ВІЦЕБСКАЯ ПРАКУРАТУРА БУДЗЕ ЗАЙМАЦЦА ПРАЦАЎЛАДКАВАНЬНЕМ МОЛАДЗІ

Браніслава Станкевіч, Віцебск

Колькасьць злачынстваў, здзейсьненых падлеткамі, павялічылася ў параўнаньні зь мінулым годам на 20%. Засьведчаныя некалькі тысяч фактаў правапарушэньняў з удзелам моладзі. Тым часам у Віцебску зарэгістраваныя каля 700 падлеткаў, якія нідзе не працуюць і не вучацца.

Гэтыя факты сталіся падставай дзеля пракурорскай праверкі дзейнасьці гарадзкога Цэнтру занятасьці, якая паказала, што толькі траціна беспрацоўнай моладзі можа рэальна разьлічваць на працаўладкаваньне. Аднак і гэтыя нешматлікія вакантныя месцы нярэдка разьмяркоўваюцца з парушэньнямі, і дастаюцца не падлеткам, а іншым катэгорыям насельніцтва.

Калегія пракуратуры запатрабавала прыцягнуць парушальнікаў да адказнасьці ды зьбіраецца надалей кантраляваць працу чыноўнікаў службы занятасьці.