У БЕЛАВЕСКІХ ЗУБРОЎ НЯМА СНІДУ, АЛЕ ЁСЬЦЬ НЭКРОЗ ПОЛАВЫХ ОРГАНАЎ

Ул. інф.

Нямецкія навукоўцы-мікрабіёлягі, якія дасьледавалі тканкі запаленых органаў белавескіх зуброў, лічаць, што сытуацыя з захаваньнем гэтага віду можа па часе пагоршыцца. Беларускія навукоўцы глядзяць больш аптымістычна.

У 50-я гады мінулага стагодзьдзя гэтыя галоўныя насельнікі Белавескай пушчы апынуліся на мяжы зьнішчэньня. На ўсю Польшчу і Беларусь захаваліся толькі дзьве самкі й самец, якіх было вырашана вывесьці з загону на волю. Менавіта дзякуючы гэтым тром жывёлам цяперашні статак зуброў у абедзьвюх краінах удалося аднавіць.

У Польшчы цяпер налічваецца каля 500 зуброў, у Беларусі — каля 600. Паводле нямецкіх і беларускіх навукоўцаў, генэтычна гэта слабы від. Як лічыць мікрабіёляг з Бэрлінскага інстытуту заалягічных дасьледаваньняў Штэфані Шпэк, тыя бактэрыі, якія натуральным чынам трапляюць у арганізм зуброў (з глебы, вады), наўрад ці мелі б такое нэгатыўнае ўзьдзеяньне, калі бы ў асобінаў быў мацнейшы імунітэт.

У той час, як на старонках польскіх ды беларускіх выданьняў зьяўляюцца паведамленьні пра верагоднасьць СНІДу сярод белавескіх зуброў, нямецкія навукоўцы схіляюцца да таго, што ўзбуджальнікам небясьпечнага захворваньня сярод зуброў — яно праяўляецца ў моцным запаленьні пэніса, калі жывёліны ня толькі ня могуць размнажацца, але і хадзіць — ёсьць усё ж ня вірусы, а бактэрыі, дакладней, іхная агрэсіўная сумесь. Прыкладна 22% сярод іх складаюць сьпірахеты — гэта ўзбуджальнікі сыфілісу.

Чым жа, на думку беларускіх адмыслоўцаў, хварэюць беларускія зубры — СНІДам ці сыфілісам? — такое пытаньне я задаю вядучаму навуковаму супрацоўніку Беларускага інстытуту вэтэрынарыі Пятру Красачку.

(Красачка: ) “СНІДу ў іх няма. Які гэта СНІД? Проста ёсьць пэўныя імунныя пашкоджаньні. Яны зьвязаныя з колішнім гэтак званым інцэстам. Гадоў пяць таму назіралася гэтак званая полавая дэпрэсія пры скрыжоўваньні. Былі выпадкі, калі даходзіла да нэкрозу полавых органаў. Гэта было бачна з паходкі зуброў. Пакутавалі на падобнае захворваньне нават вельмі маладыя самцы — год, паўтара. Увогуле зубр жыве ў сярэднім 20 гадоў і размнажаецца дзесьці да 14 гадоў.

Што да дасьледаваньня беларускіх зуброў на мікрафлёру, то тут сапраўды былі знойдзеныя і хлямідыі, і мікаплязмы, і сьпірахеты. Справа ў тым, што зубры кантактуюць з каровамі, а гэтыя жывёлы маюць падобныя праблемы — і пры кантакце могуць заразіць. Аднак гэта ня значыць, што зубры могуць ад гэтага захварэць. Часам бактэрыі могуць жыць у арганізьме без усялякіх наступстваў усё жыцьцё”.

(Карэспандэнтка: ) “Такім чынам, беларускіх зуброў з гэтым органам, пра які піша “Der Spiegel”, усё больш-менш добра?”

(Красачка: ) “Ведаеце, была прынятая правільная стратэгія расьсяленьня сяброў. Мы расьсялілі іх ва ўсёй Беларусі — у Прыпяцкім запаведніку, Палескім, Налібоках. Зубры атрымліваюць добрае сілкаваньне. Ведаеце, займаюцца сэксам, добра размнажаюцца, і так, як раней, не хварэюць”.