НЕДАХОП ЗДАРОВАГА СНУ АДМОЎНА ЎПЛЫВАЕ НА ЗДАРОЎЕ

Кастусь Бандарук, Прага

Вы можаце правільна харчавацца, займацца фізычнымі практыкаваньнямі, але калі ня будзеце добра спаць, вы падвяргаеце сваё здароўе сур’ёзнай рызыкі. Пра гэта сьведчаць вынікі дасьледваньня, праведзенага Амэрыканскім нацыянальным фондам сну.

Аказваецца, што праблемы са сном маюць дзьве траціны жыхароў ЗША. Гэта значыць, што большасьці амэрыканцаў пагражаюць шкодныя наступствы бяссоньня.

Прафэсарка Ів ван Коўтэр (Eve van Cauter) з мэдычнага факультэту Чыкагскага Ўнівэрсытэту патлумачыла наступствы хранічнага бяссоньня для здароўя, а таксама дала рэкамэндацыі, як палепшыць свой сон.

Прычыны парушэшнья сну бываюць розныя. Гэта можа быць:
– вынік зьмены нармальнай пары начнога адпачынку
– зьмена часавога пояса
– праца ў тры зьмены
– злоўжываньне алкаголем, нікатынам, кавай ці наркотыкамі
– псыхічныя праблемы
– інфэкцыі, гарачка, боль або душнасьць,
– дэпрэсыя або маніякальныя станы
– пабочны эфэкт ўжываньня некаторых лекаў.

Што такое “адпаведны сон”? Дасьледчыкі пазьбягаюць вызначэньня яго. Яны цьвердзяць, што гэта такая якасьць і такая працягласьць сну, якія дазваляюць нам аптымальна функцыянаваць фізычна і псыхічна.

Тым ня менш, з трох незалежна праведзеных дасьледваньняў вынікае, што маладыя, дарослыя людзі, павінны спаць у сярэднім 8 гадзінаў і 15 хвілінаў. Людзі ў старэйшым узросьце, як правіла, патрабуюць меней сну, але і вельмі часта яны маюць праблемы са сном. Гэта зьвязана з натуральнай субстанцыяй – мэлятанінам, рэгулятарам нашага біялягічнага гадзіньніка.

Некаторыя вучоныя называюць гэты гармон “эліксірам маладосьці”, паколькі ён папраўляе настрой, умацоўвае імунную сыстэму і зьяўляецца добрым антыаксыдантам. Натуральнай крыніцай мэлятаніну зьяўляецца шышкавідная залоза (pineal gland) у цэнтральнай частцы мозгу. Правільны ўзровень гэтага гармону аблягчае засынаньне і спакойны сон. Аднак пасьля 40 гадоў узровень мэлятаніну зьніжаецца. Адсюль і праблемы са сном у паджылых людзей.

Як можна вызначыць паняцьце бяссоньня? Паводле Коўтэр, гэта розьніца паміж рэальнай працягласьцю сну і тым, колькі чалавек ў дадзеным ўзросьце павінен быў бы спаць. У кожным разе, першыя сымптомы бяссоніцы, гэта зьніжэньне пільнасьці і ўвагі, а таксама дэпрэсіўны настрой.

Хранічнае недасыпаньне найперш пагражае моладзі ў школьным узросьце. З прычыны свайго тэмпэрамэнту, вучобы і сучаснай мадэлі жыцьця моладзь кладзецца спаць адносна позна. Аднак заняткі ў школе пачынаюцца зранку, пераважна ў адну пару. У выніку вучні горш засвойваюць веды, горш вучацца.

Таксама ў выпадку дарослых людзей, асабліва кіроўцаў і апэратараў розных машынаў, недахоп сну зьмяншае іхную працаздольнасьць. Згодна дасьледваньню аўстралійскіх навукоўцаў, недахоп сну выклікае аслабленьне канцэнтрацыі і пільнасьці аналягічнае, як пасьля спажываньня алькаголю.

Паводле дасьледваньняў, наступствы бяссоніцы назапашваюцца. Ніводная жывёла не пазбаўляе сябе сну і не дазваляе гэтага рабіць і арганізм чалавека. З кожным днём недасыпу той, хто дрэнна сьпіць, адчувае сябе ўсё горш і горш. Гэта таксама датычыць фізычных недамаганьняў.

З экспэрымэнтаў, праведзеных на добраахвотніках, у прыватнасьці ў Чыкагскім Унівэрсытэце, вынікае, што недахоп сну, напрыклад, усяго 4 гадзіны штоноч, выразна павялічвае рызыку захворваньня на дыябэт. Выявілася, што страта сну адмоўна ўплывае на мэтабалізм цукру.

Акрамя таго, адсутнасьць сну падвышае апэтыт і пачуцьцё голаду. На думку вучоных, чалавек, якому ня сьпіцца, цягнецца да халадзільніка ня проста ад бязьдзейнасьці. Ён мог бы чытаць кніжку або ўключыць тэлевізар, аднак у выніку бяссоньня наступаюць зьмены ў гарманальных працэсах.

Напрыклад, гармон стрэсу – картызол увечары ўтрымліваецца на нізкім ўзроўні, паколькі ён рыхтуе нас да стану начнога адпачынку. Аднак у выніку бяссоньня ўзровень картызолу падвышаецца. Недахоп сну ўплывае таксама на гармон лептын, які адказны за апэтыт, і гармон, які ўплывае на працу шчытападобнуай залозы, а тая ў сваю чаргу кантралюе мэтабалізм. У выніку чалавеку пагражае празьмерная вага і атлусьценьне, з усімі нэгатыўнымі наступствамі.

У лячэньні парушэньняў сну ўжываецца шэраг фармакалягічных сродкаў, як правіла, на базе мэлятаніну. Аднак спэцыялісты раюць выкарыстоўваць іх толькі ў старэйшым узросьце і ў якасьці скрайняга сродку.

Адмыслоўца перасьцерагаюць ад ўжываньня снатворных сродкаў бяз лекарскага кантролю, і ўжываньне снатворных доўгі час, паколькі зь цягам часугэтыя сродкі перастаюць дзейнічаць эфэктыўна і прыводзяць да залежнасьці ад іх.

Пачаць змаганьне зь бяссоніцай трэба з таго, што паспрабаваць драмаць цягам дня, а таксама не класьціся спаць адразу пасьля багатай вячэры, ня піць ўвечары, а там болей непасрэдна перад сном, моцнай кавы, гарбаты ці алькаголю. Лепш сьпіцца ў пры ніжэйшай тэмпэратуры, у добра праветраным пакоі, пасьля памяркоўнага фізычнага высілку, напрыклад, пасьля шпацыру.

Важна таксама памятаць, што паводле народнай мудрасьці, найлепшая падушка – гэта чыстае сумленьне. Нельга гэтак праводзіць дзень, каб дакор сумленьня з прычыны нашых словаў і ўчынкаў, не даваў нам спакойна заснуць.