ЯГОР РЫБАКОЎ ПАТРАБУЕ З “НАРОДНАЙ ВОЛІ” 100 ТЫСЯЧ ДАЛЯРАЎ

Ганна Соусь, Менск

Старшыня Белтэлерадыёкампаніі Ягор Рыбакоў зьвярнуўся ў суд з нагоды публікацыі, якая выйшла ў “Народнай волі” ў кастрычніку 2001 году. Яна назывался “Элеанора Язерская: пяць пудоў любві я гарантую”. Распавядае аўтарка публікацыі карэспандэнтка газэты Марына Коктыш:

(Коктыш: ) “Гэта была звычайная сьвецкая заметка пра тое, што Элеанора Язерская вырашыла пісаць кнігу пра каханьне. У кантэксьце размовы яна ўзгадвае свой “Музычны салён” і кажа: “Мая перадача не выходзіць з-за трох чалавек, якія ўмудрыліся ператварыць Беларускае тэлебачаньне ў руіны. Іх прозьвішчы, на мой погляд, ужо ведае ўся краіна — Рыбакоў, Хрусталёў і Дамарацкі, які да іх далучыўся. На сумленьні гэтых людзей сёньня, кажуць, ня толькі сьмерць юнай і таленавітай Юліі Касмачовай, але і экс-старшыні тэлерадыёкампаніі, найсумленнага і годнага чалавека Валерыя Скварцова”. Тут ёсьць, па-першае, яе спасылка — “кажуць”. Яна таксама не сьцьвярджае…”

Спачатку Ягор Рыбакоў патрабаваў, каб рэдакцыя надрукавала абвяржэньне гэтай публікацыі, а Марына Коктыш і Элеанора Язерская прынесьлі яму прабачэньні. Аднак у часе судовага паседжаньня прадстаўнік Ягора Рыбакова, юрысконсульт Белдзяржтэлерадыёкампаніі Андрэй Іваноў запатрабаваў кампэнсацыю з “Народнай волі” на 200 мільёнаў рублёў (а гэта каля 100 тысяч даляраў)”, і па 20 мільёнаў рублёў (гэта каля 10 тысяч даляраў) з Марыны Коктыш і Элеаноры Язерскай.

Галоўны рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч напісаў заяву з просьбай перанесьці разгляд справы на больш позьні час у сувязі з тым, што ён сёньня зьяжджае ў камандзіроўку і яму патрэбны час для больш дэталёвага вывучэньня справы. Марына Коктыш і Элеанора Язерская таксама напісалі заявы з просьбай аб адтэрміноўцы ў сувязі з тым, што ім патрэбныя адвакаты. Аднак судзьдзя Ленінскага суду Сяргей Хрыпач адмовіў ім у гэтым і разглядаў справу без прадстаўнікоў “Народнай волі”.

Гаворыць Элеанора Язерская:

(Язерская: ) “Гэта як гром зь неба. Пазаўчора ў сераду я даведалася пра ўсё гэта. І як я магла падрыхтавацца? Наогул упершыню ў жыцьці прыйшла ў суд. Канечне, трэба ўзяць добрых адвакатаў”.

Я запыталася ў старшыні Бедзяржтэлерадыёкампаніі Ягора Рыбакова: чаму ён толькі праз два гады вырашыў зьвярнуцца ў суд?

(Рыбакоў: ) “У публікацыі былі відавочна абразьлівыя, паклёпніцкія матэрыялы. Што я забіў двух чалавек — я адразу гэта палічыў абразай. Другая частка — што я ператварыў тэлерадыёкампанію ў руіны... Я вырашыў пачакаць, можа, сапраўды мая дзейнасьць скіраваная на тое, каб разбурыць кампанію. Два гады паказалі, што гэта ня так. Кампанія квітнее, рухаецца наперад”.

Ягор Рыбакоў паведаміў для Радыё Свабода, што ён не пагодзіцца на памяншэньне памеру кампэнсацыі. Да таго ж, нядаўна створанае юрыдычнае ўпраўленьне Белдзяржтэлерадыёкампаніі цяпер рыхтуе аналягічныя пазовы да іншых сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку да “Белорусской деловой газеты”, “Белорусской газеты”, некалькі новых пазоваў да “Народнай волі”.

На пачатку судовых слуханьняў прысутнічала каардынатарка эўрапейскіх праграмаў арганізацыі “Артыкул 19” Фэдэрыка Прына.

(Прына: ) “Я думаю, што асноўная праблема ў гэтым разьбіральніцтве палягае ў тым, што пазоўнікі патрабуюць непрапарцыйна высокую кампэнсацыю. Паводле міжнародных стандартаў свабоды выказваньня, павінен захоўвацца прынцып прапарцыйнасьці — штрафы павінны быць прапарцыйныя стратам.

У дадзеным выпадку штрафы настолькі вялікія, што яны могуць нэгатыўна адбіцца на дзейнасьці “Народнай волі” і выклікаць страх — як у “Народнай волі”, так і ў другіх незалежных мэдыяў. Да таго ж, гэта можа прывесьці да банкруцтва газэты і да яе закрыцьця. “Артыкул 19” асабліва непакоіць той факт, што справы аб дэфамацыі вельмі часта ўзьнікаюць у Беларусі. Апроч гэтага, яны вельмі часта выкарыстоўваюцца для ціску на газэты”, — заявіла для Радыё Свабода Фэдэрыка Прына, каардынатарка эўрапейскіх праграмаў арганізацыі “Артыкул 19”.