КАБ ПАТРАПІЦЬ У ПОЛЬСКІ КАНСУЛЯТ У БЕРАСЬЦІ, ЛЮДЗІ ЗАЙМАЮЦЬ ЧАРГУ ЎНАЧЫ

Алег Супрунюк, Берасьце

Генэральнае консульства Польшчы ў Берасьці пачало выдаваць візы новага ўзору яшчэ 3 верасьня. Але колькасьць зваротаў грамадзянаў Беларусі істотна павялічылася менавіта ў апошнія дні. Нягледзячы на тое, што кожны дзень польскія візы атрымліваюць прыкладна 200 чалавек, каля консульства ўзьнікаюць чэргі. Гаворыць адзін з сёньняшніх наведвальнікаў польскага кансуляту Ігар Карабейнікаў:

(Карабейнікаў: ) “Самая галоўная нязручнасьць – трэба ўначы займаць чаргу, каб атрымаць талён і потым чакаць, калі ў а дзявятай гадзіне адчыніцца консульства. Працуюць марудна: вось ужо тры гадзіны, як яны адчыніліся, у мяне 90-я чарга, а зараз прайшла толькі 50-я”.

Толькі атрымаўшы адмысловы талён і візавую анкету, наведвальнікі консульства даведаюцца, калі ім трэба прыносіць дакумэнты для атрыманьня візы. Звычайна гэта адбываецца праз 3-4 дні.

Консул Аліна Чарняўска паведаміла Радыё Свабода, што цяперашнія нязручнасьці маюць тэхнічны характар і зьвязаныя перадусім з прадбачлівасьцю беларускіх грамадзянаў.

(Чарняўска: ) “Я лічу, што гэта ёсьць вынікам таго, што людзі ня былі ўпэўненыя, як будзе адбывацца працэдура атрыманьня польскіх візаў. Таму тыя, хто зьвяртаецца да нас цяпер, хацелі бы атрымаць візу як мага хутчэй. Гэта ёсьць прычынай чэргаў. Спадзяюся, што мы задаволім попыт на візы, і ўсё будзе адбывацца нармальна. Тады пачнуць прыходзіць людзі, якім віза сапраўды патрэбная непасрэдна зараз, а ня праз два альбо тры тыдні.”

Напрыканцы кастрычніка ў Берасьці мусіць быць уведзены новы будынак польскага консульства, што амаль утрая павялічыць магчымасьці для прыёму наведвальнікаў. Паводле меркаваньняў супрацоўнікаў консульства, гэта дазволіць пазьбегнуць чэргаў і разьвязаць іншыя праблемы, што ўзьнікаюць падчас атрыманьня візаў.

У польскім консульстве таксама адзначылі, што каб атрымаць польскую візу ўнёсак трэба рабіць у амэрыканскіх далярах, а не эўра, як сьцвярджалася раней. Аднаразовая віза каштуе 11 даляраў, шматразовая – 54 даляры. У выпадку, калі польская дыпляматычная ўстанова адмаўляе ў атрыманьні візы, гэтыя грошы не вяртаюцца.