НАТАЛЬЛЯ АРСЕНЬНЕВА. ТАЯМНІЦА ТВОРЧАСЬЦІ (ЧАСТКА ДРУГАЯ)

Сяргей Дубавец, Вільня

У пазамінулай перадачы мы гаварылі пра тое, як расейская дзяўчына Натальля Арсеньнева пачала пісаць беларускія вершы. Адбылося гэта ў 1920-м годзе, калі яна вучылася ў Віленскай Беларускай Гімназіі. Тут прыйшла закаханасьць у настаўніка літаратуры Максіма Гарэцкага, якому Натальля моцна хацела паказаць свае паэтычныя спробы. Але як беларускаму настаўніку пакажаш напісанае па-расейску? Вось і давялося рабіць па-беларуску. Ужо самыя першыя вершы аказаліся ўдалымі, заслужылі высокую ацэнку настаўніка і азначылі жыцьцёвы выбар Арсеньневай. Праз год яна сканчае гімназію, яшчэ праз год выходзіць замуж за вайскоўца Францішка Кушаля. Цяпер кожнае лета яна будзе праводзіць у мужавай радні ў вёсцы Доры. Доры – як забыты адрас культуры – сталі тэмай сёньняшняй перадачы “Вострая Брама”.

У Дорах Арсеньнева канчаткова становіцца перакананай беларускай патрыёткай. Яна настолькі выдатна засвойвае мову, што ўжо пры сустрэчах зь філёлягамі сама выступае ў ролі аўтэнтычнае крыніцы народнае лексыкі. Варта зазірнуць у “Маленькі маскоўска-беларускі слоўнічак” Янкі Станкевіча і там сярод крыніцаў знайсьці: “Доры – сяло Пяршайскае воласьці, запісы зроблены ў Натальлі Арсеньневай”. Станкевіч шукае беларускія адпаведнікі ўстойлівых расейскіх фразаў. Мне жыва ўяўляецца іхны дыялёг пры сустрэчы з Арсеньневай. Станкевіч пытаецца:

– А як у вас у Дорах перакладуць выраз “Куда глаза глядят”?

– Перад сабою, – адказвае Арсеньнева і прыводзіць караценькі прыклад: “Куды ідзеш? – Перад сабою”.

Жыцьцё Арсеньневай праходзіла праз самыя гарачыя кропкі беларускай гісторыі мінулага стагодзьдзя. У Дорах яна адпачывала ад гэтых закалотаў і пакідала сваіх малых дзяцей – двух сыноў. Захаваліся ўспаміны пра дзьве адысэі паэткі – як яна двойчы дабіралася сюды пешшу – адзін раз зь Вільні, другі зь Беластоку. Кожнае такое падарожжа вартае цэлай аповесьці... Для сёньняшняга вандроўніка патрапіць у Доры непараўнальна прасьцей – трэба ўсяго толькі збочыць з магістралі Менск-Вільня і візыт, на які ў даваенныя часы можна было патраціць тыдні ці нават месяцы, у наш час зьдзяйсьняецца за пару гадзінаў. У гэтым пераканаўся сталы аўтар нашае перадачы Зьміцер Бартосік.

(Бартосік: ) “Доры нібы схаваліся ад чужых вачэй. Хоць знаходзяцца яны, лічы, на скрыжаваньні шляхоў. Ад таго месца, дзе Ракаўская шаша на 55-м кілямэтры ад Менску падзяляецца на Віленскую і Гарадзенскую і дзе міліцэйскі блёк-пост даглядае вялізныя фуры, да Дораў усяго тры кілямэтры. Варта каля матэля “Шараі” збочыць направа, як праз колькі хвілінаў з-за пагорку выглянуць чатыры бэтонныя літары. ДОРЫ. Такімі манумэнтальнымі ўказальнікамі ўпрыгожваюць звычайна ўезды ў гарады, але ня ў вёскі. Я спытаўся ў свайго спадарожніка, дзядзькі, якога падвозіў да Дораў, у чым тут сакрэт? “Ды гэта, -– кажа, -– фэстываль тут праходзіць”. “Які фэстываль?” – пытаюся. “Ну, -– адказвае, -– тут у вайну фашысты царкву спалілі разам зь людзьмі. Дык тыя, хто выжыў, кожны год тут выступаюць”. “А можа што чулі пра Арсеньневу?” “Не, ня ведаю такую. Сам я не мясцовы”, -– дадаў дзядзька.

