МІНІСТАР АДУКАЦЫІ УЦЁК АД ЛІЦЭІСТАЎ

Любоў Лунёва, Менск

Тым часам Менскі гарадзкі суд адмовіўся задаволіць скаргі бацькоў ліцэістаў. Яны дамагаліся адмены рашэньня Маскоўскага раённага суду Менску, што адмовіўся разгледзець пазоў бацькоў вучняў ліцэю супраць Мінадукацыі.

Раніцай каля шасьцідзесяці навучэнцаў ліцэю ў майках з надпісам: “Я люблю свой ліцэй!” сталі пікетам насупраць уваходу ў будынак Нацыянальнага прэс-цэнтру. Яны чакалі міністра адукацыі Аляксандра Радзькова.

(Франак: ) “Міністар павінен нас убачыць. Мы ўсе жадаем, каб ён не забываўся пра тое, што будзе несьці адказнасьць за нашу адукацыю, за тое, у якіх умовах мы цяпер вымушаныя вучыцца”.

(Глеб: ) “Стаім тут, чакаем міністра. Хочацца павіншаваць яго з Днём настаўніка і падзякаваць яму за наш ліцэй”.

Каб не сустрэцца зь ліцэстамі, міністар не пайшоў у будынак праз цэнтральны ўваход. Людзі ў цывільным правялі яго праз пажарны выхад.

На прэсавай канфэрэнцыі міністар Радзько так і ня даў пэўнага адказу наконт лёсу Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю. Калі месяц таму ён запэўніваў журналістаў, што калектыў ліцэю ў кастрычніку будзе займацца ў сваім будынку на Кірава, 21, то цяпер ён ухіліўся ад простага адказу.

(Радзькоў: ) “Згодна з законам аб адукацыі, дзеці могуць вучыцца з гувэрнэрамі, з бацькамі, а потым экстэрнам здаваць экзамэны. Можа, нехта і так хоча займацца. Мы ж ім прапанавалі найлепшыя школы. У мяне такое адчуваньне, што і мы адказныя, але і тыя настаўнікі, якія зь імі працавалі і цяпер працуюць, павінны больш уважліва ставіцца да лёсу дзяцей. Я разумею, можа, у іх ёсьць прэтэнзіі да загаду, да працэсу, можа ёсьць крыўда, але дзеці не павінны пакутаваць. Дзеці павінны вучыцца. Якасны навучальны працэс можа быць у навучальнай установе. Мы гатовыя прыняць кожнае дзіця ў лепшую школу, але гэты працэс не рэалізуецца”, — сказаў Радзькоў.

Дзеці тым часам падзяліліся на групы й чакалі міністра адукацыі ля ўсіх выхадаў з будынку. Праз паўгадзіны сп.Радзькоў выйшаў у суправаджэньні некалькіх асобаў з чорнага выхаду. Ён заўважыў дзяцей, але падысьці да іх адмовіўся — хуценька сеў у падагнаную машыну і зьехаў.

Бацькі ліцэістаў і выкладчыкі ў гэты час былі ў гарадзкім судзе. Разглядалася калектыўная скарга бацькоў аб тым, што Маскоўскі раённы суд, на думку бацькоў, незаконна адмовіўся прыняць заяву, у якой яны прасілі суд прызнаць пастанову Міністэрства адукацыі аб ліквідацыі ліцэю незаконнай. Бацькі спаслаліся на дзейнае заканадаўства, якое ім дэкляратыўна гарантуе свабоду выбару мовы для навучаньня сваіх дзяцей. У Маскоўскім судзе Менску ім адказалі, што справу належыць разглядаць у гаспадарчым судзе.

Судзьдзя гарсуду адмовілася весьці паседжаньне па-беларуску, спаслаўшыся на Закон аб мовах. Яна выслухала ўсіх жадаючых і літаральна праз 10 хвілінаў абвесьціла рашэньне — адмовіць. Намесьнік дырэктара ліцэю Лявон Баршчэўскі так пракамэнтаваў гэта Радыё Свабода:

(Баршчэўскі: ) “Рашэньне суду, вядома, грунтуецца не на прававой базе, а на нейкіх нарматыўных актах, якія не адпавядаюць ніякім канонам клясычнага рымскага права. Гэта значыць, што калі Саўмін прыме Пастанову расстраляць чалавека, то чалавек нават ня мае права абскардзіць яе, бо гэта нарматыўны акт. Гэта абсурд. Гэты абсурд сьведчыць пра ўсю прававую сыстэму, якая ёсьць у Рэспубліцы Беларусь”.

Сябра бацькоўскай рады Анатоль Шаршнёў паведаміў, што бацькі пададуць заяву ў вышэшыя інстанцыі, але на станоўчы вынік яны мала спадзяюцца.