ўраньні чую “Крамбамбулю” ці іншыя сьпевы Лявона Вольскага, то гэта прыемна. Калі ўсюды пішуць “Купляйце беларускае!”, хоць і па-расейску, то гэта таксама прыемна. Калі мы бачым, што ня будзе ў нас расейскага рубля з арлом, то гэта таксама прыемна. Таму беларушчына цяпер глыбока прарасла ў душах людзей”.

Гэтак ацэньвае сытуацыю зь беларушчынай напярэдадні чарговага зьезду ТБМ старшыня таварыства Алег Трусаў.