У МЕНСКАЙ АБЛАСНОЙ БІБЛІЯТЭЦЫ ІМЯ ПУШКІНА РАСПАЧЫНАЕЦЦА ВЫСТАВА СЯРЭДНЯВЕЧНЫХ СТРОЯЎ

Ігар Карней, Менск

Выстава, якая адкрылася 3 кастрычніка, арганізаваная менскім абласным “Цэнтрам народнай творчасьці” сумесна зь “Беларускім Зьвязам майстроў народнай творчасьці”. Вядучы мэтадыст абрадавых традыцыяў Натальля Валынец распавяла, што дагэтуль у Беларусі досыць хаатычна экспанаваліся тэматычныя строі толькі пэўнай гістарычнай эпохі. Цяпер наведнікі могуць пазнаёміцца з павевамі ў модзе, якія ахопліваюць больш як палову тысячагодзьдзя.

(Валынец: ) “Найперш, прадстаўленая стылізацыя строяў ХІІ–ХVІІІ. Гэта рэканструкцыі й нешта кшталту тэатральных касьцюмаў, якія могуць выкарыстоўвацца і ў тэатральных пастаноўках. Маюцца строі гістарычна праўдзівыя (і тканіна, і сам крой браўся гістарычны), а ёсьць мастацкая стылізацыя на тэму азначанага пэрыяду. Але трэба мець на ўвазе, што на той прамежак часу рэгіянаваньне было не настолькі выразным, як для этнаграфічных строяў, таму побач прадстаўленая і гарадзкая мода, і сьвецкія строі — касьцюмы шляхты, але ня толькі беларускай: ёсьць ўзоры заходнеэўрапэйскія і нават некалькі ўсходніх”.

Шыць такія строі мог далёка ня кожны. Шараговых здольнасьцяў, каб стварыць эксклюзіўную жаночую сукенку з мноствам дробных аксэсуараў, уласьцівых модзе таго ці іншага часу, недастаткова. Доктар мастацтвазнаўства Яўген Сахута кажа: моду таго часу трэба разглядаць з разуменьнем эпохі. Паколькі Беларусь была паўнавартаснай эўрапейскай дяржавай, усе дасягненьні цывілізацыі сюды траплялі адразу ж. Раскошай убораў доўгі час беларуская шляхта пераўзыходзіла заходнеэрапейскую, але статус транзытнай краіны накладаў і пэўныя нюансы: так, вельмі шмат прасочвалася ўсходніх матываў. І калі шоўк, парча імпартаваліся, то льняныя тканіны, футра выкарыстоўваліся свае, а з разьвіцьцём ткацтва вялікія аб’ёмы накіроўваліся за мяжу.

Практычна ўсе строі, якія дэманструюцца ў памяшканьні Пушкінскай бібліятэкі ў Менску, створаныя рукамі майстроў “Зьвязу народнай творчасьці”. Спадар Сахута называе іх “вольнымі фантазіямі”, але дадае, што папярэднічала гэтаму вялікая дасьледчая праца.

(Сахута: ) “У нашым зьвязе ёсьць адмыслоўцы-дасьледчыкі, кандыдаты навук з дысэртацыямі ў галіне старажытна-беларускага касьцюму, якія на падставе розных іконаграфічных матэрыялаў, пячатак, раскопак, парэштак, у параўнальных аналізаў з касьцюмамі суседніх народаў аднавілі традыцыі старажытнага шляхецкага і гарадзкога касьцюмаў. Ёсьць майстры, якія паралельна вядуць аднаўленчыя працы самастойна, але самі і шыюць. І вось дзякуючы такім сумесным намаганьням удаецца рабіць рэканструкцыі. Да вельмі дакладнага аднаўленьня не імкнемся, бо даводзіцца ўлічваць і павевы цяперашняга часу. Хоць больш-менш аўтэнтычна спрабуем рабіць, але ж матэрыялы, аксэсуары сучасныя выкарыстоўваем, і строй ня можа выглядаць дакладна так, як раней”.

(Карэспандэнт: ) “Значыць, можна казаць пра творчую імправізацыю?”

(Сахута: ) “Безумоўна. І творчыя імправізацыі ёсьць, і працы ў духу таго часу, і работы, якія дакладна ўзнаўляюць тагачасныя строі, асабліва што да позьняга сярэднявечча”.

Арганізатары выставы спадзяюцца, што бальшыня наведнікаў адкрые для сябе прынцыпова новую старонку ў гісторыі сярэднявечнай Беларусі.