БЕЛАРУСКІЯ ЭКОЛЯГІ БУДУЦЬ ДАМАГАЦЦА ПРЫЕЗДУ Ў БЕЛАВЕСКУЮ ПУШЧУ МІЖНАРОДНЫХ ЭКСПЭРТАЎ

Альгерд Невяроўскі, Менск

Камісія экспэртаў на чале з дэпутатамі Марыяй Худой і Аляксандрам Сьвірыдам працавала ў Белавескай пушчы два дні пры канцы ліпеня. Прычынай праверкі сталі шматлікія звароты ў Палату прадстаўнікоў эколягаў, сяброў грамадзкай ініцыятывы “Tэра-Канвэнцыя”, якія сьцьвярджаюць, што ў пушчы вядзецца незаконная гаспадарчая дзейнасьць, высечка жывога лесу, а таксама парушаюцца сацыяльныя правы працаўнікоў парку. Гаворыць каардынатар грамадзкай ініцыятывы “Тэра-Канвэнцыя” Валер Дранчук:

(Дранчук: ) “Агульнае ўражаньне такое — мы не ў захапленьні ад тых падыходаў, зь якімі гэтая парлямэнцкая група паехала ў Белавескую пушчу. Наша ініцыятыўная група заўсёды кіравалася прынцыпам — разгарнуць Нацыянальны парк, гэты неруш, у бок гуманітарных каштоўнасьцяў, у бок міжнародных канвэнцыяў. Асабліва ў бок канвэнцыі аб прыроднай ўсясьветнай спадчыне. Там квітнее гаспадарчая дзейнасьць, там разгортваецца камэрцыялізацыя гэтай дзейнасьці. Там не даюць, а бяруць”.

Эколяг спасылаецца на сьведчаньні некаторых былых і цяперашніх працаўнікоў Нацыянальнага парку, якія сьцьвярджаюць, што ў пушчы вядзецца прамысловая нарыхтоўка лесу. Але рэальных доказаў незаконнай высечкі няма. Кіраўніцтва Нацыянальнага парку “Белавеская пушча” сьцьвярджае, што высякаецца толькі сухі лес, а таксама дрэвы, пашкоджаныя жуком-караедам. Прычым у абсалютна запаведнай зоне пушчы, на тэрыторыі 17000 гектараў увогуле ніякай высечкі не праводзяць.

Штопраўда, экспэрт дэпутацкай камісіі, намесьнік дырэктара Інстытуту экспэрымэнтальнай батанікі Нацыянальнай Акадэміі навук Аляксандар Пугачэўскі не выключае, што высечка жывых дрэваў у пушчы можа весьціся:

(Пугачэўскі: ) “На сайце “Белавеская пушча” ёсьць фотаздымкі, якія быццам бы паказваюць, што высечкі ёсьць у пушчы. Таму органы, якія мусяць назіраць за гэтай дзейнасьцю, нейкім чынам павінны рэагаваць на гэта. Рэакцыі пакуль што няма. За два дні наша камісія не магла правесьці комплекснай праверкі гаспадарчай дзейнасьці такога вялікага прадпрыемства, якім ёсьць “Белавеская пушча”. Вядома, мы агледзелі некалькі ўчасткаў, дзе праводзяцца высечкі, і ўбачылі, што парушэньняў няма. Ну вядома ж, нам паказалі тыя месцы, дзе іх і няма. Калі яны ёсьць дык навошта ж туды везьці камісію?”

Валер Дранчук, які назіраў за працай камісіі, гаворыць, што людзі, якія жывуць і працуюць у пушчы, скардзіліся дэпутатам на сваволю адміністрацыі Нацыянальнага парку. Яны сьцьвярджалі, што за два гады з запаведніку было звольнена 260 працаўнікоў, а таксама, што кіраўніцтва парку забараняе людзям вольна перамяшчацца ў пушчы.

Сябры камісіі ў сваёй даведцы для розных дзяржаўных установаў просяць разгледзець пытаньне аб кадравай палітыцы кіраўніцтва парку, а таксама адзначаюць, што пушча знаходзіцца ў вельмі складанай, ці не паталягічнай сытуацыі. Прычым адбылося гэта як з прычыны неспрыяльных прыродных умоваў, так і ў выніку гаспадарчай дзейнасьці.

Яшчэ адна праблема — вэнэрычныя захворваньні белавескіх зуброў. Аляксандар Пугачэўскі і Валер Дранчук лічаць, што непасрэднай небясьпекі зьнікненьня папуляцыі зуброў няма, бо ёсьць здаровыя зубровыя статкі ў Палескім, Налібоцкім ды іншых запаведніках.

Тым ня менш, эколягі гавораць, што праблемай здароўя зуброў, як і ўсёй Белавескай пушчы, павінна заняцца міжнародная група экспэртаў-эколягаў. Валер Дранчук сказаў, што грамадзкая ініцыятыва “Тэра-Канвэнцыя” будзе дамагацца, каб улады дапусьцілі гэтых экспэртаў у пушчу.