Доры – хутчэй нават ня вёска, а мястэчка, разьлеглае між маляўнічых пагоркаў. Двухпавярховыя нябедныя камяніцы суседзяць са старымі, але акуратна пафарбаванымі хатамі. Ніводнага закінутага дому я не заўважыў. Ёсьць і крама, і клюб, і немалая школа, і нават дзіцячая школа мастацтваў. Словам, усё жывое. Пра мёртвых нагадвае мэмарыял на пагорку – падмурак царквы, якую немцы спалілі ў 1943-м разам зь людзьмі, крыжы і некалькі вялізных чорных скульптураў – кабеты аплакваюць землякоў. Прызнацца, зусім ня гэта я чакаў убачыць у вёсцы, знаёмай з успамінаў Натальлі Арсеньневай:

“Улетку гэтага ж першага году муж адправіў мяне да свае сям’і на вёску ў Доры Валожынскага павету. Тут я правяла месяцы тры, а пасьля езьдзіла сюды кожнае лета. “Вакацыі” ў Дорах вельмі шмат далі мне для разьвіцьця мае творчасьці. Я пазнала тут найчысьцейшую беларускую мову, песьні, звычаі, пабывала на вясельлях, хрэсьбінах, зжылася і зь людзьмі, і з прыродай. Шмат песьняў я запісала, а мэлёдый вывучыла напамяць”.

На сёньняшні дзень у Дорах засталіся толькі двое жыхароў, якія памятаюць тыя, Арсеньнеўскія часіны. Гэта Алена Абановіч і Фёдар Новік. Абодвум старым ужо за восемдзесят. Але сям'ю Кушаляў, ці як яны кажуць, Кушлёў, прамятаюць”.

(Новік: ) “У нас, у Дорах, дзе цяпер малочна-таварная фэрма, быў пабудаваны графскі маёнтак. І вось гэтыя самыя Кушлі яго купілі. Дабудавалі дом. Харошы, графскі... Тут быў Франак гэты. Ён быў у званьні капітана польскай арміі. Ён тут рэдка калі бываў. Ён служыў у Вільні. І жонка прыяжджала на лета. Прыяжджалі абодва сюды на воддых. Яна паэтэса. А тут рачулка была такая харошая, рыбная. Дык яны тут з вудачкамі…”

(Абановіч: ) “Франак прайдох быў. Ён жа нейкі быў… чорт яго ведае. Яны на беразе жылі каля дарогі яго будынак. Я помню. Аддзяліўшыся ад гэтых братоў. А браты ў цэнтры жылі. Янка і Пятрук. Будынак быў польскі казённы. І тады, як Саветы зайшлі, халера яго ведае, дзе ён дзеўся. Жонку яго помню. Такая была таўстая харошая баба. Яна такая сталая была. На работу не хадзіла. Яны ж багатыя былі. Наймалі бульбу капаць…

(Карэспандэнт: ) “А іх любілі, ці ня вельмі?”

(Абановіч: ) “Гэтыя два хлопцы добрыя былі. Любілі. Яны такія, знаеце, стануць касіць. Жыта, у каго на зацірку не хапае вясной, дык яны давалі. На адбытак. На касьбу, сушыць. Яны ўдвух разам жылі, Пятрук і Янка. Дык яны такія шутлівыя былі. А бабы зь вёскі ідуць. Кмен быў па сенажаці… Кмен зьбіралі ў пракос. А тыя сьмяюцца: “О, добра. Разьбіваць ня трэба сена. Бабы разаб’юць рукамі. Кмен выбіраючы”. Дык гэныя добрыя былі. А гэны Франак, гэны нейкі быў, халера яго ведае. Не скажу я, які ён быў. Але нейкі нехарошы быў. О!”

Косы зьвіняць… Сьпеўна ўзносяцца зыкі,
поўняць жыцьцём жаўтацьвет-сенажаць
майстры дзіўныя зь нязнаных музыкаў
косы зьвіняць…

Кмена пах цягне па мокрых пракосах,
Водарыць сенам у пухкіх капах!
Дыхае поле у сонцавых косах,
Кмену йдзе пах…

Песьню жанкі запяялі нясьмела,
І – звоніць уся сенажаць,
З гукамі – удалеч, здаецца б, ляцела…
Косы зьвіняць…

(Абановіч: ) “Даўнейшыя бабы ведалі ўсякія песьні. Цяпер цішыня. Так, бывала, жнуць, рвуць ляны. Сабе ж усё было. Пяюць. Можа, і не даеўшы так, як цяпер. Што ўжо казаць. Але ж неяк весялей было. Далібог. Праўда”.

