ЖЫВАЯ МОВА: ВЫБУХНЫ [Ґ] У БЕЛАРУСКIМ МАЎЛЕНЬНI

Юрась Бушлякоў, Менск

У лiсьце на “Свабоду” наш слухач Яўген Крыкун задае пытаньне пра ўжываньне выбухнога гуку [ґ] у беларускiм маўленьнi. Як, прытрымлiваючыся лiтаратурнае нормы, трэба вымаўляць: маз[г']i цi маз[ґ']i, [г]анак цi [ґ]анак? На што можна арыентавацца пры вымаўленьнi? Цi шмат у нас уласнабеларускiх словаў з выбухным [ґ]? Цi выпадае кожнае этымалягiчнае [g] у пазычаньнях перадаваць праз выбухны [ґ]?

Найперш зьвярну ўвагу на тое, што ўва ўласнабеларускiх словах выбухныя гукi [ґ] i [ґ'] вымаўляюцца ў каранёвых спалучэньнях [зґ], [зґ'], [дзґ] i [джґ]: абрыз[ґ]лы, браз[ґ]аць, маз[ґ']i, роз[ґ']i, вэдз[ґ]аць, дж[ґ]аць i iнш. У непазычанай лексыцы [ґ] i [ґ'] здараюцца i ў iншых пазыцыях (напрыклад, [ґ]уз, ня[ґ']е[ґ]лы). Ёсьць таксама група пазычаньняў (гэта прынамсi колькi дзясяткаў словаў), у якiх ужываньне выбухных [ґ] i [ґ'] носiць традыцыйны характар. Пералiчу тут найбольш частотныя з такiх пазычаньняў: а[ґ]рэст, [ґ]аза, [ґ]анак, [ґ]арсэт, [ґ]валт, [ґ']ільза, [ґ']iпс, [ґ]онта, [ґ]узiк, джы[ґ']iт, смара[ґ]д, цу[ґ]лi, цэ[ґ]ла, шва[ґ']ер, шва[ґ']ерка. Улiчвайма, што выбухныя гукi захоўваюцца i ў вытворных словах: скажам, раз маз[ґ']i, то й маз[ґ]авы, абмаз[ґ]аваць, як [ґ]аза, так i [ґ]азьнiца, як [ґ]валт, так i [ґ]валтоўны, [ґ]валтаўнiк i г. д.

У сваiм лiсьце сп. Крыкун пiша, што стараецца вымаўляць [ґ] пасьлядоўна ў словах iншамоўнага паходжаньня, ды iлюструе гэта, напрыклад, словам пра[ґ]рама. Беручы пад увагу, што пераважная бальшыня агульнаўжывальных пазычаньняў трывала замацавалася ў лiтаратурным вымаўленьнi з тыповым беларускiм шчылiнным [г], вымаўленчы варыянт пра[ґ]рама наўрад цi можна прызнаць за апраўданы й пэрспэктыўны.

Іншая сытуацыя з уласнымi назовамi, якiя маюць неславянскую лексычную аснову: тут, здаецца, можна дапусьцiць перадачу этымалягiчнага выбухнога [g] празь беларускi выбухны [ґ]. Іначай кажучы, ставячы за мэту больш карэктную перадачу ўласных назоваў, ня варта квалiфiкаваць вымаўленьня ў iх выбухнога [ґ] як парушэньня артаэпiчнае нормы: да прыкладу, [Г]арыбальдзi i [Ґ]арыбальдзi, [Г’]iбралтар i [Ґ’]iбралтар, [Г]рым i [Ґ]рым, [Г]рынвiч i [Ґ]рынвiч.