“СПРАВА БАНДАЖЭЎСКАГА І РАЎКОВА ДАГЭТУЛЬ ЗАСТАЕЦЦА ПАЛІТЫЧНАЙ”

Ганна Соусь. Менск

Журналістка павінна будзе выплаціць Цераховічу 300 тысяч рублёў, а выдавец “БДГ” — 800 тысяч рублёў.

Судзьдзя Сяргей Цорах часткова задаволіў патрабаваньні Вячаслава Цераховіча. Сьледчы лічыў, што ў шэрагу публікацыяў Ірыны Макавецкай аб вядзеньні ім судовай справы рэктара Гомельскага мэдінстытуту Юрыя Бандажэўскага абражаныя ягоныя гонар, годнасьць і дзелавая рэпутацыя.

Частку патрабаваньняў Цераховіча суд адхіліў, а частку прызнаў абгрунтаванымі. Што да матэрыяльнай кампэнсацыі (а Цераховіч патрабаваў 1 мільён рублёў з І.Макавецкай і 9 мільёнаў рублёў з “БДГ”), то суд прызначыў значна меншую суму — 300 тысяч і 800 тысяч рублёў адпаведна. Рэдакцыя павінна ў 20-дзённы тэрмін пасьля таго, як рашэньне суду набудзе моц, надрукаваць абвяржэньне ў газэце. Я запыталася ў намесьніка старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэя Бастунца, ці задаволены ён рашэньнем суду.

(Бастунец: ) ”Я задаволены гэтым рашэньнем суду ў той частцы, у якой адхіленыя патрабаваньні пазоўніка. З той часткай, у якой гэтыя патрабаваньні задаволеныя, я зразумела, не задаволены. На мой погляд ёсьць падставы для таго, каб абскардзіць гэтае рашэньне ў Менскім гарадзкім судзе”, — лічыць Андрэй Бастунец.

А вось меркаваньне ўласнай карэспандэнткі “БДГ” Ірыны Макавецкай:

(Макавецкая: ) “Па-першае, я хачу сказаць, што ганаруся мужнасьцю Ўладзімера Раўкова, які здолеў вытрымаць зьдзек і націск на яго на папярэднім сьледзтве. Я таксама дзякую яму за яго мужнасьць выступіць супраць сьледчага Цераховіча на нашым працэсе. І мне шкада, што суд не знайшоў у сабе мужнасьці прызнаць тыя шматлікія і, падкрэсьліваю, пісьмовыя доказы, якія падала я і мой прадстаўнік Андрэй Бастунец. Гэта сьведчыць пра тое, што справа мэдінстытуту, справа Бандажэўскага і Раўкова дагэтуль застаецца палітычнай.

У выснове суду, на мой погляд, мала лёгікі. Прыкладам, суд прызнаў, што мая характарыстыка саноўніка юстыцыі Цераховіча, як “маститого”, а гэта значыць паважанага і шаноўнага, не адпавядае сапраўднасьці. Я лічу, што гэта адзіная выснова суду, якую мы ня будзем абскарджваць”, — мяркуе ўласная карэспандэнтка “Белорусской деловой газеты” Ірына Макавецкая.