(Бартосік: ) “Сёньня на тым высокім пагорку, дзе некалі па-над усім краявідам узвышаўся фальварак графа Тышкевіча, куплены Кушалямі, збудаваны кароўнік. Цяпер ён пануе над навакольлем. Варта ўсё ж узьняцца да гэтага месца колішняе сядзібы ды кінуць позірк на карціну, што адкрывалася з уяўнага вакна і якую бачыла паэтка...”

(Новік: ) “Знаеце, мы, вяскоўцы, жылі беднавата. Яны багацей жылі. Дык мы рэдка калі круціліся там, на пляцы іхным. Я б не сказаў, што яны былі якімі панамі. Гектараў сорак зямлі, яны і работалі самі. Трымалі служанку, і парабка, і пастуха. Скаціны штук дваццаць буйнарагатай. Коней трое, я помню. Тут як быў мост, тут рэчка была, дык яны ўсё купаць іх водзілі. Там купаліся. Мне гэта ўсё помніцца. Бывае, конь гэты плыве, а там глыбакавата было. Мэтры, можа, тры так глыбінёй. Дык за хвост схвацісься і за ім, за гэтым канём…”

(Абановіч: ) “Пані была! У хаце харашо было, чыста было. Яна была ганарлівая. Людзі рабілі. Харошы будынак паставілі. Браты ж памагалі. Бацька жыў, Кушаль гэты. А бацька быў зь бедных, казалі. Адкуль ён тут? Недалёкі. І тады, як разьбіралі гэтыя двары, прадавалі землі, ён тады ў самы цэнтар увабраўся.”

(Карэспандэнт: ) “Ці Вы бывалі дома ў іх?”

(Абановіч: ) “ Ну вот нейкім жа чынам я раз была. Чаго я заходзіла?.. Дык яна адзежу сьцірала. У хаце чыста, на кухні палілася такая пліта...”

Зьмярканьне…
Зь яснага блакіту
Зьнікаюць фарбы, бліскі дня,
І чыстым золатам заліта
Ціхіх палёў далечыня.

Істужкай сьцежка ўецца ў жыце,
Зьбягае ўніз, паўзе вышэй,
Праз ручаёў сталёвых ніці
Бяжыць кудысь далей, далей…

Лятуць, купаюцца ў паветры,
Зьнікаюць круцяцца узноў
Лісты, што ўвосень носяць ветры,
А захад іх фарбуе ў кроў.

У савецкай літаратуры Натальля Арсеньнева і Францішак Кушаль нярэдка называюцца калябарантамі, якія супрацоўнічалі зь нямецкім акупацыйным рэжымам. Але гэта толькі доля праўды пра іх. Насамрэч яны былі калябарантамі ў шырэйшым сэнсе гэтага слова. Іх супрацоўніцтва з чужой уладай цягнулася праз усё жыцьцё да самае эміграцыі. Спачатку гэта была акупацыя расейскага царызму – таго рэжыму, пад якім яны нарадзіліся, пайшлі ў школу і набылі прафэсію. Потым гэта была польская акупацыя, пад якой яны ажаніліся, нарадзілі і паставілі на ногі дзяцей. Наступная акупацыя – савецкая, самая кароткая, паўтара года, але бадай самая цяжкая, бо амаль усю яе давялося правесьці ў канцлягеры ў Казахстане і ў турме на Лубянцы. Пасьля гэткага прыход чарговае акупацыі – нямецкай – яны ўспрынялі як вызваленьне. І, напэўна, інакш не магло быць. Фашысты не выглядалі горш за камуністаў; дастаткова згадаць дакумэнтальныя факты пра тое, як немцы, прыйшоўшы ў Беларусь, праводзілі эксгумацыі месцаў масавых сталінскіх расстрэлаў, каб выклікаць у сваіх салдатах абыякавасьць да жыцьцяў мясцовых людзей. Маўляў, калі яны самі сваіх так зьнішчаюць, дык вас тым больш нішто ня мусіць спыняць перад забойствам мірнага насельніцтва.

