ЯК ЛЮДЗІ СТАВЯЦЦА ДА СКАРАЧЭНЬНЯ АБ’ЁМУ ВЯШЧАНЬНЯ РАСЕЙСКІХ ТЭЛЕКАНАЛАЎ?

Севярын Квяткоўскі, Менск

Адмоўна ставяцца да скарачэньня расейскага тэлевяшчаньня найперш тыя, каго не задавальняе агульная якасьць і неаб’ектыўнасьць падачы інфармацыі беларускіх тэлеканалаў:

(Спадарыня: ) “На маю думку, калі беларускае тэлебачаньне хоча яшчэ адзін які-небудзь канал, чаму не зрабіць асобна? Навошта перабіваць тое, што ёсьць? І мяне, напрыклад, абурае, калі яны кажуць “не вместо, а вместе”. Адрозьніваецца якасьць, і не ў станоўчы бок для нас. Яшчэ мне не падабаецца, што беларускае тэлебачаньне перавялі на расейскую мову”.

(Спадар: ) “Гэта кепска, таму што інфармацыю трэба атрымліваць паўсюль, дзе магчыма. Да таго ж, расейскі ўзровень тэлебачаньня крыху вышэйшы за наш. Хоць расейскія каналы таксама маглі бы быць лепшыя. Яны хлусяць. Але калі зусім няма нічога, гэта кепска”.

(Дзяўчына: ) “Адмоўна. Мне падаецца, што расейскія каналы больш аб’ектыўныя. Натуральна, больш якасныя. Калі браць забаўляльныя праграмы, адпаведна больш забаўляльныя”.

(Карэспандэнт: ) “А інфармацыйныя?”

(Дзяўчына: ) “Больш аб’ектыўныя. Асабліва, што да становішча ў Беларусі”.

(Сталы спадар: ) “Нічога ня трэба забараняць. Ужо і так назабараняліся — навошта? Беларускае ў нас слабое вяшчаньне. Пакуль прафэсіяналаў добрага маштабу няма”.

(Спадарыня: ) “Вельмі нэгатыўна стаўлюся. Асабліва, што да замены каналу “Культура”, які зачыняюць ужо ад 18 кастрычніка. Можна было ахвяраваць любым іншым расейскім каналам, але не каналам “Культура”.

Тыя, хто вітае скарачэньне расейскага тэлевяшчаньня коштам беларускае прадукцыі, гавораць пра неабходнасьць разьвіцьця айчыннае тэлевізіі:

(Пэнсіянэрка: ) “Нармальна. Павінна быць і беларускае вяшчаньне. Яшчэ трэба, каб на беларускай мове вяшчалі. Бо народ кепска ведае”.

(Хлопец: ) “Добра. Няхай скарачаюць, няхай нашыя разьвіваюцца”.

(Студэнт: ) “З аднаго боку, нашыя мусяць разьвівацца. Але ня коштам скарачэньня іншых. Але калі гэта неабходна дзеля разьвіцьця нашых, то дапушчальна”.

І нарэшце, гучалі адказы, дзе ўхваляецца падтрымка айчыннага тэлепрадукту. Але гучыць засьцярога наконт зьместу беларускаіх тэлеканалаў:

(Спадар: ) “З аднаго бку, гэта можна вітаць. Бо інфармацыйная прастора Беларусі становіцца беларускай. Але зь іншага боку, усё залежыць ад таго, чым будзе напоўненае вяшчаньне гэтых тэлеканалаў. Яно можа стаць нават больш антыбеларускім, чым тое, што цяпер ідзе да нас з расейскіх каналаў”.