Францішак Кушаль, які абраў кар’еру вайскоўца і стаў польскім афіцэрам, мог стаць і афіцэрам савецкім, і афіцэрам нямецкім, бо гэта была ягоная прафэсія, у якой ніводная ўлада не пакідала месца для ягоных беларускіх патрыятычных пачуцьцяў. А сваёй, беларускай улады ў гэтай куламесе акупацыяў не было. Яшчэ ў першую сусьветную Кушаль як расейскі афіцэр ваяваў супраць немцаў, пасьля – у другую сусьветную – як польскі афіцэр – супраць фашыстаў. Што тут скажаш? Відаць, ён быў неблагім прафэсіяналам, калі кожная ўлада давала яму працу.

Тое самае здарылася і з Натальляй Арсеньневай, якая магла пісаць газэтныя “здравіцы” то Сталіну, то Гітлеру, бо такая была ў яе работа, якая таксама не пакідала месца для яе беларускага патрыятызму. Стаць савецкай патрыёткай для яе было тое самае, што стаць патрыёткай нямецкай, гэта значыць, перастаць быць сабою. Праўда, у адрозьненьне ад мужа, у яе было адхланьне – яе паэзія.

(Бартосік: ) “Каб Натальля Арсеньнева ці Францішак Кушаль зьяўляліся ў Дорах падчас вайны, вяскоўцы ня памятаюць. Але старым прыгадваецца іншае”.

(Абановіч: ) “А пры немцах што ж было? Партызаншчына ж была. Вялікая. Немцы ў Валожыне стаялі. Ня надта далёка дарога. Дык немцы: “Так-так-так-так-так”, стануць брахаць. Дык ляціш, ня ведаеш, дзе дзявацца. А ноччу партызаны. Божа-божа, лапці і тыя пахаваеш. Панчохі зрэбныя, робленыя… Оё-аёй-аёй… Усё. Кароўкі адбіралі. Цяжка было. Я ўсё гэта помню, як жылося. Якія партызаны добрыя былі? Чужыя. А свае брадзягі былі. Толькі абіралі”.

(Новік: ) “Немцы прыйшлі. Яны, пэўна, выехалі ў Валожын. Я добра ня ведаю пра іх лёс. А дом? Немцы хацелі паліцыю тут пасадзіць. Ну а партызаны загадалі свайму сувязному, дык ён яго ўзяў запаліў. Ну вось пасьля гэнага Франак абідзеўся сьлішкам, што дом спалілі. Дык яны, відзіма, папрасілі немцаў, каб яны тутака гэтыя Доры зьнішчылі. Ня толькі Доры, а усю гэтую мясцовасьць. Маўляў, партызан кормяць. І тут вёсак недзе да сарака, мусіць, спалілі. І людзей многа перабілі.”

(Карэспандэнт: ) “З ініцыятывы Кушаля?”

(Новік: ) “Так. І гэта факт. Тут кожны год адбываюцца ўспаміны на гэтым самым месцы… І былы старшыня нашага калгаса Шарэцкі чытаў дакумэнт людзям. Што, значыць, яны немцаў папрасілі, ці што… Прадалі яны ўсю нашу бліжэйшую мясцовасьць”.

(Абановіч: ) “Ён быў нейкі там прахадзімец. Я – чалавек няграматны. Але троха паслухала, як людзі гаварылі. Які ён быў? Знаю, што нехарошы ён быў. А які, чорт яго ведае. Ён у нейкіх дзялох быў. Падпольных. Вось што”.

(Новік: ) “Немцы ж блакаду тут наладзілі ў нас. І нашу вёску, сагналі людзей і запалілі. Праўда, стралялі там па іх. Расказвалі некаторыя, што спасьліся, уцяклі, што раненыя былі, і жывыя дзеці малыя. Піск, крык там страшэнны. Туды ж да Налібоцкай пушчы вёсак сорак спалілі. Тут – каля дзьвесьце чалавек, разам зь дзецьмі, старымі”.

(Бартосік: ) “Калі я слухаю падобныя рэчы, дык міжволі пачынаю ўдаваць спачуваньне. І дзіўлюся, што маё спачуваньне не знаходзіць ніякага водгуку ў тых, хто ўсё гэта бачыў і перажыў. Ні ў Фёдара Новіка, ні ў Алены Абановіч падчас расповеду пра вайну няма ніякага ўдаванага трагізму. Гаворка ідзе толькі пра жыцьцё. Якое яно было насамрэч. Напэўна, таму старая Алена не адразу і прыгадала, што ж рабілася тут у 1943-м. Таму няма і намёку на нянавісьць да “фашысцкага прыслужніка” Кушаля ў спадара Фёдара. Як, зрэшты, і вялікага піэтэту да колішняга старшыні калгасу Сямёна Шарэцкага, які ўрэшце апынуўся там, дзе і Кушаль. Такое вось было беларускае жыцьцё. Зь вялікай крывёю. І зь вершамі таксама. Выдатнымі вершамі, пазначанымі страшнымі датамі.

Тое, што паэтку тут памятаюць, засьведчыла дорская настаўніца беларускай мовы і літаратуры Ала Сыч.”

(Карэспандэнт: ) “Ці імя Натальлі Арсеньневай у школе вядомае?”

(Сыч: ) “Вядомае. Дзеці ведаюць. І яшчэ як жыў Равінскі, былы дырэктар Шакуцёўскай школы, ён прыяжджаў да нас у школу. І наагул такі цікавы матэрыял прапаноўваў. І расказваў пра яе жыцьцё. Што яна менавіта тут жыла. І выехала ў Амэрыку. Пасьля Вялікай Айчыннай вайны”.

***

(Дубавец: ) “Вёска Доры, цяпер ужо назаўжды пазначаная імем Натальлі Арсеньневай, – зусім ня проста вёска. Гэта знак палярнасьці беларускага лёсу. Разам з суседняй Люцінкай гэтая мясцовасьць спазнала і самы сьветлы, і самы страшны беларускі час. Менавіта тут разгортваліся падзеі двух знакавых твораў беларускай літаратуры. У сярэдзіне 19 стагодзьдзя тут была ўбачаная і апісаная Вінцуком Дунінам-Марцінкевічам “Ідылія” – жывыя карцінкі сацыяльнага міру, рамантычная раўнавага ўсяго і ўся, дзе ўладальнік мясцовасьці граф Тышкевіч, ходзячы па вясковых хатах, вядзе запіс сялянскіх паданьняў і разам зь сялянамі сьпявае іхныя песьні. І вось праз сто гадоў у гэтых самых краявідах разгортваюцца сцэны наступнага фільма і наступнае кнігі. Гэта “Карнікі” Алеся Адамовіча. Менавіта батальён Дырлівангера спаліў дорскіх сялянаў у іхнай царкве. Адамовіч прыводзіць цытату з дакладной запіскі, пад якой стаіць подпіс Кушаля:

“У другой палове ліпеня г.г. нямецкія атрады СС праводзілі ачыстку ад партызан тэрыторыі Валожынскага раёну. Пры гэтым атрадамі былі спаленыя разам з пабудовамі зажыва жыхары вёсак Пяршайскага павету: Доры, Мішаны, Даўгулёўшчына, Лапіцы, Сярэдняе Сяло, Раманаўцы, Нелюбы, Палубоўцы і Макрычаўшчына.

Атрады СС ніякага сьледзтва не праводзілі, толькі заганялі жыхароў, пераважна старых, жанчын і дзяцей, у асобныя пабудовы, якія затым падпальваліся.

У Дорах жыхары былі сагнаныя ў царкву і разам з царквой спаленыя”.

Асабіста мне ў гэтым пасланьні афіцэра дапаможнае паліцыі бачыцца стрыманае жанрам рапарту абурэньне і скарга.

Аднак гаворка не пра гэта. Гаворка пра Доры, празь якія крыж-накрыж леглі дзьве дарогі беларускага лёсу – самая сьветлая і самая цёмная і ў якіх, нібы ў замесе дабра і зла, высьпеліўся талент слыннай беларускай паэткі і аўтаркі нацыянальнага гімну “Магутны Божа”.

Складаючы разам знакавыя імёны і факты дорскае гісторыі – ад Тышкевіча да Шарэцкага, ад сярэднявечнага кальвінскага збору да спаленае разам зь людзьмі царквы, ад калгасных кароўнікаў на месцы панскае сядзібы да высокае паэзіі ўзгоркаў і запаленых восеньню клёнаў, пачынаеш разумець, што тут, у Дорах, табе адкрываецца ўвесь беларускі сьвет і ўвесь беларускі лёс, прынамсі – самае важнае, што ў гэтым сьвеце і лёсе было, ёсьць і будзе.